Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 20.01.2007–26.01.2007


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Вельмі не хацелася б, каб паўплываў. Таму я стараюся не забіваць сваёй галавы нейкімі непрыемнымі думкамі”.

Менчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як паўплывае энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй на вашае асабістае жыцьцё?”

“Мы хочам супрацоўнічаць з транзытнымі дзяржавамі, але яшчэ раз падкрэсьлю – на ясных і агульных для ўсіх прынцыпах узаемадзеяньня... І таму мы кажам усім: партнэрству, узаемадзеяньню і супрацоўніцтву – так, паразытаваньню – не”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

“Толькі прагматычная прарасейская намэнклятура, якую падтрымае Масква, можа зьмяніць Лукашэнку – але зусім не Мілінкевіч ці хто-небудзь іншы з апазыцыі”.

Алесь Марціновіч з Баранавічаў – у лісьце на Свабоду

“Можна накіраваць Пятра Вінцэнтавіча Садоўскага паслом у Нямеччыну ці прызначыць яго кіраўніком кантактнага бюро па сувязях з Эўразьвязам, можна прызначыць Зянона Пазьняка паслом у Маскву. Гэта быў бы выдатны прыклад таго, як рэалізуецца новая палітыка. Але ўсё застанецца на сваіх месцах”.

Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Статэгія” – пра магчымую новую палітыку Беларусі адносна Эўропы.

“У нас тут побач мяжа. Вось расейцы і адстрэльваюць нашых мядзьведзяў. Аднаго, які важыў кіляграмаў трыста, забілі. Мы іх для кагосьці гадуем!”

Франц Варсло, вядучы інжынэр Расонскай лесапаляўнічай гаспадаркі.

“Яны зьмянілі сваё футра шэрае на белае. І лёгка цяпер прыкметныя для ўсіх драпежнікаў. І ваўка, і рысі, і лісіцы...”

Віталь Каранчук, начальнік аддзелу Мінпрыроды – пра пагрозу для зайцоў ад бясьсьнежнай зімы

“У войска я не палаю жаданьнем ісьці. Але вось і жаніцца… Тут таксама ня варта сьпяшацца”.

Юнак – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Жаніцца ці ісьці ў войска – што б вы выбралі?”

“Сёньня ўрад мусіць змагацца, а ня склейваць ласты і крычаць “каравул”.

“Беларускі бок павінен шукаць сваю выгоду і карыстаць са свайго стратэгічнага рэсурсу – геапалітычнага становішча… Мы павінны за гэта змагацца, няхай гэта будзе “халодная” ці “гарачая” вайна”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас выступу ў Наваполацку.

"Ва ўмовах празрыстасьці расейска-беларускага ўчастку мяжы, які практычна не ахоўваецца, зьявілася "дзірка", празь якую грамадзяне трэціх краінаў могуць незаконна ўяжджаць на тэрыторыю Расеі зь Беларусі…Не выключана, што гэты канал уезду можа быць выкарыстаны чальцамі тэрарыстычных арганізацыяў, а таксама ў мэтах супрацьпраўнай дзейнасьці".

Уладзімер Пронічаў, дырэктар Памежнай службы ФСБ Расеі.

“Спадар Лукашэнка робіць цяпер вельмі карысную справу. Ён пераконвае недалёкіх людзей у расейскай эліце, якія яшчэ былі, што галоўны вораг Расеі і Беларусі – гэта Лукашэнка”.

Старшыня расейскай Рады зьнешняй і абарончай палітыкі Сяргей Караганаў – пра беларуска-расейскі канфлікт.

"Што Лукашэнка ненадзейны партнэр, у мяне няма ніякіх сумневаў. Але бізнэс ёсьць бізнэсам: яго робяць і зь ненадзейнымі партнэрамі".

Альдзіс Кушкіс, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі – пра заяву А. Лукашэнкі пра магчымасьць экспарту нафты ў Беларусь праз латвійскі порт Вэнтсьпілс.

"Я адказваю за выкананьне закону і ўнутраную бясьпеку краіны, а не за супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку эўрапейскімі, у тых ці іншых напрамках. Я раней ужо казаў: у нас цяпер няма асуджаных за справы, зьвязаныя з палітыкай. Зазвычай гэтыя грамадзяне, пра якіх вы кажаце, адбываюць пакараньні альбо за хуліганскія дзеяньні, альбо за парушэньні грамадзкага парадку".

Уладзімер Навумаў, міністар унутраных справаў Беларусі – пра заклік старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна вызваліць палітычных зьняволеных у Беларусі

“Хай не парушаюць правілаў дарожнага руху”.

Уладзімер Навумаў, міністар унутраных справаў Беларусі – пра шматлікія затрыманьні супрацоўнікамі ДАІ Аляксандра Мілінкевіча.

“Я самы адкрыты прэзыдэнт у сьвеце, я не люблю піяр і не дазваляю, каб мяне “раскручвалі”, фатаграфуючы ў форме для спартовых спаборніцтваў”.

“Магчыма, у нейкіх выказваньнях мне варта было б быць больш стрыманым”.

“Захад зразумеў: заўтра Расея можа перакрыць кран і яму”.

“Апазыцыя ў Беларусі зусім не забароненая. Нашая інфармацыйная прастора адкрытая “Эўраньюс”, RTVi, Радыё Свабода, CNN вяшчаюць на нашых частотах на заходнія грошы. Яны і расейскія СМІ прастрэльваюць нашую краіну з захаду на ўсход і з усходу на захад. Наша апазыцыя не вылазіць з гэтых СМІ”.

“Журналісты могуць забіць як дэмакратыю, гэтак і таталітарную сыстэму, і нанесьці шкоду грамадзтву. На Ўкраіне пануе безуладзьдзе, таму там у сродках масавай інфармацыі анархія”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з інтэрвію нямецкай газэце “Die Welt”.

“За ачышчэньне свайго імя буду ваяваць да апошняга дыханьня, нават калі гэта будзе азначаць усясьветную вайну”.

Машэ Кацаў, прэзыдэнт Ізраілю, які прыпыніў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пад ціскам абвінавачваньняў у згвалтаваньні жанчыны і сэксуальных дамаганьнях да трох іншых кабетаў, а таксама ў растраце дзяржаўных грошай на падарункі сваякам.

“Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць Беларусь, у тым ліку фінансава-эканамічнымі мерамі. Мы будзем дапамагаць Беларусі рэалізоўваць яе сувэрэнныя правы, мы не дапусьцім яе міжнароднай ізаляцыі. Але мы нікому не дазволім паварочваць нашу падтрымку супраць нацыянальных інтарэсаў Расеі”.

Барыс Грызлоў, сьпікер Дзярждумы Расеі – падчас спэцыяльнага пасяджаньня Рады Думы па пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін.

“Так ужо перадвызначана гісторыяй і геаграфіяй, што для беларусаў і ўкраінцаў шлях нацыянальнага самаўсьведамленьня ляжыць праз усьведамленьне сваёй асобнасьці ад Расеі. Менавіта таму Расея робіць калясальную паслугу беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, калі пачынае гандлёвую вайну”.

Грыгоры Іофэ, прафэсар Рэдфардскага ўнівэрсытэту (ЗША) – пра беларуска-расейскі крызыс.

“Нельга быць залежным ад адной краіны. Гэта ўжо ня тая Расея, якую мы памятаем, а Расея, апутаная алігархічнымі путамі”.

“Расея ніколі не хацела будаваць саюзных дачыненьняў зь Беларусьсю. Палітыка Расеі была накіраваная на разбурэньне імкненьня беларускага народу і кіраўніцтва Беларусі жыць з Расеяй у саюзнай дзяржаве”.

“Калі Расея яшчэ раз паспрабуе ўдарыць Беларусь па балючых месцах, мы таксама ведаем гэтыя балючыя месцы і ведаем, дзе ўдарыць”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас выступу 26 студзеня на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў доктара навук і атэстатаў прафэсара навуковым работнікам краіны.

“Мы будзем разбаўляць расейскую нафту вэнэсуэльскай".

Уладзімер Сямашка, першы віцэ-прэм''ер ураду Беларусі – падчас выступу 25 студзеня на калегіі міністэрства прамысловасьці.
XS
SM
MD
LG