Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці робіцца ўсё больш бясьпечнай служба ў войску?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзедаўшчына і злачыннасьць у беларускім войску зьніжаюцца, кажуць у вайсковай пракуратуры, спасылаючыся на дадзеныя 2006-га году. Аднак страх бацькоў, якія адпраўляюць сыноў у войска і апасаюцца за іх жыцьці, застаецца.

Заканчваецца чарговы прызыў у беларускае войска, які пачаўся ў кастрычніку. Усяго форму апрануць каля дзевяці тысяч маладых хлопцаў. Іх бацькі і сябры спадзяюцца, што служба закончыцца пасьпяхова, дамоў усе вярнуцца здаровымі і жывымі. Але войска не гарантавана ад няшчасных здарэньняў.

26-га студзеня ў барысаўскім гарнізонным судзе пачаўся працэс у справе аб сьмерці салдата з Крычава Аляксандра Шамрына. У ліпені мінулага году падчас рамонту будынку ў вайсковым гарадку Печы Аляксандр Шамрын нібыта зваліўся з будаўнічых лясоў і атрымаў сьмяротную траўму. Бацька загіблага не хавае свайго незадавальненьня дзеяньнямі сьледчых.

Шамрын: “Чаму яны не дасьледавалі вопратку сына, у якой ён нібыта зваліўся, хаця я ня веру ў гэтую вэрсію? Можа, на гэтай вопратцы ня толькі ягоная кроў? Землякі, якія там служылі, казалі, што нібыта там была нейкая бойка”.

Яшчэ адзін аргумэнт бацькоў салдата у аспрэчваньні вэрсіі вайсковай пракуратуры пра няшчасны выпадак – гэта тое, што ў іх сына былі зламаныя нос і сківіца, хаця, паводле сьледчых, ён ударыўся аб зямлю патыліцай. На судзе бацькі будуць патрабаваць новай экспэртызы. Шамрыны кажуць, што іх не задаволіць вынік суду, які яны ўжо прадбачаць – ўмоўнае пакараньне афіцэра за тое, што не забясьпечыў выкананьня правілаў бясьпекі.

Паводле зьвестак вайсковай пракуратуры, менавіта гэтак быў пакараны старэйшы лейтэнант, з-за недагляду якога летась у Берасьці падчас вучэбных стрэльбаў былі пакалечаныя тры вайскоўцы. Усяго летась заведзена 343 крымінальныя справы паводле фактаў няшчасных выпадкаў і злачынстваў у войску, прыцягнутыя да адказнасьці 527 чалавек. У міністэрстве абароны паведамілі, што гэта на 19% меней за паказчыкі 2005 году. Але дакладнай лічбы ў мінабароны не паведамілі, гэтаксама як не сказалі, колькі вайскоўцаў загінула ў мінулым годзе. Афіцэр, які прасіў не называць яго імя, патлумачыў таямніцу службовымі меркаваньнямі.

Супрацоўнік мінабароны: “ Гэта прафэсійныя зьвесткі. Гэтак вызначана пэўнымі нарматыўнымі дакумэнтамі”.

Пасьля настойлівых просьбаў афіцэр ўсё ж паведаміў, што колькасьць вайскоўцаў, якія загінулі ў 2006-м годзе засталася на узроўні 2005-га, а самагубстваў стала меней на 11 адсоткаў.

Летась у міністэрстве абароны і пракуратуры таксама не паведамлялі гэтых дадзеных. Але ў 2004-м такая інфармацыя яшчэ не лічылася сакрэтнай. Тады міністар абароны Леанід Мальцаў заявіў: у войску загінула 27 чалавек, зь іх 11 скончылі жыцьцё самагубствам. Генэрал таксама запэўніваў, што з кожным годам служба ў войску становіцца усё больш бясьпечнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG