Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Вольга Церашчатава 24.7.1926, г. Лоеў — 30.3.1992, Менск


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Мы сустрэліся ўпершыню ў зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш, куды спадарыня Вольга заехала, вяртаючыся з адной з сваіх бясконцых экспэдыцыяў, як, дарэчы, рабіла заўсёды, калі апыналася, хаця б за сотню кілямэтраў ад Зэльвы.

Празь некалькі дзён тая сустрэча атрымала нечаканы працяг. Мой знаёмы літаратар, пачуўшы імя Церашчатавай, акругліў вочы і схапіў мяне за руку: "Ніякіх кантактаў!.. Ты ведаеш, што яна служыла ў выведцы? Цяпер разумееш, чаму яе ў Зэльву так цягне?" Прызнаюся, нейкі час ягоныя словы дзейнічалі. Усё ж быў канец 1970-х, часы, якія хтосьці трапна назваў "ціхай Варфаламееўскай ноччу".

Пазьней я даведаўся, што яна сапраўды служыла ў савецкай выведцы. Але ўсё было не зусім так (ці, дакладней, зусім ня так), як уяўлялася майму суразмоўцу.

Сямнаццацігадовую Вольгу немцы мабілізавалі капаць акопы. Дзяўчыне ўдалося зьбегчы, перайсьці лінію фронту і запісацца ў школу радыстак. Аднак вайна ўжо сканчвалася. Вользе давялося разьвітацца зь юначымі рамантычнымі марамі, але праслужыць некалькі гадоў радысткай яна мусіла.

На пачатку 1950-х яна з малым сынам прыехала ў Менск і, праходзячы каля Акадэміі навук, на ўсялякі выпадак зайшла ў аддзел кадраў даведацца, ці ня знойдзецца якой працы. “Баявое мінулае” адыграла сваю ролю, і яе залічылі сакратаркай. Для беларускай мастацтвазнаўчай навукі гэта быў шчасьлівы момант.

У 1966-м Вольга стала супрацоўніцай акадэмічнага Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру, праз два гады абараніла кандыдацкую дысэртацыю па даваеннай беларускай графіцы. Але яе зорны час быў наперадзе.

У тыя гады фізык Юры Хадыка і гісторык Элеанора Вецер здолелі запаліць дзясяткі два гэткіх самых апантаных навукоўцаў зь беларускім сьветабачаньнем сваёй ідэяй стварыць Музэй старажытнабеларускай культуры. Аднак у 1973-м у рэспубліцы разгарнулася змаганьне з "нацыяналізмам". Шэраг супрацоўнікаў Акадэміі, у тым ліку Зянон Пазьняк, Міхась Чарняўскі, Мікола Прашковіч, апынуліся на вуліцы. Была забароненая міжнародная канфэрэнцыя па этнагенэзе беларусаў. Перастрахоўваючыся, акадэмічнае начальства пазбавілася ад 500 першых сабраных энтузіястамі экспанатаў будучага музэя. У той напружаны момант яго стваральнікі прыйшлі ў кабінэт да Церашчатавай і знайшлі ў ёй неацэннага паплечніка.

Вольга Васілеўна сама езьдзіла ў экспэдыцыі, дзе ўражвала калегаў тым, як лёгка знаходзіла агульную мову з самымі рознымі людзьмі — раённымі начальнікамі, сьвятарамі, простымі сялянамі. Яна ўмела не адступіцца і ўзяць на сябе адказнасьць у тых момантах, калі не хапала цьвёрдасьці мужчынам. Дзякуючы яе намаганьням музэй атрымаў унікальны помнік мэмарыяльнай плястыкі ХVІІ стагодзьдзя — мармуровыя надмагільлі Паўла Сапегі і яго трох жонак — які тады празь лічаныя дні мог апынуцца па-за межамі рэспублікі. Церашчатава была здольная на фантастычныя рэчы. Проста немагчыма зразумець, як яна здолела пераканаць міністра культуры Літвы перадаць Беларусі калекцыю з тысячы твораў нашага народнага мастацтва канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, што захоўваліся ў музэі этнаграфіі Літоўскай ССР і, вядома ж, паводле завядзёнкі нашых суседзяў расцэньваліся як "літоўскія".

У 1979-м Музэй старажытнабеларускай культуры адчыніўся. Загадчыцай — сапраўднай, дасьведчанай і чулай гаспадыняй усіх сабраных там скарбаў — стала Вольга Церашчатава. Яе хапіла і на тое, каб празь некалькі гадоў выдаць сваю манаграфію "Старажытнабеларускі манумэнтальны жывапіс ХІ—ХVІІІ стст." (Менск, 1986), якую адзін з рэцэнзэнтаў назваў "важкай цаглінкаю ў будынак новага нацыянальнага Адраджэньня".

Апошні раз мы бачыліся з ёй там, дзе і першы — у Зэльве. Вось толькі спадарыня Ларыса не сустрэла нас і ня выйшла правесьці. У той дзень мы самі праводзілі яе ў апошні шлях. Я глядзеў на Церашчатаву і бачыў, якая гэта для яе цяжкая страта.
XS
SM
MD
LG