Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі?


Ганна Соўсь, Менск У сьвеце становіцца ўсё менш месцаў, дзе дазволена размаўляць па мабільным тэлефоне. Нядаўна забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі на спаборніцтвах па гольфу, пасьля таго, як спартоўцы паскардзіліся на тое, што ім перашкаджаюць успышкі камэрафонаў. Забарона на мабільнікі ўжо некалькі гадоў дзейнічае ў “Ля Скала”. У знакамітым опэрным тэатры на ўваходзе ўсталяваныя мэталашукальнікі, а ў вэстыбюлі знаходзяцца спэцыяльныя стойкі, куды можна здаць апараты. Катэгарычна забаронена карыстацца мабільнай сувязьзю ў самалётах пераважанай большасьці авіякампаніяў. А дзе ў Беларусі не дазваляюць карыстацца мабільнай сувязьзю, і як выконваецца гэтая забарона?

На квітках Нацыянальнага акадэмічнага тэатру балету Беларусі цяпер ёсьць спэцыяльная пазнака – перакрэсьлены мабільны тэлефон – забарона размаўляць па мабільніку падчас спэктаклю. Праўда, як сьведчаць аматары балету, амаль на кожным спэктаклі скрозь музыку Чайкоўскага ці Стравінскага пэрыядычна прабіваюцца званкі мабільных сыгналаў. Не дапамагаць і загадзя запісаныя абвесткі, што гучаць перад спэктаклем. Гаворыць кіраўнік Драматычнага тэатру беларускай арміі драматург Аляксей Дудараў.

Дудараў: “Гэта бяда ва ўсіх тэатрах. Заклікаем... Запісаны ласкавы акторскі тэкст, што, “калі ласка, выключце на час спэктаклю мабільныя сродкі сувязі”. Усё адно, пачынаецца спэктакль, недзе затарабаніць. Я вярнуўся з Магілёву, там паставілі мой “Вечар”, дык так двойчы – першы раз мастацкі кіраўнік тэатру папрасіў, а потым яшчэ раз зьвярнуўся да тых, хто пакуль яшчэ не выключыў. І што вы думаеце, пачаўся спэктакль і недзе ў сярэдзіне нейкі тэлефон “затарабаніў”.

Кіраўнік “Беларускай капэлы” Віктар Скарабагатаў перакананы, што, з большага, такія недарэчнасьці адбываюцца выпадкова. Людзі проста забываюць ці няправільна выключаюць мабільны тэлефон. Паводле Віктара Скарабагатава, найбольш эфэктыўнымі могуць быць наступныя захады.

Скарабагатаў: “Найлепшы шлях, як у Заходняй Эўропе, дзе ўсталёўваюць у залях блякіроўку мабільнікаў падчас спэктаклю. Я ня ведаю, як гэта зрабіць тэхнічна, але калі гэтак робіцца, то, значыць, гэта магчыма”.

Напачатку лютага ў Менску пройдзе тэнісны матч “Беларусь-Швэцыя” у рамках Кубку Дэвіса. Як патлумачылі ў Беларускай тэніснай асацыяцыі, на ім будуць прынятыя надзвычайныя захады бясьпекі, праўдападобна, што яны будуць тычыцца і блякаваньня мабільных тэлефонаў, хаця раней на Кубку Дэвіса ў Беларусі забароны на мабільнікі не было.

Забаронена карыстацца мабільнай сувязьзю таксама на тэрыторыі замежных амбасадаў, у шпіталях, дзе гэта можа перашкодзіць працы спэцыяльнай апаратуры, падчас заняткаў у навучальных установах, хаця, трэба адзначыць, што гэтыя правілы не заўсёды выконваюцца.

Забіраюць мабільныя тэлефоны ў наведнікаў Вярхоўнага суду Беларусі – гэта бывае нязручна для журналістаў, якія хочуць хутка паведаміць у рэдакцыі пра хаду працэсу ці рашэньне суду. Гэтая практыка яшчэ не ўкаранілася ў судах ніжэйшых інстанцый, аднак за званок мабільнага падчас судовага працэсу могуць выдаліць з паседжаньня. Летась падчас суду над Аляксандрам Казуліным нехта з прысутных сфатаграфаваў экс-кандыдата на прэзыдэнта камэрай мабільнага тэлефона, пасьля чаго, як толькі хто-небудзь спрабаваў дастаць мабільнік, міліцыянт адразу ж забіраў у яго тэлефон.

Забаронена карыстацца тэлефоннай мабільнай сувязьзю затрыманым у міліцэйскіх пастарунках, а таксама зьняволеным у турме.

Дадам, што сёньня ў калёніі "Віцьба-3" адбываецца спатканьне Аляксандра Казуліна з жонкай і дочкамі. На працягу трох дзён Ірыне, Юліі і Вользе Казуліным забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG