Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы ж не вінаватыя, мы ж цукар выпусьцілі” (фота)


Міхал Стэльмак, Менск Мястэчка Гарадзея, што на Меншчыне, — адзін з цэнтраў беларускай цукровай прамысловасьці. Ці адчуваюць тут наступствы нядаўняга цукровага канфлікту з Расеяй? Нагадаем, Масква абвінаваціла беларускіх вытворцаў у нядобрасумленным партнэрстве, і пастаўкі цукру зь Беларусі ў Расею сёлета істотна скароцяць. У Гарадзеі пабываў наш карэспандэнт

На Гарадзейскім цукровым камбінаце працуе каля тысячы чалавек. Ці адчулі рабочыя наступствы беларуска-расейскага канфлікту?

Спадарыня Валянціна: “А мы гэтага не адчуваем. Мы, рабочыя, не адчуваем. Заробак у нас стабільны, аванс стабільны. На працу ходзім стабільна, авансы атрымліваем. Да адпачынкаў заробкі ідуць. Даплаты ідуць, мы нават не адчулі”.

Карэспандэнт: “Вялікія тут заробкі?”

Спадарыня Валянціна: “Тысяч сямсот рублёў. У калгасе ж такіх грошай не атрымаеш. Завод для нас — гэта ўсё”.

Спадарыня Ліна: “Мяне завуць Ліна Віктараўна Пархімовіч. Заробкі такія ж самыя, як і былі. Добрыя заробкі. Мы на свой завод ня крыўдзімся”.

Карэспандэнт: “Кім вы робіце?”

Спадарыня Ліна: “Рабочая цукровага камбінату, дзе прыёмка буракоў. У мяне 600 тысяч зарплаты. Без авансу. Хоць і вагоны стаялі, але заробак у нас заставаўся гэткі ж, як і быў”.

Камбінат працуе на поўную магутнасьць. Перапрацоўвае на цукар назапашаныя яшчэ восеньню буракі. Паводле спадарыні Тацяны, якая працуе ў адміністрацыі прадпрыемства, гэты цукар паступае ў асноўным на склады:

Тацяна: “На станцыях захаваньня ў нас ёсьць склады. І ў Гомелі, і ў Крычаве ў нас ёсьць склады. Арандуем будынкі і захоўваем там цукар. Ва ўсіх абласьцях. Трохі раней было лепш, калі гэты цукар рэалізоўваўся. І грошы былі свае, і ўсё было. А цяпер стала цяжэй — за газ трэба разьлічвацца, за электраэнэргію трэба разьлічвацца. Цяпер першачарговыя плацяжы. З чыгункай першачарговы плацёж, таму што цукар стаіць у вагонах на чыгунцы. Але заробак выплачваюць своечасова. Я мяркую, што рабочыя ня скардзяцца, бо крэдыты бяруць, але каб заробак выплаціць. Мы ж не вінаватыя, мы ж цукар выпусьцілі”.

Як лічыць большасьць гарадзейцаў, праблемы з рэалізацыяй цукру ўзьніклі зь віны Расеі. Майстар прадпрыемства Ўладзімер Буракоў кажа:

Буракоў: “Расея, саюзьнік, так паставіўся да нас нядобрасумленна — цукру не бярэ. А мы ж імкнемся ўсё перапрацаваць”.

Карэспандэнт: “Людзі зьмянілі стаўленьне да Расеі?”

Буракоў: “Крыўда нейкая ёсьць. Да ўраду. А да шараговых людзей — не. Я спадзяюся, што гэта з часам урэгулюецца. Будзем шукаць магчымасьці, каб захоўваць цукар не ў вагонах”.

Карэспандэнт: “Ці могуць быць скарачэньні на прадпрыемстве?”

Буракоў: “Магчыма, пэнсіянэраў будуць скарачаць. Пажывем — пабачым”.

Паводле афіцыйных зьвестак, на 1 студзеня на складах назапасілася 260 тысяч тон беларускага цукру. 17 студзеня Масква й Менск дамовіліся, што Беларусь у добраахвотным парадку бярэ на сябе абавязак абмежаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расею. Напрыклад, сёлета гэтыя пастаўкі складуць 180 тысяч тон цукру — значна менш, як у папярэднія гады. Як выконваюцца гэтыя дамоўленасьці? Вось што патлумачыў сёньня нашаму радыё намесьнік старшыні праўленьня Саюзу цукравытворцаў Расеі Сяргей Міронаў:

Міронаў: “Вагоны прыходзяць кожны дзень ва ўзгодненым пагадненьнем рэжыме — пяць-шэсьць вагонаў кожны дзень. Практычна ў той жа дзень яны выгружаюцца. На сёньняшні дзень умовамі пагадненьня прадугледжваецца, што інфармацыя пра колькасьць пастаўленага цукру будзе зыходзіць ад беларускага боку”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG