Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыкатар патрыятызму за 200 тысяч рублёў


Радыё Свабода Сёлета ўвесь жыльлёвы фонд павінен быць абсталяваны лічыльнікамі вады. Такое заданьне пастаўлена перад міністэрствам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Чым яно выклікана, і ці ёсьць умовы для выкананьня даручэньня?

Укараніць цягам году сыстэму ўліку вады, якую выкарыстоўвае насельніцтва, даручыў міністэрству Аляксандр Лукашэнка. Паводле міністра Ўладзімера Белахвостава, гэта выклікана рэжымам эканоміі ў сувязі з падаражаньнем расейскіх энэргарэсурсаў. Выконваць прэзыдэнцкае даручэньне будуць жыльлёва-эксплюатацыйныя ўпраўленьні. Адно зь іх у Менску ўзначальвае Андрэй Бардзіян.

Бардзіян: “Як толькі ў доме ставяць усім лічыльнікі, тут жа падае выкарыстаньне вады працэнтаў на 40-50. То бок, кожны чалавек глядзіць за сваёй кропляй вады, і нам не трэба высьвятляць, дзе і ў каго нешта цячэ”.

У кватэры менскай пэнсіянэркі Валянціны Пятроўны лічыльнікі вады былі ўсталяваныя два гады таму.

Валянціна Пятроўна: “Ёсьць лічыльнік вады – гарачай і халоднай. Раней не было – нам пісалі недзе па 7-8 кубамэтраў. На чалавека. А цяпер – па 3-4 кубамэтры. Вядома, вельмі выгадна”.

Сыстэму ўліку вады ўкараняюць у Беларусі ўжо амаль 10 гадоў. Але на сёньняшні дзень больш за палову жыхароў лічыльнікаў не маюць. У тым ліку ў Менску:

Спадар: “Кажуць, што вельмі добра, нашмат менш плацяць. За гарачую ваду, дый за халодную. Але ў мяне дома няма – дарагавата ставіць”.

Спадарыня: “У мяне лічыльніка няма. Дзяржава не паставіла, бо я не адна жыву. А за свае грошы – за пэнсію – не атрымліваецца”.

Міністар Уладзімер Белахвостаў заклікаў абсталяваць свае кватэры лічыльнікамі вады “ўсіх патрыётаў”. Паводле яго, гэта важна “ня столькі для эканомікі сям’і, колькі для эканомікі краіны”. Між тым, як вынікае з тлумачэньня жыхароў, далёка ня ўсе зь іх здольныя падтрымаць гэты заклік. Лічыльнік вады каштуе каля 200 тысяч рублёў, і многім сем’ям выдаткаваць такую суму складана. Былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну Рыгор Костусеў лічыць, што дагэтуль беларуская палітыка ў справе ўліку вады мела памылкі:

Костусеў: “Дарэмна марнаваліся грошы, калі ставіліся лічыльнікі групавога ўліку вады. Адзін на ўвесь дом. Ён не даваў эфэкту. Грошы дзяржаўныя разышліся, а толку няма. Тут ня трэба быць патрыётам Бацькаўшчыны, патрыётам краіны… Калі ў кватэры ёсьць лічыльнік, чалавек не задумваецца, патрыёт ён альбо не. Само жыцьцё прымушае яго задумацца і эканоміць ваду”.
XS
SM
MD
LG