Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Статкевічу далі першы за паўгоду адпачынак (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэру сацыял-дэмакратаў Мікалаю Статкевічу, які адбывае "хімію" ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, упершыню за паўгоду дазволілі наведаць хворага бацьку ў Баранавічах. Палітык не выключае, што гэтым улады даюць знак Эўропе пра магчымае зьмякчэньне рэжыму.

Амаль паўгоду таму Мікалая Статкевіча перавялі адбываць "хімію" з Баранавічаў у вёску Блонь Пухавіцкага раёну. З таго часу яму не давалі адпачынку і не дазвалялі сустракацца з хворым бацькам, які жыве ў Баранавічах. Палітыка не выпусьцілі з інтэрнату нават на навагоднія сьвяты. І вось 26 студзеня позна ўвечары Статкевіча выклікалі ў спэцкамэндатуру і дазволілі пайсьці ў адпачынак да панядзелка, 29 студзеня.

Такім чынам, у выходныя Мікалай Статкевіч наведаў бацьку, а ў панядзелак, вяртаючыся ў Пухавіцкі раён, сустрэўся з аднадумцамі зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), якую сам узначальвае. Нечаканаму паслабленьню Мікалай Статкевіч дае два тлумачэньні. Першае: міліцыянты мусілі адрэагаваць на паведамленьні мэдыяў, у тым ліку і Радыё Свабода пра тое, што яго незаконна пазбаўляюць адпачынку. Другое: улады дэманструюць крок насустрач патрабаваньням Эўропы, якая патрабуе вызваленьня палітвязьняў.

Статкевіч: "Магчыма, што зьбіраюцца выпусьціць кагосьці з палітвязьняў. Каб задобрыць Эўропу, найперш Нямеччыну. Верагодна, разглядаецца і мой варыянт, але, скажу шчыра, я б не хацеў, каб мяне гэтак скарысталі. Цяпер цяжэй Казуліну, ён больш атрымаў, вось хай вызваляюць яго, а мне засталося паўгоду, і я не хачу быць цацкай у гэтых гульнях", — сказаў Свабодзе Мікалай Статкевіч.

Правесьці адну з сустрэчаў у Менску з аднадумцамі Мікалай Статкевіч плянаваў на менскім чыгуначным вакзале, дзе чакаў электрычку ў Пухавічы. Але апоўдні 29 студзеня ўсіх наведнікаў вакзалу міліцыя папрасіла пакінуць памяшканьне на час праверкі. Людзям сказалі, што нібыта быў атрыманы тэлефонны званок пра замінаваньне вакзалу. Як пазьней паведаміў дзяжурны чыгуначнага вакзалу, "праверку закончылі, выбуховай прылады не знайшлі".

У 2005 годзе Мікалай Статкевіч быў пакараны двума гадамі пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі мітынгу пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія праваабаронцы і арганізацыя “Міжнародная амністыя” лічаць Мікалая Статкевіча вязьнем сумленьня. Таксама ў Эўропе лічаць палітвязьнямі Аляксандра Казуліна, Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча ды іншых актывістаў. Краіны Эўрапейскага Зьвязу і ЗША настойваюць на вызваленьні гэтых людзей, але беларускія ўлады дагэтуль не прызнавалі, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя.
XS
SM
MD
LG