Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над адным з кіраўнікоў Саюзу палякаў перанесены


Сяргей Астраўцоў, Горадня 30 студзеня ў Горадні меў адбыцца працяг судовага працэсу ў крымінальнай справе Мечыслава Яскевіча — кіраўніка гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў, што не прызнаецца ўладамі. Аднак у Кастрычніцкім раённым судзе гораду напярэдадні паведамілі, што ў зьвязку з хваробай судзьдзі працягу працэсу ў аўторак ня будзе.

У Саюзе палякаў, аднак, не выключаюць, што ўладам проста выгодна пачакаць, каб зьменшылася цікавасьць да суду над спадаром Яскевічам. Мінулым разам ля судовага будынку сабраліся дзясяткі прадстаўнікоў польскай меншасьці, прычым ня толькі з Горадні. Паводле аднаго з актыўных дзеячаў Саюзу палякаў Андрэя Пачобута, 30 студзеня зьбіраліся прыехаць на суд палякі зь Берасьця, Баранавічаў, зь Менску.

Мечыслава Яскевіча абвінавачваюць у злосным хуліганстве паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу — у зьбіцьці мужчыны. Сам Яскевіч гэта адмаўляе і заяўляе, што яго перасьледуюць за грамадзкую дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG