Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскія кампаніі рэагуюць на пагрозы кіраўніка Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваюцца перамовы беларускага боку з расейскімі кампаніямі пра пастаўкі нафты ў Беларусь. Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка ў шэрагу заяваў выклаў пазыцыі беларускага боку. У прыватнасьці, у мінулую пятніцу ён паведаміў, што загадаў беларускай дэлегацыі, якая вядзе перамовы пра пастаўкі нафты ў лютым: каб кампаніі, якія прапануюць завышаную цану, абкладаліся дадатковым мытам на транзыт празь беларускую тэрыторыю. Як ставяцца да гэтых заяваў расейскія кампаніі?

Пакуль толькі ў расейскай кампаніі “Лукойл” сказалі, што дасягнутыя дамовы пра пастаўкі нафты ў Беларусь. Прычым, яшчэ на мінулым тыдні, калі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кантракты на пастаўку нафты на люты не падпісаныя. Маўляў, расейскія алігархі пры спрыяньні кіраўніцтва Расеі патрабуюць, каб Беларусь купіла нафту за кошт, што вышэйшы за міжнародны. Таму кампаніі, якія будуць прапаноўваць кантракты з такімі цэнамі пры транзыце нафты празь Беларусь у Эўропу, будуць абкладацца дадатковым мытам дзеля кампэнсацыі беларускіх стратаў.

Афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Лукойл” Дзьмітры Далгоў сказаў:

Далгоў: “Я ня стаў бы да гэтага сур’ёзна ставіцца, бо спачатку я чуў па радыё, што пераглядаюцца ўсе пагадненьні з Расеяй, што яны несапраўдныя, а потым яны зьняпраўдзілі гэта. Давайце пачакаем — можа, сытуацыя памяняецца. Бо Аляксандар Рыгоравіч робіць многа заяваў, а потым высьвятляецца, што яны не адпавядаюць рэальнасьці — дык што мы, будзем камэнтаваць усе заявы? Мы вядзем бізнэс і дамаўляемся зь беларускім бокам. Калі нас задавальняюць умовы, мы вядзем бізнэс, калі не, то не”.

У мінулыя выходныя некаторыя расейскія мэдыі паведамілі, што кіраўнік Беларусі вырашыў ануляваць беларуска-расейскія дамоўленасьці пра пастаўкі нафты. Гэтую інфармацыю сёньня зьняпраўдзіў кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі. Ён назваў гэта дэзынфармацыяй і правакацыяй.

Прадстаўнік “Лукойлу” Дзьмітры Далгоў сказаў, што дамовы пра пастаўкі нафты ў Беларусь дасягнутыя яшчэ ў пятніцу. Паперы знаходзяцца ў стадыі тэхнічнага падпісаньня. На люты ўзгодненыя пастаўкі 217 тысяч тон. Кошты задаволілі як беларускі, так і расейскі бакі.

Далгоў: “Ва ўсякім разе на пятніцу мінулую дамоўленасьці былі дасягнутыя. Калі беларускі бок памяняе сваю думку, будзем наноў дамаўляцца”.

У расейскіх кампаніях “Сургутнефтегаз”, “Роснефть” і “Славнефть”, якія сярод іншых займаюцца пастаўкамі нафты ў Беларусь, ад камэнтароў адмовіліся.

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў кажа пра супярэчнасьці ва ўмовах паставак нафты ў Беларусь. Кампаніі ня ведаюць, як гэтыя супярэчнасьці вырашацца, і баяцца стратаў.

Злотнікаў: “Можа быць і падвойнае падаткаабкладаньне, таксама памер гэтых падаткаў залежыць ад аб’ёму пастаўлянай нафты. Ня думаю, што яны выконваюць толькі загад расейскага ураду — або спэцыяльна, каб зрабіць шкоду Беларусі. Гэтага, я думаю, няма. Мяркую, што цяпер гэтыя спрэчкі будуць улагоджаныя, але насамрэч вельмі складанае пытаньне, бо ўпала рэнтабэльнасьць перапрацоўкі нафты ў Беларусі й адпраўкі далей у выглядзе нафтапрадуктаў у іншыя краіны. І тут ідзе вельмі цяжкі гандаль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG