Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За свабодную Беларусь народ вытрымае ўсё: і голад, і холад”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 29 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: “Зь перадачаў Радыё Свабода даведаўся, што ў цяперашні час і Лябедзька, і Вячорка, і Калякін адгарадзіліся ад Мілінкевіча. Зрабілі яны вельмі слушна, і зрабіць гэта патрэбна было намнога раней. Мілінкевіч паводзіць сябе вельмі непрыстойна. Як у яго паднялася рука атрымаць прэмію Сахарава? Ён толькі адзін месяц ў апазыцыі пакрасаваўся ў газэтах, на тэлевізіі і перад выбарцамі. А і Лябедзька, і Вячорка 15 год знаходзяцца ў апазыцыі. Ня раз сядзелі і на Акрэсьціна, і дубінкай амапаўскай атрымлівалі. Калякін нават павёў людзей на Акрэсьціна, а Мілінкевіч ў гэты час баязьліва хаваўся дома. Дзякуй”.

Слухач: “Я бачу ў Вас не хапае тэмаў. Дык я Вам падкажу. Мы езьдзілі ў Заходнюю Беларусь за прадуктамі, калі іх далучылі да СССР. І другое, бюракратыя. Вось у гэтым Аляксандр Рыгоравіч мае посьпех”.

Спадар: “Так, “Свабода,” зрабіце, калі ласка, перадачу пра нафтаправоды, якія ідуць праз Беларусь, чые яны. Вось ідуць галінкі: з Браншчыны ідзе праз Добруш на Берасьце, з Браншчыны праз Касьцюковічы на Наваполацк, і трэцяя галінка ідзе... Чые гэта трубы, калі іх прадалі і хто, і якая плата за транзыт? Ёсьць ці няма? Да пабачэньня”.

Аляксандр Яцкевіч, Віцебск: “Добры вечар, паважнае Радыё Свабода. Я хачу Вам прачытаць байку, якую я прысьвяціў нашай Гарадзкой стаматалягічнай паліклініцы г. Віцебску на Камунальным. Паслухайце, калі ласка.

Над лесам, бы туман павіс, Калі завёўся лекар Ліс, Хто мэдыцыну разумее І добра ўсіх лячыць умее. Ці да спадобы ці на злосьць, Як кажуць, бачыўшы наскрозь Ня менш, напэўна, у Казулі, Яна сама ўжо адчула. Як пахварэлі кабаны – Ці дажывуць і да вясны. Найшлі хваробу ў лася, Але зьядуць яго пасьля. А ці патрэбен пералік. Калі ў пытаньні ты пралік. Напэўна, лепш шукаць вакцыну Лячыць самую мэдыцыну.

Вялікі дзякуй. Гэтыя нягоднікі, ня ведаю, як іх назваць, павінны несьці адказнасьць хаця б няведама, перад кім. Паспрабую падаць у суд, але думаю, што могуць зрабіць так, як з Плешчанкам. Вялікі дзякуй”.

Спадар: “Мілінкевіч абяцаў залатыя горы. Дзе яго золата? Дзе яго мова? Ня мову даваць. А жыцьцё людзям. Навошта да ўлады рвацца? Гэта нікуды ня годна. Разумееце? Мілінкевіч шмат абяцае разам з Трусавым, а рабіць ён нічога ня хоча. Толькі адным падманам займаецца гэта ўлада, а просты народ нікому зь іх не патрэбен”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Самага найлепшага ў гэту нядзельку Вам, для ўсіх найлепшага. Я ўчора атрымала інфармацыю ад свайго шаноўнага сябра, які працуе на “Свабодзе”. Я вельмі рада, што ён у мяне ёсьць і Вы, шаноўная “Свабода,” таксама. Дзякую Вам за Вашу шчырую працу. І яшчэ хачу сказаць тым, хто хваліць, што надта добра цяпер. Што мы атрымалі са сьлязьмі і горам днямі? Вось што “шкварка і чарка” робіць. Далі мэтрыку майму ўнуку аднаму і другому. Але мне такога не трапляла, як маёй дачцэ трапіла. Аднаму далі мэтрыку, але ні яна, ні я не праверылі, бо я з такімі справамі не сутыкалася і ня ведала, што гэта можа быць дрэнна. Каб я ведала, што такое можа быць, я б паглядзела. У адной мэтрыцы напісана, што ён Віталь, а насамрэч ён Віталій. А другому, яму 10-ы годзік ідзе. Косьцік. Яму напісалі імя па бацьку Васілій, а напісалі Васіль. Ну, я на паехала пашпарты рабіць, бо трэба на экскурсіі дзяцей недзе вадзіць. Польшча запатрабавала дзяцей на экскурсіі. Ну, вось мой унук захацеў, і яна захацела. Пайшла яна ў пашпартны стол, паглядзелі мэтрыкі, сапсаваныя мэтрыкі, ня так напісана імя па-бацьку і імя. І нам прыйшлося яшчэ за гэтыя сапсаваныя мэтрыкі 60 тысяч заплаціць. Вось што яны робяць! А якое ж яны мелі права так зрабіць? Яны павінны былі задарма, ну, у крайнім выпадку 2-3 тысячы. Дык вось што робіць савецкая ўлада ў нас. І хоць бы што! Круцяць чалавека вось так, і “добра” кажуць некаторыя. Ну, дзякую Вам за ўвагу, шаноўная “Свабода”.

Спадарыня: “Шаноўная “Свабода,” я хачу Вам сёньня паведаміць, што я пачула ад разумных людзей, што НТВ расейскае перакрылі, бо там праўду казалі. І перакрылі каналы ў нас, у Беларусі, каб ня слухалі беларускую “Свабоду,” бо на “Свабодзе” людзі даюць праўду, а ім гэта не падабаецца. Я думаю, гэта мусіць праўда, бо калі б радыё было сапсавана. Дык яно б усё было сапсавана, а то іншыя каналы бярэ, а беларускую “Свабоду” не. Але няхай яны ня думаюць, што яны нечага даб’юцца. Мы ўсё роўна ідзем супраць бальшавікоў. Гэта дрэнна – мы ня ведаем, што адказваць…Ну, хоць прывітаньне зробім…А можа, дадуць, яны слухаць…Ня ведаю. Але гэта ня добра яны зрабілі. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Магчыма, Вы ня ведаеце асноўныя грахі. У праваслаўі гэта грэх блуду. Ён праходзіць праз чалавека. Грэх забойства, ён кранае чалавека. Ня ведаю, можа, у каталіцтве выдумалі, што самы цяжкі грэх – гэта гнеў. Гнеў дадзены чалавеку для таго, каб гневацца на грахі свае, а не іншых людзей. Ну, вось так, напэўна”.

Зіноўеў: “Скажыце, а калі б Лукашэнка па канстытуцыі сышоў бы ў 2006, ці змог бы ён зноў абірацца ў 2011?”

“Яшчэ я думаю, што пасьля 5 год бескарыснай інфармацыі, Беларусь бы сказала Лукашэнку: “Менш за ўсё мне патрэбныя твае “камбэкі”.

Спадар: “Паважнае Радыё Свабода, расстраляны Чаўшэску, сканаў у турэмнай камэры Мілошавіч, павешаны Хусэйн, Калі ж паўстане перад судом беларускі дыктатар? Ці гэты народ вырачаны жыць у рабстве? Дзякуй”.

Мечыслаў: “Паважная “Свабода,” у мяне пытаньне ня толькі для Вас, а для юрыстаў, аналітыкаў. Наш галава дзяржавы сказаў, што “7-8 гадоў я ўтойваў ад народу, што кіраўнікі Расеі ня хочуць ніякага Саюзу Беларусі і Расеі”. Значыць, ён гаварыў ад імя той арганізацыі, якая ня дзейнічае. А ці не падпадае ён пад суд, як нашы маладыя хлопцы, якія ні за што сядзелі ў турме? Гэты чалавек марнаваў грошы на неіснуючую дзяржаву. Дзякуй. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Адказваю на пытаньне, якое падвышэньне камунальных плацяжоў вытрымае сямейны бюджэт. Падаражэюць ня толькі камунальныя плацяжы, падаражэе ўсё: малако і ўсе малочныя прадукты, хлеб і ўсе мучныя прадукты, і ўсе мясныя прадукты, падаражэе адзеньне, абутак, павысяцца падаткі на лецішчы пэнсіянэраў, на гандаль, на гарадзкі транспарт і на цягнікі. А за свабодную Беларусь, дэмакратычную беларускі народ вытрымае ўсё: і голад, і холад. За дыктатуру, тыранію, зграю адмарозкаў і іх кіраўніка – не, пачнецца грамадзянская вайна. У Беларусі на 5 чалавек адзін “мент”. Трэба паменшыць колькасьць мянтоў на палову, астатнім усім мянтам паменшыць заробак на палову. Паменшыць заробкі атачэнцам дыктатара на палову. Самому дыктатару паменшыць таксама заробак на палову. Пабачым, ці выканае ён гэтую эканомію, пра якую ён увесь час “трэліць”. Дзякую”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. Шаноўныя спадары Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Вячорка і іншыя дэмакраты! Вы зараз хочаце правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў. Якія пытаньні на ім Вы думаеце вырашыць? Акрамя марнаваньня часу і сродкаў, Вы нічога ня вырашыце. Вучыцеся думаць, як Валер Фралоў. Яго каманда думае зацікавіць кожнага жыхара Беларусі, правесьці агульнарэспубліканскі рэфэрэндум, на які вынесуць пытаньне аб адмене кантрактнай сыстэмы, зьмене Выбарчага заканадаўства ў абарону падвышэньня аплаты за камунальныя паслугі, дасягненьня сярэдняга заробку па краіне ў памеры 500 даляраў. Замест 500 подпісаў на Кангрэс Вашы дэлегаты, а іх тысяча чалавек, а ўсяго было б 300 тысяч, то рэфэрэндум можна было б правесьці ў бліжэйшы час. Вось над гэтым пытаньнем трэба цяпер працаваць, а ня думаць, як адсунуць шаноўнага спадара Мілінкевіча і заняць яго месца. Я яшчэ раз зьвяртаюся да Вас, Лябедзька і Вячорка, не марнуйце час. Беражыце кожную сэкунду, калі Вы можаце думаць. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “На выпадак, калі хто захоча сустрэцца з супрацоўнікамі Радыё Свабода, хацелася б ведаць адрас падпольнай студыі. Назавіце яго, калі ласка”.

Спадар: “Дзякуй Вам, мае дарагія. Слухаю я Вас ня раз я, усю дарогу, дзесяць гадоў. І вось што хачу сказаць. Вы валіце на Лукашэнку ўсё, што ён калгасьнік ці што… Але ж ён за краіну хвалюецца, хвалюецца за краіну. Вось Вы кажаце: няма свабоды. Якой Вы хочаце свабоды? Я вось слухаю. Ужо Вы ўсе з голаду паміраеце, цяпла няма. Вось летась казаў таварыш адзін, што ў яго стаіць кацёл нямецкі, і ён плаціць 105 тысяч. Які ён дом апальвае гэтым? Якая ў яго там кватэра, ня ведаю. Карыстаюся і я гэтым. Навошта казаць няпраўду? Званіла два тыдні таму жанчына з Баранавіч. Хлеб каштуе даляр. Няхай не купляе за даляр, хай купляе за 50 цэнтаў. Разумееце? Ну навошта? Мы жывем усе. Мне 72 гады, я не палітык, я просты чалавек, я просты рабочы. І вось я Вас слухаю 10 гадоў. І валіце…Там гэты Казулін. Ну, Казулін, што зарабляе, тое і атрымлівае. Ну, Лукашэнку абралі. А чаго гэтыя Вашы палітыкі дапусьцілі яго да ўлады?”

Спадарыня: “У адносінах да сілавой і заканадаўчай ліквідацыі ўсіх дэмакратычных працэсаў, як у Беларусі, так і ў Расеі, Лукашэнка і Пуцін у моцным саюзе. Сышліся два дастаткова хітрых чалавекі, пры чым хітрасьць у іх у вышэйшай ступені. А гэта значыць, любым коштам утрымацца ва ўладзе. Паміж імі, на мой погляд, існуе нейкая змова, якая цалкам прысьвечаная таму, каб напужаць насельніцтва Беларусі нізкім узроўнем жыцьця ў сувязі з падвышэньнем коштаў на газ, электраэнэргію і гэтак далей, а Лукашэнку выставіць такім барацьбітам за незалежнасьць Беларусі. Гэта каб ён набраў, як мага болей балаў у сваю падтрымку, затым рэфэрэндум наконт саюзу. У Ярмошынай будзе гатовы пратакол на 90 % беларускіх грамадзянаў згодных на саюз з Расеяй, а Барадзін і Рушайла ўжо чакаюць пратакол, каб даць яму ход для афармленьня саюзу. Яны гэта рабіць умеюць”.

Спадар, в. Мазуршчына Салігорскі р-н: “Дарагое Радыё Свабода, я да Вас па такім пытаньні. Я б хацеў, каб нехта з Вашых назіральнікаў быў у гарадзкім судзе горада Салігорска. Яны мяне абвінавачваюць і хочуць пазбавіць бацькоўскіх правоў. Кабінэт 317. Яны хочуць у мяне забраць дзіця. Калі я быў у часовым прыюце ў горадзе Салігорску Паўночная, 13 і пытаў сваю дзевяцігадовую дачку, яна мне казала, што яе білі скакалкай, дубцом і давалі пісаць запіску, што ёй было дома дрэнна. Я б хацеў, каб нехта з назіральнікаў быў а 10.00 1 лютага у гарадзкім судзе ў якасьці сьведкаў. Яны многа чаго дрэннага сабралі супраць мяне, таго, чаго няма. Таталітарныя ўлады хочуць адабраць у мяне дачку. Я Ваш пастаянны слухач, а таму зьвяртаюся да Вас. Я Вам яшчэ хачу паведаміць нумар іх сакратара суда: 6 02 77. Першы суд ужо быў, гэта будзе нейкі працяг. Я хацеў бы, каб ВЫ мне дапамаглі. І яшчэ я хачу далучыцца да партыі БНФ. Я вельмі хачу дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі, каб больш татлітарызму не існавала, і лукашызму. Я хацеў бы, каб Мілінкевіч зрабіў Беларусь свабоднай ад лукашызму і таталітарызму. Дзякуй”.

Уладзімер: “Прывітаньне, хацеў бы аб’яднаць пытаньне мінулага тыдня і гэтага тыдня: які кошт падвышэньня камунальных паслугаў здольны вытрымаць Ваш бюджэт і ад чаго залежыць Ваш дабрабыт. Дабрабыт нашай сям’і, як і сем’яў нашых аднадумцаў, залежыць менавіта ад таго, наколькі інтэнсіўна і надалей мы будзем гартаваць нашы целы. Бо, як выявілася цяпер, гэта выдатная крыніца эканоміі, перш за ўсё, на жыльлёва-камунальных паслугах. Наша форма адзеньня ў хаце – гэта шорцікі. Яна дазваляе менш праць, а адпаведна, менш выкарыстоўваць вады і электрычнасьці, што вельмі значна. Потым, можна мыцца пры тэмпэратуры вады прыклад на каля 30 градусаў, бо калі зьнізіць тэмпэратуру з 50 да 30 градусаў, гэта цёплая вада, што нас вельмі задавальняе. Гарачая нам не падыходзіць, то на лічыльніках потым за месяц вымалёўваецца даволі значная эканомія, гэта нават пры тых тарыфах, якія былі раней, а ўлічваючы тое, што яны будуць расьці, гэта яшчэ большая эканомія. Калі мы зьяжджаем на лецішча для вельмі інтэнсіўнага гартаваньня целаў, то наогул, атрымоўваецца яшчэ больш значная эканомія. Дарэчы, на лецішчы вельмі складаныя ўмовы. Форма адзеньня – тыя ж шорцікі. Але трэба выконваць усе загартоўчыя працэдуры, часта выходзіць на вуліцу. Толькі ў будынку цёпла. Але гэта вельмі добра, і нават у нас ёсьць жадаючыя, мы ня кожнага туды бярэм. Усё залежыць чалавека, як ён будзе выбудоўваць сваё жыцьцё, так у яго і будзе атрымлівацца. З павагай”.

Спадарыня: “выбары – салодкія абяцаньні ўраду. Толькі дзе яны? Калючым мэталям рвучы да крыві свае рукі, працуючы ў страшным холадзе, і часта вяртаючыся дахаты з другой зьмены позьняй ноччу, я за сьнежань атрымала ўсяго 129 тысяч. І маё кіраўніцтва лічыць, што інвалід з поўнай стратай зроку за гэтыя капейкі можа пражыць цэлы месяц нармальным жыцьцём. Ужо два з паловай гады да мяне вельмі часта паступаюць званкі ад людзей зь іншых прадпрыемстваў, і людзі са сьлязьмі абурэньня і гора задаюць мне адно і тое ж пытаньне: “Чаму Лукашэнка на нахабныя паводзіны цэнтральнага ўпраўленьня не зьвяртае ніякай увагі?” Людзі за кошт інваліда маюць тысячныя аклады салодкае жыцьцё, а сьляпому чалавеку часта плююць у твар. І яны жывуць у суровых пакутах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG