Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міжнародным конкурсе “Свабодны тэатар” перамог аўтар зь Беларусі (фота)


Севярын Квяткоўскі, Менск Цырымонія падвядзеньня вынікаў другога міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі “Свабодны тэатар” адбылася ў суботу ў Менску. На конкурс было прадстаўлена больш за 200 п’ес сучасных аўтараў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Ізраілю, Вялікай Брытаніі й краінаў Балтыі.

Імпрэза “Свабоднага тэатру” традыцыйна адбылася паўпадпольна. Ахвочыя зьвязаліся з трупай праз інтэрнэт і сабраліся ў залі ў адным зь мікрараёнаў Менску. “Свабодны тэатар” незарэгістраваны, але ад моманту заснаваньня, з 2005 году, зьбірае поўныя залі. Я прашу пракамэнтаваць вынікі конкурсу кіраўніка “Свабоднага тэатру” Мікалая Халезіна.

Халезін: “Першы конкурс, які адбыўся ў мінулым годзе – там пераможца быў з Расеі, але ў гэтым годзе перамог наш беларус, Павал Пражко. Мы гэтаму вельмі рады, таму што большасьць членаў журы выказалася за яго п’есу “Трусы” – па-беларуску “Майткі”, але напісаная п’еса была на расейскай мове. Яшчэ – п’еса Яўгеня Л. “Беларусь”, якая атрымала спэцыяльны прыз журы – гэта першая п’еса, якая была напісана цалкам на беларускай мове.

Прыз выглядае як баксёрскі пояс, у яго на бляшцы – той рыцар, які на гербе нашай адвечнай сталіцы Наваградка – з вагамі, мячом і крыламі, які выглядае, як анёл”.

Карэспандэнт: “Чаму бокс, чаму баксёрская сымболіка, якая прысутнічае таксама на вашых плякатах?”

Халезін: “Зараз увесь конкурс праходзіў пад такім баксёрскім выглядам, таму што лёс беларускіх драматургаў – гэта вельмі цяжкая праца. Каб нечага дасягнуць, трэба біцца і біцца на самым вышэйшым роўні”.

Карэспандэнт: “Біцца з кім – з сабой, грамадзтвам, уладамі?”

Халезін: “Біцца з абставінамі, таму што нават на радзіме беларускія драматургі могуць не дайсьці да тэатраў, іх творы прызнаюцца ў Эўропе, у Расеі, Украіне, а дома ім вельмі цяжка існаваць”.

Мікалай Халезін – аўтар монаспэктаклю “Генэрацыя Джынс”, які прэзэнтаваўся сёньня ў межах імпрэзы.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG