Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наш народ самастойна зьмяніць уладу ў краіне ня здольны"


Валянцін Жданко, Менск Да якіх наступстваў можа прывесьці беларуска-расейскі эканамічны канфлікт? Як ён паўплывае на грамадзкія настроі ў Беларусі, на будучыню беларускай дзяржавы? На гэтыя пытаньні спрабуюць даць адказ у сваіх лістах на Свабоду многія нашы слухачы.

Адзін з такіх допісаў даслала нам менская настаўніца Сьвятлана Байко. У сваім лісьце яна піша:

"Што б вы там на "Свабодзе" ні казалі, а за апошнія гады мы сталі жыць прыкметна лепш. Нават у той занядбанай вёсцы, дзе жывуць мае бацькі, многія людзі купілі сабе патрыманыя машыны, сталі лепш харчавацца і апранацца. Вясковыя пэнсіянэры дык увогуле адчулі сябе багацеямі. Пэнсіі — 200—300 тысяч, а за камунальныя паслугі ім у вёсцы плаціць ня трэба, паколькі ні цэнтральнага ацяпленьня, ні вады, ні газу там няма і ніколі не было. Вядома, што вёска амаль пагалоўна галасуе за Лукашэнку.

І людзі ня вераць, што ўсё гэта можа скончыцца. Яны ўпэўненыя: пакуль будзе Лукашэнка — горш ня стане, а будзе толькі лепш. Размовы пра газ і нафту, пра тое, што Расея больш ня хоча фінансаваць уладу Лукашэнкі для іх — нешта далёкае і незразумелае. І не падобна, каб нешта зьмянілася ў блізкай будучыні".

Людзей пераконваюць ня столькі словы, колькі ўмовы іхнага жыцьця і побыту. Так, у многіх беларускіх вёсках і сёньня няма ніякіх камунальных выгодаў. Людзі ходзяць па ваду да калодзежу, па дровы — у лес, і ніякі рост платы за тэхнічнае абслугоўваньне іх не хвалюе. Але і яны ня могуць не заўважыць, калі даводзіцца больш плаціць за хлеб і алей, калі адразу на 20 працэнтаў падаражэла электраэнэргія, калі тройчы за апошнія два месяцы падвысіўся кошт бэнзіну для той патрыманай іншамаркі, якую нядаўна ўдалося купіць на сабраныя ўсёй сям’ёй грошы. Калі ўсё гэта ня будзе суправаджацца адпаведным ростам заробкаў і пэнсіяў, дык людзі вельмі хутка пачнуць задаваць сабе і іншым пытаньні на гэты конт. І рабіць высновы.

Пра некаторыя адметнасьці грамадзкай думкі ў Беларусі і стаўленьне да апазыцыі разважае ў сваім лісьце і Аляксей Лашук з Гомелю. Ён піша:

"Наш народ прывык да простага: абы былі шкварка і чарка, болей відовішчаў, а яшчэ — каб яго не чапалі. А вы, народныя правіцелі, рабіце што хочаце. Вось і дажыліся да таго, што на месцах зьнішчанае ўсё самакіраваньне, уся ўлада прызначаецца зьверху адным чалавекам, зьнішчаецца родная мова, няма свабоды слова. А цяпер і незалежнасьць дзяржавы апынулася пад пагрозай. А людзі маўчаць. Усё добра, задаволеныя жыцьцём. Вось да якой абыякавасьці можна давесьці народ.

А наша апазыцыя? Што робіць яна? Крытыкуе Лукашэнку, а не змагаецца з сыстэмай. У такіх умовах змагацца можна толькі бяззбройным супрацівам — гаварыць на роднай мове, не выконваць загадаў, жыць сваім жыцьцём. Але ўсё гэта можа прынесьці вынікі толькі тады, калі будзе задзейнічаны вялікі гурт людзей. А дзеля гэтага апазыцыя павінна выхоўваць людзей у гэтым кірунку — каб імкнуліся людзьмі звацца. А што замест гэтага робіць апазыцыя? Займаецца тусоўкамі ды разборкамі між сабой. Я ўдзельнічаў у многіх мерапрыемствах апазыцыі, і назіраў усё гэта сваімі вачыма".

Гэткія ж ці падобныя папрокі і абвінавачаньні на адрас апазыцыі гучаць даволі часта, у тым ліку і ў пошце Свабоды". Відавочна, спадар Лашук, вашы аргумэнты цяжка не назваць слушнымі. Усё так — і ўнутраных супярэчнасьцяў у апазыцыі шмат, і ад людзей яна часта далёкая, і кампанію “мясцовыя выбары”, якую апазыцыйныя актывісты зьбіраліся правесьці, ходзячы ад дзьвярэй да дзьвярэй, цяжка назваць пасьпяховай… Але іншай апазыцыі ў Беларусі няма. І наўрад ці будзе. А самі апазыцыйныя лідэры ў адказ на такія папрокі звычайна адказваюць пералічваньнем аб’ектыўных прычынаў, якія замінаюць працаваць як сьлед. Прычыны ўсе вялікія, сур’ёзныя і цяжкавырашальныя. Хоць, у існасьці, усё зводзіцца да аднаго: апазыцыя дзейнічае так, як можа ў такіх умовах, што створаныя ёй уладай.

Наш даўні слухач і аўтар Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну лічыць, што найбольшай паразай прэзыдэнта Лукашэнкі ў нафта-газавым канфлікце з Расеяй стала тое, што яму давялося прызнаць несапраўднымі і адмяніць каля сарака сваіх указаў.

"Чалавеку, які заўсёды мае рацыю (і ніхто ня мае права пярэчыць яму, нават калі ён тройчы памяляецца) — давялося сорак разоў прызнаць свае памылкі. Я думаю, што для яго гэта надзвычай балюча. І гэта называецца не кампрамісам, а капітуляцыяй перад Пуціным. Думаю, што ў сувязі з апошнімі падзеямі Лукашэнка ўпершыню адчуў сапраўдны страх — страх за сваю будучыню. Так што, аказваецца, у гэтай краіне ўжо няма чалавека, якім бы не авалодала пачуцьцё страху.

Напэўна, вы запярэчыце: ня ўсе ў нас баяцца. Былі тыя, хто выйшаў на плошчу Каліноўскага, хто пастаянна трапляе на 10—15 сутак у зьняволеньне за сваю палітычную актыўнасьць. Так, ёсьць такія людзі, але яны складаюць толькі долі аднаго працэнта ад усяго насельніцтва. Нават тыя, хто ўвесь час тэлефануюць вам, за рэдкім выключэньнем, не называюць сябе. Грамадзтва скаванае страхам. І калі многія кажуць, што жыцьцё някепскае, бо няма вайны, то я на гэта сказаў бы: жыцьцё стане цудоўным, калі ня будзе страху. І найперш, калі кіраўнік ня будзе баяцца згубіць уладу. У агляднай будучыні такога не прадбачыцца. Таму ня веру, калі кажуць, што зьмяніць усё можа толькі народ. Наш народ зрабіць гэта ня можа. Калі нешта і зьменіцца, то толькі пры дапамозе звонку. Але на Расею тут спадзявацца не даводзіцца".

Уплыў замежных дзяржаваў, міжнароднай сытуацыі, сапраўды, можа быць вельмі істотным, спадар Валошка. Але згадайце, якім чынам, пры якіх абставінах пазбаўляліся ад аўтарытарных рэжымаў усходнеэўрапейскія краіны напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Так, гарбачоўская перабудова ў СССР, распад Варшаўскага блёку падштурхоўвалі іх да зьменаў. Але ж самі зьмены ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Латвіі адбыліся не таму, што іх ажыцьцявіла нейкая вонкавая сіла. Тое ж можна сказаць і пра самыя апошнія прыклады — ужо на постсавецкай прасторы, ва Ўкраіне і Грузіі. Ніякая спрыяльная міжнародная сытуацыя, ніякі ўплыў ці то Вашынгтону, ці то Масквы ня быў вырашальным і ня меў бы вызначальнага значэньня, калі б на кіеўскі Майдан ня выйшлі сотні тысяч людзей, якія некалькі тыдняў адстойвалі сваё права на дэмакратычны выбар.

На заканчэньне — некалькі цытатаў зь лістоў слухачоў, якія пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

"Гульні з Расеяй небясьпечныя — Лукашэнка гэта нарэшце зразумеў. Ён іх упусьціў у хату, а яны — адразу за стол на гаспадарскае месца. Нафту і газ яны ж ня проста так гэтулькі гадоў па нізкіх коштах не пастаўлялі. А тыя людзі, якія думаюць, што Расея скіне дыктатара і зробіць Беларусь дэмакратычнай, глыбока памяляюцца. Расея марыць не пра дэмакратычную Беларусь, а пра Беларускую аўтаномную акругу ў складзе Расейскай Фэдэрацыі".

Фрагмэнт яшчэ аднаго ліста, які даслала Марыя Яроменка зь Менску. Яна піша:

"Бальшавіцкі рэжым быў таталітарным і дыктатарскім, а значыць, такім жа, што і фашысцкі. І прыбалтыйскія краіны справядліва называюць яго акупацыйным. У 1944 годзе іх не вызвалілі, а замянілі адну акупацыю на другую. Міхаіла Гарбачова многія вінавацяць у развале дзяржавы. Але насамрэч ён зьнішчыў бальшавіцкі рэжым, і ўжо за адно гэта мы павінны быць удзячныя яму".

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога наш даўні сябар, настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну.

"Сучасны глыбокі крызісны стан нашага грамадзтва — гэта ў многім наступства ваяўнічага атэізму. Зброя Дабра — шчырая непахісная вера ў Бога, Свабода, Сьвятыя Божыя Запаветы. А зброя зла — бязбожжа, гвалт, беззаконьне, здрада, няпраўда. Усё гэта мы бачым у паўсядзённым жыцьці, у тым ліку і падчас такіх палітычных падзеяў, як нядаўнія выбары. Людзі нібы забываюць, што за ўсе грахі неўзабаве непазьбежна давядзецца трымаць адказ на Праведным Божым Судзе".

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG