Лінкі ўнівэрсальнага доступу

430 гадоў таму Магілёў атрымаў Магдэбурскае права


Радыё Свабода 28 студзеня 1577 году кароль Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага Стэфан Батура надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права. Разам зь ім горад займеў і першы свой герб – “вежу мураваную, высока выведзеную”. 430-я ўгодкі наданьня Магілёву Магдэбурскага права адзначае дэмакратычная грамадзкасьць гораду.

Кажа сябра аргкамітэту сьвяткаваньня юбілею, лідэр гарадзкой дэмакратычнай кааліцыі “Наш Магілёў” Аляксандар Сілкоў

Аляксандар Сілкоў: “Сёньня мы адзначаем знамянальную падзею ў жыцьці нашага гораду – 430-я ўгодкі наданьня Магілёву Магдэбурскага права. Магілёўская гарадзкая кааліцыя вырашыла паінфармаваць як мага больш насельніцтва пра гэтую важную падзею. Будуць выдадзеныя буклеты, якія будуць раздавацца, таксама будуць раздавацца сьцяжкі “430 год Магілёўскаму Магдэбурскаму праву”. Сёньня пройдзе вечарына з удзелам магілёўскіх гісторыкаў, якія ўздымалі пытаньні Магдэбурскага права і якія могуць расказаць маладым людзям, студэнтам, чаму гэта падзея знамянальная для нашага гораду і чаму мы павінны працягваць традыцыі Магдэбурскага права”.

На афіцыйным гарадзкім узроўні юбілей наданьня Магілёву Магдэбурскага права не адзначаецца.

Гісторыя Магілёўскай магдэбурыі трагічная і гераічная. У 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскім княствам магілёўцы добраахвотна здалі горад маскоўцам. За здраду дзяржаве кароль Вячаслаў Жыгімонт Ваза пазбавіў Магілёў прывілея на самакіраваньне. 1 лютага 1661 году магілёўцы ўзьняліся супраць маскоўцаў. Яны вынішчылі акупацыйную залогу і перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. У горадзе аднавілася Магдэбурскае права, ён атрымаў новы герб, які па сёньня застаецца афіцыйных гербам Магілёва.

Сёлета адзначаецца яшчэ адзін юбілей: 50 год таму, у 1957 годзе, быў зьнішчаны помнік магілёўскага дойлідзтва – Магілёўская ратуша, якая да сёньняшняга дня не адноўленая, хаця старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў неаднойчы заяўляў у мясцовых СМІ пра яе адбудову.

На фота: герб Магілёву ўзору 1577 году
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG