Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Тамаш Ваўжэцкі 7.3.1753, маёнтак Мейшты (цяпер Браслаўскі раён) — 5.8.1816, Варшава. Пахаваны ў м. Відзы, Браслаўскі раён.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ня ведаю, ці падлічаная колькасьць выступаў у Вярхоўным Савеце Беларусі Зянона Пазьняка, але дакладна вядома, што за два стагодзьдзі да яго пасол ад шляхты Браслаўскага павету Тамаш Ваўжэцкі браў слова на гэтак званым Чатырохгадовым сойме Рэчы Паспалітай 1788—1792 гадоў роўна 169 разоў. Параўнаньне не выглядае некарэктным, бо і тады, у ХVІІІ стагодзьдзі, і на пачатку 1990-х вырашаліся лёсы Бацькаўшчыны.

Палымяныя прамовы Ваўжэцкага, прадстаўніка соймавай дэмакратычнай плыні, прысьвячаліся рэформам, што павінны былі пазбавіць дзяржаву ганебнай залежнасьці ад Расеі. Дэпутатаў, каго прыемна, а каго — наадварот, уразіла тое, што, ставячы на абмеркаваньне прапанову палепшыць становішча сялянаў, браслаўскі пасол у сваім маёнтку ўжо скасаваў паншчыну і даў былым прыгонным волю. Ён жа стаў адным з аўтараў ухваленай соймам рэформы мясцовага кіраваньня.

Бліскучы прамоўца і тонкі знаўца права, Тамаш Ваўжэцкі прычыніўся да прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня 1791 году — другой у сьвеце (пасьля ЗША) і першай у Эўропе.

Канстытуцыя выводзіла дзяржаву нашых продкаў на шлях прагрэсіўнага разьвіцьця. Абвяшчаліся свабода друку і сумленьня, галоснасьць і незалежнасьць суду, рэлігійная талеранцыя і стварэньне ўраду, які павінен служыць не аднаму стану, а ўсяму грамадзтву. Але час быў упушчаны. Далейшы лёс дзяржавы ўжо трымалі ў сваіх руках замежныя манархі. У Расеі канстытуцыяй і ня пахла. Імпэратрыца Кацярына ІІ выказалася ў тым духу, што “конституция обошлась бы стране еще дороже самодержавия”.

У 1792-м 100-тысячная расейская армія перайшла мяжу Рэчы Паспалітай. Вынікам інтэрвэнцыі стаўся новы, другі падзел дзяржавы. Нашы прадзеды адказалі паўстаньнем, якое ўзначаліў ліцьвін Тадэвуш Касьцюшка.

Пасьля перамогі паўстаньня ў Вільні Ваўжэцкі стаў сябрам Найвышэйшай Літоўскай рады — рэвалюцыйнага ўраду Літвы-Беларусі. Атрымаўшы званьне генэрал-лейтэнанта, ён кіраваў паўстанцкімі аддзеламі на Жмудзі і ў Курляндыі, а затым пад ціскам шматкроць большых царскіх войскаў вывеў сваіх людзей у ваколіцы Горадні. Калі Касьцюшка трапіў у палон, Ваўжэцкага выбралі “найвышэйшым начальнікам” — правадыром паўстаньня ўва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Па капітуляцыі Варшавы Тамаш ператварыўся ў вязьня Петрапаўлаўскай фартэцы і аўтара ўспамінаў.

Вызвалены імпэратарам Паўлам І, ён пражыў яшчэ дваццаць гадоў. Памёр у Варшаве, а пахаваны быў на радзіме, у Відзах. У 1990-я гады аднымі зь першых знайшлі сьцежку да ягонага апошняга прыстанку сябры полацкага гістарычнага клюбу “Вытокі”.

Калі вам надарыцца быць у Відзах, пакладзіце кветкі на магілу героя, што бараніў незалежнасьць Айчыны і з парлямэнцкай трыбуны, і з зброяю ў руках.
XS
SM
MD
LG