Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь усё часьцей перасьледуюць за беларускую мову


Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адзначаюць, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі, калі прадстаўнікі ўлады перасьледуюць іх за размовы па-беларуску.

Пачасьціліся выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць на менскіх вуліцах маладых людзей, калі чуюць ад тых беларускую мову. Міліцыянты патрабуюць паказаць, што ў заплечніку і кішэнях. Забіраюць значкі “За свабоду” і “Я люблю Беларусь”.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка згадвае, што ў часе так званай “зачысткі” пасьля разгону акцыяў міліцыянты ў цывільным прыслухоўваюцца да маладых людзей і хапаюць тых, хто размаўляе па-беларуску.

Палажанка: “Мы ўсе размаўляем па-беларуску. Нам вельмі шкада — надышоў такі час, калі беларуская мова зьяўляецца паказчыкам палітычных поглядаў, а не этнічнай прыналежнасьці”.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч на спатканьні з бацькамі казаў, што яго папярэдзілі, каб не размаўляў па-беларуску. Інакш абяцалі датэрмінова спыніць спатканьне. Маці Зьмітра Вольга Дашкевіч паведаміла “Свабодзе”:

Дашкевіч: “Кажа, што забаранілі. Пытаемся: а чаму?. Казаў, што папярэдзілі, калі, маўляў, будзеш размаўляць па-беларуску, то спатканьне спынім ці, наагул, ніколі не сустрэнецеся. Казаў, што па-расейску ўжо амаль не разумее. Зьміцер казаў ахоўнікам, што ў нас у Канстытуцыі запісана, што дзьве дзяржаўныя мовы, расейская і беларуская — і размаўляй на якой хочаш. Яму казалі: “Цябе гэта ня тычыцца. Ты не на свабодзе, а тут. У Канстытуцыі ты абмежаваны. Так што, даражэнькі, не выстаўляй тут сваіх правоў”. А ён кажа: “А я й не выстаўляю, а папросту размаўляю на роднай мове”.

Намесьнік кіраўніка шклоўскай папраўчай калёніі Сяргей Ермаліцкі аспрэчвае інфармацыю Дашкевічаў:

Ермаліцкі: “Яму казалі, каб не размаўляў на замежных мовах, на ангельскай… Гэта ня я казаў, гэта кантралёры казалі, каб не размаўляў на нямецкай і ангельскай мовах. Кантралёр абавязаны давесьці да ведама сваякоў і асуджанага, што на замежнай мове размаўляць забаронена на кароткачасовым спатканьні”.

Адміністрацыя калёніі вынесла Зьмітру Дашкевічу два папярэджаньні за парушэньне правілаў унутранага распарадку. Першае — за тое, што надзеў камізэльку; другое — за тое, што на шпацыры адышоўся на некалькі крокаў убок. Днямі яго перавядуць у штрафны ізалятар.

Лідэр аршанскай філіі “Маладога фронту” Сяржук Гумінскі распавёў, што 10 студзеня міліцыянты пачалі яго зьбіваць у пастарунку пасьля таго, як ён адмовіўся гаварыць па-расейску.

Гумінскі: “Міліцыянты запатрабавалі, каб я зь імі размаўляў па-расейску. Я адмовіўся. Пасьля гэтага яны пачалі мяне зьбіваць, кажучы, каб я размаўляў па-расейску. Казалі: “Размаўляй як пацан”. Я ім казаў, што маю права, а, калі ім не падабаецца, то няхай запросяць перакладчыка. Пасьля гэтага мяне зноў зьбілі разы тры”.

Актывісты “Маладога фронту” ў Бабруйску распавялі, што ў часе затрыманьня міліцыянты забаранілі ім гаварыць на роднай мове. Яны казалі: “Гаварыце па-людзку”.

Гл. таксама:

Зьмітру Дашкевічу ў калёніі не рэкамэндуюць гаварыць па-беларуску
XS
SM
MD
LG