Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту (фота)


Іна Студзінская, Менск Слова Галакост паходзіць ад старажытнагрэцкага holokaustós, што азначала “ўсёспаленьне, зьнішчэньне агнём; ахвярапрынашэньне”. У сучасную гісторыю слова Галакост увайшло як вызначэньне палітыкі нацысцкай Нямеччыны, якая прывяла да вынішчэньня шасьці мільёнаў габрэяў у 1933 – 1945 гадох. Апрача габрэяў на фізычнае зьнішчэньне былі асуджаныя цыгане, славяне, гомасэксуалісты. Тэрмін Галакост упершыню выкарыстаў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру пісьменьнік Элі Вэзэль – выкарыстаў як сымбаль газавых камэраў і крэматорыяў. 27 студзеня – дзень вызваленьня канцлягеру Асьвенцім. З 2005 года 27 студзеня адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў Галакосту.

Паводле меркаваньня доктара гістарычных навук прафэсара Эмануіла Іофэ, ахвярамі Галакосту сталі 715 тысяч беларускіх габрэяў. І каля 90 тысяч замежных габрэяў, дэпартаваных з Аўстрыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Францыі. 48 тысяч габрэяў загінула на фронце.

Ці ведаюць маладыя беларусы пра Галакост? Побач з мэмарыяльным комплексам “Яма” я сустрэла купку дзяцей, якія каталіся на санках.

Карэспандэнтка: “Ці чулі вы такое слова “Галакост”?

Дзяўчынкі: “Не”, “Ніколі ня чулі”, “Ня ведаем”.

Карэспандэнтка: “І ў школе не распавядалі ніколі па гісторыі Беларусі, наагул у курсе гісторыі?”

Дзяўчынка: “Мы ніколі гэтага не праходзілі ў школе”.

Другая дзяўчынка: “Нам ніколі пра гэта не казалі”.

Юнак: “Галакост” – гэта калі расстрэльвалі габрэяў. Непадалёк адсюль”.

На тэму другой усясьветнай вайны ў школьнай праграме гісторыі Беларусі адведзены тры гадзіны. Масавае зьнішчэньне габрэяў у гета і канцлягерах вывучаецца фрагмэнтарна, у тэме “Інтэрнацыянальны характар барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў”. Тэрмін “Галакост” у падручніках наагул адсутнічае. У адмысловым курсе гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які ў абавязковым парадку ўведзены да 60-годзьдзя Перамогі ва ўсіх навучальных установах краіны, тэме Галакосту адведзена крыху больш часу.

Гаворыць старшыня Беларускага фонду “Галакост” Іна Герасімава:

Герасімава: “Што тычыцца школ, мы працуем зь Міністэрствам адукацыі. Але пакуль мы ня можам сказаць, што праца ідзе на тым узроўні, на якім павінна быць. Мы пастаянна падштурхоўваем Міністэрства адукацыі, але яно само не выказвае асаблівага інтарэсу да гэтай тэмы”.

Ёсьць, праўда, асобныя энтузіясты, якія распрацоўваюць тэму Галакосту і выкладаюць яе. Распавядае выкладчык Беларускага музычнага каледжу Зьміцер Сьляповіч.

Сьляповіч: “Мая калега з Горадні Інэса Двужыльная распрацавала і выкладае курс “Музыка Галакосту”. У Гарадзенская музычнай вучэльні гэта выкладаецца”.

У “Беларускай энцыкляпэдыi”, афіцыйным выданьні, якое адлюстроўвае пазыцыю дзяржавы, у артыкуле Халакост увогуле нічога не гаворыцца пра зьнішчэньне габрэяў у Беларусi. Гаворыць доктар гістарычных навук прафэсар Эмануіл Іофэ:

Іофэ: “Беларуская энцыкляпэдыя” замовіла мне артыкул пра Галакост. Але яны надрукавалі такі артыкул, проста ганьба! Яны далі два абзацы пра Галакост. І ў энцыкляпэдыі “Гісторыя Беларусі”, і ў 18-томнай “Беларускай энцыкляпэдыі” няма нават слова Беларусь у дачыненьні Галакосту. Быццам бы Галакост Беларусі не датычыўся. Увесь сьвет ведае пра паўстаньне ў Варшаўскім гета, але тое, што былі паўстаньні ў Клецкім, Нясьвіскім, Глыбоцкім, Слуцкім гета – пра гэта нідзе няма”.

Нацыянальны інстытут памяці ахвяраў Галакосту і габрэйскага супраціву “Яд Вашэм” прысуджае тытул “Праведнік сьвету” людзям розных нацыянальнасьцяў, якія, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі габрэяў ад нацысцкага генацыду. Хто выратуе адно жыцьцё, той выратуе сьвет – напісана на мэдалі. Ратавалі габрэяў у гады вайны і беларусы. 508 беларусаў уганаравана мэдалём “Праведніка сьвету”.









XS
SM
MD
LG