Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі актывіст апазыцыі дамогся абвяржэньня ў газэце


Радыё Свабода Абласная газэта “Гомельская праўда” пагадзілася без працэдуры судовага разьбіральніцтва апублікаваць абвяржэньне абразьлівых зьвестак у дачыненьні да старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына.

Напрыканцы мінулага году “Гомельская праўда” ў артыкуле “А вы, друзья, как ни садитесь…” за аўтарствам некага Пятра Кузьміна аднесла спадара Толчына “да нізоў дэмакратычнага руху Гомельскага рэгіёну”, у зьдзеклівай форме падала несапраўдныя зьвесткі пра яго і яго сям’ю.

Не атрымаўшы адказу з рэдакцыі на свае пярэчаньні, Андрэй Толчын зьвярнуўся ў суд Чыгуначнага раёну з пазовам да “Гомельскай праўды”.

Паводле прапановы судзьдзі Крупадзёрава, бакі пагадзіліся мірным чынам ўрэгуляваць спрэчку.

Толчын: “Прадстаўнікі “Гомельскай праўды” пагадзіліся апублікаваць абвяржэньне свайго артыкулу. І калі яно будзе надрукаванае ў той форме й выглядзе, як мы гэта зрабілі, тады я здыму свае прэтэнзіі да іх. Мяне вельмі моцна абразілі: абазвалі бамжом, прычым у такім кантэксьце, нібыта я наогул нейкі адшчапенец. Газэта так робіць у дачыненьні да дэмакратаў, пачынаючы зь 90-х гадоў. Таму лічу: таго, хто нашкодзіў, трэба прыцягваць да адказнасьці”.

Прадстаўніца газэты Алена Аленчанка цьвердзіла, што рэдакцыя згодна апублікаваць абвяржэньне ды прынесьці прабачэньне партыйнаму актывісту.

Што да аўтара публікацыі Пятра Кузьміна, то напачатку спадарыня Аленчанка казала, што гэта – пазаштатны аўтар “Гомельскай праўды”. А калі Андрэй Толчын запатрабаваў асабістай сустрэчы зь ім у судзе, журналістка Аленчанка заявіла: аўтарка артыкула – яна сама.

На першапачатковы варыянт абвяржэньня непраўдзівых зьвестак прадстаўніца “Гомельскай праўды” не пагадзілася. Таму спадар Толчын разам зь юрыстам Леанідам Судаленкам, падрыхтавалі й накіравалі ў суд Чыгуначнага раёну новы тэкст абвяржэньня.

Судаленка: “Гэта – прэцэдэнт. Бо раней ніколі партыйцы рэгіёну не спрабавалі абвергнуць тую лухту і бруд, што рэгулярна выплёскваюць на іх дзяржаўныя газэты”.

Ад спагнаньня з “Гомельскай праўды” ды аўтара грашовай кампэнсацыі за нанесеную маральную шкоду актывіст АГП адмовіўся.
XS
SM
MD
LG