Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Міхась Тычына, Аксана Данільчык, Артур Клінаў


Аўтары: Вячаслаў Ракіцкі і Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 27 студзеня).

АЎТАР І ТВОР

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК: “ЖЫЦЬЦЁ І ПАЭЗІЯ СУДАКРАНАЮЦЦА, АЛЕ НЕ СУПАДАЮЦЬ”

Аксана Данільчык перакладае зь італьянскай на белару

скую і зь беларускай на італьянскую: гэткі прыклад “падвойнага” перакладчыка ў Беларусі сустракаецца вельмі рэдка. Яна захапляецца італьянскай культурай, штогод бывае на Апэнінскай паўвысьпе і нават сваю нядаўна выдадзеную “Беларускім кнігазборам” паэтычную кнігу назвала па-італьянску — “Il mezzogorno”. З аўтаркай кнігі сустрэўся Міхась Скобла.

Скобла: “Аксана, вашая новая кніга мае прыгожую, але незразумелую назву “Il mezzogorno”. Што яна азначае?”

Данільчык: “Азначае — поўдзень. Мне падабаецца, што ў італьянскай мове, як і ў беларускай, гэтае слова шматзначнае: абазначае кірунак сьвету і час сутак”.

Скобла: “Кожны разьдзел вашай кнігі мае эпіграф з эўрапейскіх клясыкаў: з Гофмана, з Лоркі, з Сартра, з Чэзарэ Павэзэ. Прычым, на мове арыгіналу, і вы не даяце перакладу. Вы пішаце для чытача-паліглёта, які ведае шмат моваў?”

Данільчык: “Тут я ішла сьледам за Максімам Багдановічам, у сваёй кнізе “Вянок” ён таксама не перакладаў эпіграфы. Самі эпіграфы ўзьнікалі натуральна, яшчэ са студэнцкіх гадоў я вяла дзёньнікавыя запісы, выпісвала ўпадабаныя цытаты. Гофман, прынамсі, адтуль. Я спадзяюся на інтэлектуальнага чытача, які валодае замежнымі мовамі”.

Скобла: “Калі спытаць у мінакоў на вуліцы, каго зь італьянскіх пісьменьнікаў яны ведаюць, у адказ, хутчэй за ўсё, прагучыць імя Дантэ… А каго зь беларускіх літаратараў ведаюць італьянцы?”

Данільчык: “Ведаюць Васіля Быкава, але мала, і хацелася б, каб ведалі болей. Магчыма, у найбліжэйшы час я што-небудзь перакладу з Быкава і прапаную італьянскім чытачам. Але я не пагаджуся, што беларускі чытач ведае аднаго Дантэ. З таго часу, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, у нас надаецца непараўнальна большая ўвага вывучэньню замежных моваў і літаратураў. Сёньня ў Беларусі ёсьць магчымасьць вучыцца па спэцыяльнасьці “італьянская мова і літаратура” — у БДУ і Лінгвістычным унівэрсытэце. І праграма па літаратуры там прадстаўлена даволі шырокая”.

Скобла: “Хто зь італьнцаў, дзякуючы вам, ужо прагучаў па-беларуску?”

Данільчык: “Кальвіна, Дзіна Буцаці, Джакома Леапардзі. Нядаўна ў часопісе “Наша вера” быў надрукаваны мой пераклад паэмы Уга Фоскала “Пахаваньні”. Яна напісаная ў 18 стагодзьдзі, але актуальная і для нас. “Да спраў шляхетных моцных духам запальваюць магілы моцных”. Калі чытаеш гэтую паэму, разумееш: павага да памяці продкаў гучыць там, як у “Дзядах” Адама Міцкевіча, як у творах Янкі Купалы. Назіраецца пэўнае “сугучча” народаў і культураў, “сугучча памяці”, якая дапамагае перажыць цяжкія часы і захаваць нацыю”.

Скобла: “Першая і адзіная анталёгія італьянскай паэзіі па-беларуску выйшла больш за трыццаць гадоў таму. Называлася яна “Ад вежаў Фэрары” і складалася пераважна з паэтаў-чальцоў італьянскай камуністычнай партыі. А вам не прыходзіла ў галаву ідэя скласьці новую анталёгію?”

Данільчык: “Ня ведаю, ці змагла б я гэта зрабіць… Ня ведаю… Патэнцыйна магу, вядома, але патрабуецца шмат часу. Цяпер наконт вашага закіду пра сяброў камуністычнай партыі Італіі... У яе шэрагах былі вельмі значныя творцы: паэт і кінарэжысэр П’ер Паола Пазаліні, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры паэт Сальваторэ Квазімада (ён прадстаўлены ў згаданай вамі анталёгіі)”. Так што некаторыя італьянскія камуністы былі выдатнымі паэтамі.

Скобла: “Вы штогод бываеце ў Італіі і нядаўна вярнуліся з Палерма. Што вас вабіць на Апэнінскую паўвыспу — міжземнаморскі клімат, прыгожая архітэктура ці нешта іншае?”

Данільчык: “Наведваньні Італіі мне дапамагаюць кожны раз адкрываць новыя старонкі ў літаратуры і культуры гэтай краіны. І потым, я проста люблю Італію, люблю слухаць італьянскую мову. Услухайцеся, як прыгожа гучыць: “A egregie cose il forte animo accendono l’urne de’forti...”

Скобла: “Прашу прабачэньня за інтымнае пытаньне. Рэдактар часопісу “Калосьсе” Алесь Аркуш нядаўна выступіў зь нечаканай прапановай. Каб зрабіць рэкляму сваім таленавітым аўтаркам, ён прапанаваў ім сфатаграфавацца аголенымі, і здымкі зьмясьціць на вокладцы “Калосься”. І ўжо ёсьць ахвотніцы. Вы прыгожая. Калі б вам прапанавалі ўпрыгожыць часопіс у стылі ню, вы б згадзіліся?”

Данільчык: “Калі б я прафэсійна займалася мадэльным бізнэсам, то і не задумвалася б. Але я пішу вершы, і мне хочацца, каб іх чыталі незалежна ад маёй зьнешнасьці. Я ня ведаю… Магчыма, для мужчынскай паловы чытачоў гэта й мела б нейкае значэньне. Але для мяне зьнешнасьць паэта і якасьць яго твораў — ніякім чынам не ўзаемазьвязаныя і не ўзаемазалежныя. Жыцьцё існуе ў адной прасторы, а паэзія — у другой. Яны судакранаюцца, але не супадаюць”.

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * * Аднойчы — сьнег. На сьнег зьлятае попел і растае. Пасьля вада зьбірае пясок і шкельцы дробныя былых бутэлек, яшчэ кавалачкі смалы з асфальту, і круціць іх, і ўрэшце рэшт сплываюць яны ў рышток, што пад зямлёю ўецца. Пасьля ваду ачысьцяць і пальецца руды спачатку, а пасьля даволі чысты струмень на валасы твае і цела. І частку кропель прагнае паветра сабе збірае, і, падхопленыя ветрам, яны ўздымаюцца ў расхрыстанае неба. І будзе дождж, і нейкія бярозы, далёкія ад гарадоў і пылу, узрадавана замахаюць гольлем і скінуць тыя кроплі разам зь лісьцем. Вада вяртаецца на тое ж месца, адкуль упасьці вельмі зручна снегу.

І вось аднойчы — сьнег...

* * * Зноў на лесьвіцы п’яны нябога. Тэлевізар рагоча заўзята. Надвор’е не абяцае нічога, Акрамя навагодніх сьвятаў. Ці да лепшага штось перавернецца — Абсалютна пакуль невядома, Бо сьмярдзіць, як звычайна, сьметніца Каля сто дваццаць пятага дома.

БІЯГРАФІЯ

Каменьчык з краямі шурпатымі пасьля таго, як вытрымлівае свавольства акіянскіх плыняў — ня толькі цёплага Гальфстрыму, але і плынь Заходніх Вятроў — становіцца пяшчотна гладкім і больш ня драпае далоні. Так набываецца іншая якасьць, — першая з тых, што кідаюцца ў вочы. І мая біяграфія настолькі гладкая, што ў ёй не засталося месца для крыку.

КАМУНІСТЫ Ў ЖАЛОБЕ, або ЯШЧЭ РАЗ ПРА ЧЫРВОНАЕ І ЧОРНАЕ

В. Ю. Дэконскай прысьвячаецца

Нам вецер нічога ня зробіць, Завея нам будзе сястрой, — Ідуць камуністы ў жалобе На свой вырашальны бой. Яны прыхавалі кінжалы, Прыгладзілі валасы, Іх словы ляцяць, як джалы, І ворагам джаляць насы. Яны не баяцца хваробаў, Іх вочы блішчаць, быццам сталь, Пра іх, камуністаў, жалобу Пісаў у свой час Стэндаль. Пра іх, барацьбой нестамлёных, Я гучную песьню пяю, А шоўкавы шалік чырвоны Пагладжвае шыйку маю, А чорны жакет і спадніца — Не падыходзьце бліжэй — Мне дапамогуць адбіцца Ад розных трацкісцкіх ідэй.

ВАКЗАЛ

Менавіта тут і цяпер па гэтых шкляных сьценах сонечныя промні распаўзаюцца, быццам зграя тэрмітаў, а нудны голас вось-вось абрынецца зьверху, каб абвясьціць: шчасьце адмяняецца, шчасьця ня будзе. І ня будзе блакітных экспрэсаў, якія ідуць на захад, і не будзе больш чорнай кавы перад тым, як вагон кранецца, а буду адна толькі я, — адна між шэрых калёнаў, адна між ружовых прыцемкаў, адна між рэек, шпалаў і пэронаў...

Адна.

А ня дзьве, ня тры, не чатыры. Непадзельная і непадзеленая. Бо я — ня Ганна Карэніна.

* * * Па вершалінах сьпелай канюшыны мурашкі падымаюцца на неба — адтуль відаць, як сонца распыляе сваё цяпло па жоўтых сьпінках пчолаў. Мядовы вецер ведае дарогу за той пагорак, дзе жыве бясконцасьць; струменем тонкім сыпле зерне жнівень на сьцежку каля прадзедавай хаты, а ты, маё пяшчотнае стварэньне, нясеш далей душу далёкіх продкаў.

АРТУР КЛІНАЎ: “ПАРТЫЗАН” БУДЗЕ ВЫХОДЗІЦЬ БОЛЬШ РЭГУЛЯРНА

Пасьля доўгага перапынку нарэшце выйшла ў сьвет новая, чацьвёртая, кніжка альманаху сучаснага беларускага мастацтва “Партызан” (на вокладцы пішацца так: “p ART isan”). Цэнтральная тэма выданьня — “Аўтар у пошуках Плошчы”. З выдаўцом і галоўным рэдактарам Артурам Клінавым гутарыць Вячаслаў Ракіцкі.

Вячаслаў Ракіцкі: “Кожны нумар альманаху “Партызан” мае сваю канцэпцыю. Гэтым разам тэма нумару — “Аўтар у пошуку Плошчы”. Кастрычніцкая плошча Менску ў сакавіку летась удзельнікамі палітычнай акцыі была названая плошчай Каліноўскага. Тыя падзеі, безумоўна, вельмі важныя з палітычнага гледзішча. І раптам яны становяцца аб’ектам увагі культуролягаў, мастацтвазнаўцаў, філёзафаў у альманаху сучаснай беларускай культуры. Чаму?”

Артур Клінаў: “Нам хацелася разгледзець Плошчу з эстэтычнага гледзішча, як культурніцкі фэномэн. Як пра палітычны фэномэн пра яе ўжо было шмат сказана. Але, нам падаецца, што пра Плошчу як культурную зьяву трэба казаць асобна. Што яна дала беларускай культуры? Што беларуская культура дала Плошчы? Натуральна, мы хацелі разгледзець Плошчу некалькі шырэй — што такое Плошча для Аўтара і што такое Аўтар для Плошчы, маючы на ўвазе і мінулае Плошчы і магчымыя будучыя падзеі на ёй. Проста паглядзець на гэтыя падзеі з усіх бакоў і шырэй”.

Ракіцкі: “Ці можна казаць, што сакавіцкія падзеі на Плошчы ў Менску аказалі ўплыў на разьвіцьцё беларускага мастацтва?”

Клінаў: “Безумоўна, так. Можа, зараз яшчэ ня вельмі відавочна. Але маю прадчуваньне, што ня проста аказала ўплыў, але будзе і надалей яго аказваць. Той сакавіцкі тыдзень мы называем тыднем патрыятызму. Любы ўзьлёт патрыятызму заўсёды адбіваецца на культуры, на мастацтве, хай сабе і не адразу, а ў пэрспэктыве”.

Ракіцкі: “Тэма нумару — Аўтар у пошуку Плошчы. Я бачыў на Плошчы ў тыя дні шмат людзей навукі, мастацтва, культуры. І мне падалося, што яны былі ўдзельнікамі гэтай патрыятычнай, як вы кажаце, акцыі, а не аўтарамі”.

Клінаў: “Я думаю, што яны былі адначасна і аўтарамі, і ўдзельнікамі. І ўвогуле я б разглядаў сучасную беларускую культуру як калектыўнага аўтара. Хачу выказаць можа некалькі спрэчную тэзу, што на самой справе рэальнымі аўтарамі Плошчы былі не палітыкі ці мэдыі, хаця яны таксама аўтары, але найперш людзі, якіх паклікала на Плошчу новая беларуская культура. І гэта былі не палітыкі, а людзі культуры. Менавіта культура, якая найперш апэлюе да базавых вартасьцяў — пачуцьця ўласнага гонару, пачуцьця патрыятызму — паклікала людзей на пратэст”.

Ракіцкі: “А ці нарадзіўся Аўтар на Плошчы?”

Клінаў: “Я думаю, што так. Зноў жа пакуль мы можам і ня ўбачыць яго. Але тое, што ён нарадзіўся і праявіць сябе ў пэўны бліжэйшы час, у гэтым я абсалютна перакананы”.

Ракіцкі: “Апошнім часам у Беларусі становяцца папулярнымі новыя віды так званага публічнага мастацтва, кшталту флэш-мобаў. Ці яны ўжо дзейсныя ў Беларусі? І ўвогуле, як вы лічыце, ці магчыма барацьба за ўладу, дэмакратыю, нацыянальную дзяржаву праз культуру?”

Клінаў: “Я думаю, што культура насамрэч адзін з найважнейшых чыньнікаў мэханізмаў сацыяльных пераўтварэньняў. Тым болей ва ўмовах сучаснай Беларусі, дзе фактычна іншыя чыньнікі ці выцесьненыя на сацыяльную ўзбочыну, маю на ўвазе партыі, грамадзкія аб’яднаньні, незалежныя мэдыі, роля культуры істотна ўзрастае ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Культура ў такіх умовах робіцца адным з вызначальных мэханізмаў сацыяльных зьменаў”.

Ракіцкі: “Я нагадаю нашым слухачам, што праект “Партызан” існуе ўжо некалькі гадоў. Гэта — праект альтэрнатыўнага мастацтва ў Беларусі. Дык ці пашыраецца кола аўтараў? У якім накірунку разьвіваецца праект?”

Клінаў: “У адрозьненьне ад папярэдніх нумароў альманаху мы зрабілі значнае пашырэньне тэматычнага поля. Раней нас цікавілі дзьве тэмы — культуралёгія і сучаснае выяўленчае мастацтва. Пачынаючы з гэтага нумару, мы спрабуем стаць мэдыя-трыбунай усёй сучаснай незалежнай беларускай культуры. І таму далучылі такія галіны мастацтва як тэатар, незалежны кінематограф, літаратура, музыка. Ясна, што гэта адпаведна пашырае і кола аўтараў. І яшчэ. Ад гэтага нумару мы пачынаем супрацоўніцтва з польскімі калегамі. Мы будзем знаёміць з тым, што адбываецца актуальнага ў суседняй братняй Польшчы. Я спадзяюся, што гэта пашырыць і кола чытачоў”.

Ракіцкі: “Якіх яшчэ цікавых праектаў можна чакаць ад беларускіх культурніцкіх “партызанаў” у найбліжэйшы час?”

Клінаў: “Мы плянуем ад сёлетняга году наладзіць больш рэгулярны выхад альманаху. Натуральна, што партызан можа зьявіцца калі захоча і дзе захоча. Але тым ня меней рэгулярнасьці нам бракавала. Мінулы нумар выйшаў у сьвет недзе два з паловай гады таму. Мы будзем старацца, каб як найменей дзьве кніжкі альманаху штогод зьяўляліся. Я нават магу агучыць тэмы двух плянавых на сёлета нумароў — “ Вёска” і “Вайна”.

КРЫТЫКА

Часопіс “Дзеяслоў” працягвае знаёміць сваіх чытачоў зь літаратурнай спадчынай Васіля Быкава. У 24-м нумары часопіса надрукаваная аповесьць “Бліндаж”, знойдзеная ў архіве пісьменьніка. На жаль, аўтар не завершыў свой твор, і чытачу самому прапануецца рэканструяваць ейны фінал. Пра аповесьць Васіля Быкава “Бліндаж” гаворыць крытык Міхась Тычына.

“БЛІНДАЖ” ВАСІЛЯ БЫКАВА

Упэўнены, што чытач, атрымаўшы нумар часопіса “Дзеяслоў”, адкрые яго найперш на старонцы, дзе публікуюцца новыя тэксты Васіля Быкава. Такая да гэтага часу магія яго імя, такая наша прага пачуць голас чалавека, які не дае ўпасьці нам у паняверку і захаваць сваю годнасьць.

У сытуацыі “Быкаў пасьля Быкава” нас цікавіць усё, што напісана нашым нацыянальным прарокам: завершанае і незавершанае, даведзенае да ладу ці, на думку самога пісьменьніка, не зусім даведзенае, ажно да безьдзеяслоўных сказаў, напісаных тэлеграфным стылем, дзе больш пытаньняў, чым адказаў. Найбольшае наша гора, калі натыкаемся на квадратныя дужкі з пазнакай “нрзб” — неразборліва: а можа, менавіта тут хаваецца слова, якога мы чакаем ад Быкава?

На шчасьце, сучасны прынцып “запаволенага чытаньня” дазваляе нам чытаць тэкст (у тым ліку і аповесьць “Бліндаж”) у любым парадку, з канца, зь сярэдзіны, здымаючы пласт за пластам розныя ўзроўні паглыбленьня быкаўскай думкі ў сутнасьць перажытага. З завершаным альбо больш ці менш завершаным тэкстам, а ён займае каля сарака часопісных старонак, абсалютную большасьць аб’ёму аповесьці, праблемаў няма. Мы выразна ўяўляем “поле пасьля бітвы”, можам амаль усё сказаць пра кожнага з герояў: дар прадметна-рэчыўнага, добра вядомага чытачу, мысьленьня Быкава, лёгка пераконвае нас: усё, што адбываецца, занадта сур’ёзнае, каб сумнявацца ў пісьменьніцкай задуме.

А Быкаў задумаў зьвесьці пад страхой бліндажа “ў тры накаты” сваіх, такіх розных характарамі і сьветапоглядамі, герояў: асьлеплага пасьля раненьня капітана Хлебнікава, немца-дызертыра Хольца, бальшавіка сталінскага гарту Дземідовіча, няшчаснага вар’ята-яўрэя Нохема, антысэміта Качана, братоў-паліцаяў Піліпёнкаў, якія іграюць у сюжэце сваю адмысловую ролю, са свайго індывідуальнага, сацыяльнага і нацыянальнага, пункту погляду глядзяць на сьвет. Так рабілі, кожны ў свой час і дзеля сваіх мэтаў, Рэмарк і Гарэцкі, Сартр і Чорны, Камю і сам Быкаў — у ранейшых творах “Трэцяя ракета”, “Адна ноч”, “Падоранае жыцьцё”. Усё ў сьвеце паўтараецца, як зазвычай у Быкава, у горшым варыяньце, калі робіцца непамысна: “Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць сябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданнью”.

“Увесь сьвет, — удакладняе Быкаў, — для іх (герояў. — М.Т.), мабыць, сыходзіўся на вясковай цётцы”, якую аўтар ласкава называе Серафімкаю. На яе ўся надзея, яна корміць і поіць з лыжкі сьляпога капітана (як некалі чорнаўская Волечка Нявада немца Густава Шрэдэра ў “Пошуках будучыні”), яна цярпліва выслухоўвае кожнага і спрабуе неяк парадзіць (як у свой час зноў жа чорнаўская дзяўчынка-падлетак Гануся ў “Млечным Шляху”). Гэта яна, Серафімка, “радавалася: во дзе мір! Жывуць у міры, як добра”. Аднак жа і палохалася, і сумнявалася: “Але не”. Радуемся, палохаемся і сумняваемся і мы разам з гэтай, як кажа капітан Хлебнікаў, “дзіўнай” і “харошай” жанчынай, якая адрозьніваецца ад астатніх тым, што “разумее простыя рэчы”. Што чалавеку ў бядзе трэба памагаць, хворага — лячыць, мёртвых — хаваць, чужых — разумець, сваіх — не забываць.

Гэта, паўтараюся, у самым істотным завершаны тэкст аповесьці “Бліндаж”. А вось незавершаны тэкст мае тую перавагу, што абуджае чытацкае ўяўленьне, робіць нас суаўтарамі і адкрывае магчымасьць дадумваць за пісьменьніка.

У фінале аповесьці “Бліндаж”, напісаным ад рукі, калі сам аўтар спыняецца перад пытаньнямі без адказаў, якія да ўсяго множацца і множацца, такіх магчымасьцяў асабліва багата. Пісьменьнік нарэшце сабраў сваіх герояў-антыподаў разам, у бліндажы, каб сутыкнуць іх у яраснай спрэчцы аб тым, што ёсьць ісьціна, і шлях, і мэта. Што скажа той ці іншы бок, шукальнікі ісьціны і адказчыкі, даношчыкі і іх ахвяры, вінаватыя больш і амаль невіноўныя, ён ужо лёгка ўяўляе. Уяўляе і магчымы фінал, калі верх возьме той, хто першы схопіцца за зброю. Але такі фінал закрывае шлях выратаваньня людзей, якія ў дадзеным выпадку прэзэнтуюць усё сучаснае чалавецтва. Васіль Быкаў, як вядома, любіць адкрытыя фіналы. Ягоны выбар зьдзіўляе нечаканасьцю.

У накідах далейшага аўтар пазначае выхад: “Ратуе Серафімка, як? Можа, як у Анджэя Вайды?” А як у Вайды? Гэта ўжо пытаньне чытача. Адказам можа быць вайдаўскае — знакамітае: “Дзядэк хцэ стшэляць? Яшчэ не страляўся?..” Аднак Серафімку зьвялі ў лес браты-марадзёры, згвалцілі, не забілі, “але яна болей не прыйшла ў бліндаж”. У бліндажы тым часам сварацца, высьвятляюць адносіны. Пра Серафімку кожны мяркуе на свой лад. Хлебнікаў, які страціў зрок і набыў “яснасьць бачаньня”, калі называць рэчы словамі Альбэра Камю, захапляецца жанчынай і шкадуе. Немец Хольц — уражаны яе бескарысьлівасьцю. Ідэйны даношчык Дземідовіч — зьдзіўлены тым, што ніхто зь ягоных былых партыйцаў не дапамог яму ў цяжкую хвіліну, а давялося спадзявацца на ласку жанчыны, на якую ён раней, калі і зважаў, дык толькі як на сястру “ворага народу”. Дземідовіч, застудзіўшыся ў балоце, памірае. Немец сыходзіць, хутка адчуўшы сваю вышэйшасьць. Хлебнікаў страляе ў Качана і “застаецца адзін”. У яго пісталеце застаецца 5 патронаў, ён “ня можа заставацца ў бліндажы, выходзіць на поле бою з пісталетам, страляе і крычыць “ура!”. Усё яшчэ, нягледзячы на сваё вымушанае празарэнне, не настраляўся. Фінал не абнадзейвае.

Апошняе пытаньне, якое застаецца без адказу: чаму Васіль Быкаў “пачаў і кінуў новую аповесьць — незадаволены” (ягоныя словы)? Несумненна, прычынаю неспрыяльныя акалічнасьці — ішоў 1987 год, калі, “выжыўшы Адамовіча, узяліся за Каваленку, Алексіевіч, ціха абкладваюць Быкава — каб лепш было ўзяць”, калі “ў гэтай гісторыі паказалі сваю падвойную душу некаторыя нашы агульныя знаёмыя...”.

На маю думку, аповесьць незавершаная яшчэ і з чыста творчых прычынаў. Мяркуючы па апошніх запісах і накідах, пісьменьнік убачыў, што ягоная аповесьць з усімі яе быкаўскімі прыкметамі (ляканізмам, вастрынёй калізіі, закручанасьцю сюжэту, выхадамі ў сучаснасьць) перарастае ў раман, які выводзіць ягоную думку на глыбіню і патрабуе выказацца дарэшты. Між тым час, які набіраў імклівасьць і зьменлівасьць, вымагаў ад яго адэкватнай мастакоўскай рэакцыі. Сьвет чакаў Слова Васіля Ўладзімеравіча Быкава.
XS
SM
MD
LG