Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міжнародная амністыя" ладзіць акцыю падтрымкі А.Казуліна


Паводле БелаПАН Нямецкая філія праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" ладзіць акцыю падтрымкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які прызнаны вязьнем сумленьня.Праваабаронцы заклікаюць накіроўваць лісты салідарнасьці ў калёнію, дзе адбывае пакараньне А.Казулін. "Словы падтрымкі будуць неацэннай дапамогай у гэты цяжкі час", — гаворыцца ў заяве "Міжнароднай амністыі".

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што зьняволеньне беларускага палітыка разглядаецца як парушэньне права на свабоду думкі, слова і сходаў, а таксама як сродак "аказаньня ціску, каб спыніць палітычную дзейнасьць А.Казуліна".

"Міжнародная амністыя" заклікае Аляксандра Лукашэнку, кіраўніка МУС Уладзімера Навумава і генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча вызваліць А.Казуліна. Дзяржаўных чыноўнікаў заклікаюць "спыніць запужваньне і цкаваньне на тых, хто безпасярэдне ці ўскосна выступае ў абарону правоў і свабодаў чалавека ў краіне"

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у часе мітынгу і шэсьця на Дзень Волі 25 сакавіка.

Восеньню 2006 году А.Казулін праводзіў галадоўку пратэсту, якая доўжылася амаль 2 месяцы. Ён дамагаўся, каб Рада бясьпекі ААН разгледзіла сытуацыю ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG