Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд адмовіў КХП БНФ пачаць справу аб фальсыфікацыі выбараў


Радыё Свабода Вярхоўны суд (ВС) Беларусі адмовіў Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ у завядзеньні крымінальнай справы па факце фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года. Пра гэта паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні партыі Юрый Беленькі.

19 студзеня 2007 Сойм КХП БНФ запатрабаваў ад Вярхоўнага Суда "распачаць крымінальную справу ў сувязі з паведамленьнем А.Лукашэнкі аб яго ўдзеле ў фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што прайшлі 19 сакавіка 2006 года".

Падставай для звароту ў Вярхоўны суд Беларусі сталі словы Аляксандра Лукашэнка, прамоўленыя ім на прэс-канферэнцыі ўкраінскім журналістам 23 лістапада 2006 года: "...Так, апошнія выбары мы сфальсыфікавалі. Я ўжо заходнікам гэта казаў. За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавалі 93,5 працэнта. Кажуць - гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І, калі зараз пачаць пералічваць бюлетэні, то я не ведаю, што з імі рабіць наогул".

"Мы вельмі апэратыўна атрымалі адказ з Вярхоўнага суда. У ім сказана, што разгляд нашай заявы не знаходзіцца ў кампэтэнцыі Вярхоўнага суда Беларусі", - паведаміў Юрась Беленькі.

Паводле яго, гэта "дзіўны адказ", ён лічыць, што "юрысты павінны пры вынясеньні такога рашэньня спаслацца на канкрэтны артыкул заканадаўчага акта, які вызначае кампэтэнцыю Вярхоўнага суда ў гэтым пытаньні”.
XS
SM
MD
LG