Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа за 29 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

Блогер Deeplake аналізуе ў сваім дзёньніку супярэчлівую інфармацыю пра дэнансацыю беларускім бокам дамоваў пра пастаўкі нафты з расейскім урадам. З аднаго боку, паводле афіцыйных тэлеканалаў Аляксандар Лукашэнка заявіў пра скасаваньне, зь іншага – сам кіраўнік Беларусі абверг інфармацыю. Deeplake піша: “Лукашэнку злавілі за язык, і прыцягнулі “да адказу за базар”: дык дэнансуеш, ці не дэнансуеш? Словы кіраўніка дзяржавы прынцыпова абавязковыя да выкананьня. І калі нічога не адбываецца, узьнікае сытуацыя: альбо ён нёс лухту, альбо чыноўнікі сабатуюць. Што можа выклікаць рэпрэсіі супраць (як выказваецца Deeplake)“Нядбайнага баярства”. Падаецца, сытуацыя можа стацца больш хуткаплыннай,чым выдаюць самыя аптымістычныя прагнозы”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч у сваім блогу заўважае, што расейскі “Першы канал” у сюжэце пра магчымасьць ануляваньне нафта– газавых дамоўленасьцяў скарысталі кавалкі з дакумэнтальных фільмаў Юрыя Хашчавацкага “Плошча” і “Звычайны прэзыдэнт”: З “Плошчы” расейскі тэлеканал паказаў кадры масавых акцый пратэсту, што адбыліся ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года. Са “Звычайнага прэзыдэнта” Першы канал паказаў інтэрвію Лукашэнкі нямецкай газэце “Хандэльсблат”. “Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну, дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе, і нямецкі парадак, які фармаваўся стагоддзямі. Пры Гітлеру гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта”, – сказаў тады Лукашэнка”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што цяпер за абразу ў інтэрнэце вінаваты можа быць пакараны паводле крымінальнага кодэксу. Водгукі: “Бойцеся!!! Цяпер вас і ў сеціве адловяць. Абразі БРСМ-аўца і атрымай 15 сутак”; “Ня блытайце выказваньне сваіх палітычных поглядаў з адкрытым хамствам”; “Калі б аштрафавалі ўсіх, хто ў сеціве палівае Лукашэнку, мы б маглі газ па 500 даляраў купляць”; “Ня думаю. Калі да такога дойдзе, рэжым згубіць усялякую ляяльнасьць – тую невялікую, што мае цяпер”.

Сайт гарадзкога экшану “Пошук” распавядае пра новую спартова-інтэлектуальную гульню. Каманда атрымлівае заданьне знайсьці ў Менску пэўны аб’ект, а ў ім ключ для пошуку далейшага пункту. У гульні бяруць удзел як палявыя ўдзельнікі, гэтак тыя, хто працуе з пошукам праз інтэрнэт. Тут на сайце можна пазнаёміцца з правіламі гульні, дазнацца апошнія навіны, а таксама паслухаць у фармаце МР3 пра тое, чым ёсьць пошук:

Хлопец: “Пошук” – гульня для актыўнай крэатыўнай моладзі, якая хоча дазнацца пра цікавыя мясьціны Менску больш”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG