Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачалося 3-дзённае спатканьне Ірыны Казулінай з мужам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зьмітру Дашкевічу на спатканьнях забараняюць размаўляць па-беларуску. Справу Мікалая Статкевіча забралі ў Менск, кажа палітык, спасылаючыся на канфідэнцыйныя крыніцы. Аляксандр Казулін у віцебскай калёніі атрымаў доўгатэрміновае спатканьне з жонкай і дочкамі. Праваабаронца Кацярына Садоўская піша пра магчымасьць датэрміновага вызваленьня.

Зь лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам ў шклоўскай калёніі сустрэліся ягоныя бацькі. Вячаслаў Дашкевіч распавёў, што спачатку ім адмовілі ў спатканьні, спаслаўшыся на дысцыплінарныя пакараньні, атрыманыя сынам, але пазьней далі дазвол. Аднак Зьмітру паставілі ўмову, пра якую бацька палітвязьня не зьбіраецца маўчаць.

Дашкевіч: “Як убачыліся, сын агарошыў навіной: яго папярэдзілі, што калі будзе размаўляць па-беларуску, то сустрэчу могуць спыніць у любы момант. Але мы праігнаравалі гэтае папярэджаньне і размаўлялі па-беларуску. Дарэчы, нейкі мужчына сядзеў за шторкай непадалёк і ўсё слухаў”.

На Зьмітра Дашкевіча ужо наклалі два пакараньні: адно за тое, што пад турэмную робу апрануў для цяплыні спартовую майку. Аказваецца, гэта забаронена. Другі раз актывіста пакаралі, калі ён усяго на некалькі мэтраў без дазволу адышоў з атраду.

“Яшчэ адно парушэньне і патрапіць у карцэр. Яго караюць, каб запалохваць”, – лічыць бацька Зьмітра Дашкевіча. Бацькам актывіста стала вядома, што з пачатку студзеня сын напісаў ім 6 лістоў, зь якіх яны атрымалі толькі адзін. Паводле гэтага факту Дашкевічы накіравалі ў калёнію скаргу. Таксама Зьміцер Дашкевіч паведаміў бацькам, што ў другім атрадзе, куды ён патрапіў, ні ў каго зь вязьняў нямы працы.

Сустрэчы з жонкай і дочкамі дачакаўся Аляксандр Казулін. Іх трохдзённае спатканьне пачалося сёньня, 27-га студзеня. Напярэдадні Ірына Казуліна распавяла пра тое, як яны рыхтуюцца да сустрэчы.

Казуліна: “Што мы можам для Аляксандра зрабіць карыснае і прыемнае? Канешне, прывезьці нешта смачненькае, паведаміць навіны. Будзем яму расказваць пра тое, што адбылося за гэтыя 10 месяцаў, як мы безь яго, ва ўсіх падрабязнасьцях. Мяркую, за тры дні хопіць часу пра гэта ўсё пагаварыць, падзяліцца ўражаньнямі, выслухаць ягоныя парады. Наша сямейнае жыцьцё адновіцца на тры дні. На жаль, мы не бярэм з сабой унука, бо лічым, што дзіцяці будзе цяжка вытрымаць тры дні ў закрытым памяшканьні”.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які адбывае два гады “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, падзяліўся канфідэнцыйнымі зьвесткамі. Паводле дадзеных з пэўных крыніц, крымінальную справу Статкевіча, якую трымалі ў спэцкамэндатуры, запатрабавалі ў Менск. “Гэта можа азначаць, што будуць разглядаць магчымасьць майго ўмоўна-датэрміновага вызваленьня”, – мяркуе Мікалай Статкевіч. Ён зьвязвае гэта з магчымымі спробамі беларускага рэжыму адрэагаваць на патрабаваньне Эўрапейскага зьвязу вызваліць беларускіх палітвязьняў.

(Статкевіч: ) “Мне ніякіх падарункаў не трэба. Хаця я ведаю, што я сяджу тут незаконна, але не хачу быць нейкай разьменнай карткай у гульнях гэтай улады”.

Крымінальная справа брата актывіста Вячаслава Сіўчыка Канстанціна Лукашова дагэтуль не патрапіла ў суд. Тым часам Лукашова трымаюць у ізалятары ва ўмовах, якія праваабаронцы параўноўваюць з катаваньнем. Сваяку актывіста пагражае некалькі гадоў зьняволеньня за тое, што ён сваімі дзеяньнямі нібыта пагражаў жыцьцю міліцыянта. Інцыдэнт адбыўся, калі Канстанцін вывозіў са шпіталю Вячаслава Сіўчыка, за якім палявала міліцыя.

Праваабаронца Кацярына Садоўская даслала з гомельскай калёніі ліст, у якім піша пра магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня. Гэта можа адбыцца ў красавіку, паведамілі жанчыне ў калёніі.
XS
SM
MD
LG