Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія габрэі ўшанавалі памяць ахвяраў Галакосту (фота)


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі габрэйскіх суполак правялі паседжаньне, прысьвечанае памяці ахвяраў галакосту. У габрэйскім доме на вуліцы В.Харужай выступоўцы ўзгадвалі сваё дзяцінства ў гета і канцлягерах.

У габрэйскім доме сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Паколькі сёлета дзень Галакосту прысьвечаны дзецям, то на сцэне былі шасьцёра выступоўцаў, якія былі дзецьмі, калі пачалася вайна. Кожны з выступоўцаў запальваў сьвечку. Наўм Хэйфец пасьля выступу запаліў сьвечку за дзяцей, якія былі ў концлягерах, Якаў Рубінштэйн – у гета, Леанід Трэйстэр – у партызанах, Уры Каплан – на фронце, Раіса Ўдалінкіна – ў блякадзе, а Галіна Давыдава – у эвакуацыі.

Уры Каплан старэйшы за астатніх. Калі пачалася вайна яму было 16 гадоў. Ягоная сям’я жыла ў Новым Сьвержані. Бацька трапіў у лягер і працаваў на заводзе, а маці з дзецьмі была ў гета. Уры працаваў у пякарні і насіў хлеб сваякам.

Каплан: “Паляка прызначылі дырэктарам гэтага хлебазаводу. Я працаваў на гэтай пякарні і насіў хлеб у гета. Ён на мяне крычаў: “Пракляты габрэй! Што ты робіш?!”. На габрэйскіх могілках капалі ямы і мы даведаліся, што ўсіх будуць расстрэльваць. Нас раніцай паднялі, пасадзілі на машыны і павезьлі на могілкі. Дзе дарога паварочвала, быў такі сквэр. Мама мне па-габрэйску кажа: “Уры, скачы і бягі”. Па мне сталі страляць і куля не трапіла, бо машыны не сталі спыняць. Баяліся, каб астатнія не разьбегліся”.

Галіне Давыдавай было 11 гадоў. Яна адзіная засталася ў жывых. Яе старэйшая сястра загінула, калі паспрабавала перайсьці за лінію фронту. Маці і сёстры загінулі ў менскім гета ад голаду. Сама Галіна прайшла праз турму на Валадарскага. Двойчы яе маглі расстраляць, але яе ўратавалі супрацоўнікі турмы, якіх потым забілі фашысты. Галіну вывезьлі ў канцлягер у Францыю.

Давыдава: “Я была самая малодшая. Вельмі любіла і шкадавала сваю маму. Увесь час прыносіла ёй ежу. Бегала праз дрот, або праз габрэйскія могілкі. Аднойчы прыйшла, а яна ўжо мяне не пазнавала. Мяне перавялі з гестапа ў менскую турму. Пасадзілі са мной адну габрэйскую дзяўчынку Ганначку. Прыйшоў ключнік і пытаецца: “Ты жыдоўка?”. Я кажу: “Не”. Тады ён у яе запытваецца. А яна ня ведала, што казаць, разгубілася, кажа: “А адкуль вы ведаеце?”. Ён яе й вывеў. Потым нас вывезьлі ў Францыю ў горад Шэрвур. Там я рэзала жалезны дрот на цьвікі. Потым, калі ўжо немцы пачалі адступаць, нас перавезьлі ў Нямеччыну”.

Усе выступоўцы казалі, што прайшлі праз нечалавечыя выпрабаваньні і іх вельмі непакоіць сытуацыя, якая склалася ў сучаснай Беларусі: апаганьваньне мэмарыялу на “Яме”, надпісы на сьценах будынкаў з заклікам забіваць габрэяў, распаўсюд літаратуры і фільмаў антысэміцкага зьместу.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG