Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа за 26-га студзеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік краіны прапанаваў Расеі й Беларусі ўзяць тайм-аўт у дачыненьнях. Рэакцыі ўдзельнікаў:

“Калі ж ён перастане прамовы штурхаць і пачне працаваць? Ну хаця б з дакумэнтамі. Яго ж пакуль ня бачна, дык нават складаецца ўражаньне, што ў нас ёсьць прэзыдэнт, і ён працуе. А потым як выйдзе, як скажа – дык здаецца й няма…”

“Увогуле, я падтрымліваю наступныя думкі, выказаныя Лукашэнкам:

1)Мы ніколі ня ўвойдзем у склад іншай дзяржавы.

2) Мы павінны нармальна жыць і з Усходам, і з Захадам. Мы таксама павінны жыць добра і з нашымі суседзямі”.

“Ён гэтак і ня можа зразумець, што нідзе не патрэбны, ні на Ўсходзе, ні на Захадзе. Ён – ZERO. На якое ўжо ніхто не паставіць”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч у сваім блогу разважае пра няўменьне Аляксандра Лукашэнкі кіраваць краінай, бо досьведу мэнэджмэнту ён ніколі ня меў: “У 2003 годзе пасьля чарговага “адметнага” выказваньня прэзыдэнта адзін высокага рангу буйны чыноўнік з прыкрасьцю сказаў мне: “Дык кажам жа ж яму, каб па паперцы чытаў”. Дакладна вядома, што шмат вельмі карысных парадаў даюць Лукашэнку. Бяда ў тым, што ён мала да іх прыслухоўваецца. Тут і знаходзіцца адказ на пытаньне, чаму нашая краіна выявілася не гатовай нават да мяккага пераходу да рынкавых коштаў на нафту й газ”.

А ў ЖЖ-суполцы minsk_by абмяркоўваюць навіну: маршрутныя таксоўкі зь лютага павінны працаваць дакладна па раскладзе. Такую інфармацыю ўдзельнікі суполкі знайшлі на афіцыйным сайце Менгарвыканкаму Цяпер уладальнікі маршрутак узгадняюць графікі руху, а ў найбліжэйшы час зьявіцца кантрольная служба, працаўнікі якой стануць адсочваць выкананьне гэтых графікаў. Калі будуць значныя адхіленьні, перавозчыкаў чакаюць штрафы. Камэнтары блогераў:

“З аднаго боку добра, як ведаеш, калі чакаць маршрутку, зь іншага – зноў гэтыя прайдзісьветы лезуць у прыватны бізнэс плюс гэтая бязглуздая кантрольная служба”.

“Гэта заканамерна. Сыстэма хоча кантраляваць усё. Яны адно і ўмеюць – забараняць, абмяжоўваць, рэглямэнтаваць, адбіраць”.

На форумах сайту Нашыя дзеткі зьявілася тэма “Кітайская мова ў беларускай школе”. Падставай для пачатку дыскусіі зрабілася тое, што ў беларускай гімназіі нумар 23 у Менску ў якасьці замежнай мовы пачалі вывучаць кітайскую. Ёсьць там і ангельская кляса, аднак некаторыя бацькі ўсё адно абураныя. Яны лічаць, што такі выбар замежнай мовы можа канчаткова адбіць у людзей ахвоту аддаваць сваіх дзяцей у беларускую гімназію. Аднак ёсьць і тыя, хто лічыць вывучэньне кітайскай пэрспэктыўнай справай.

На сайце studenty.by апублікаваны артыкул пра гукі, якія лепей ня слухаць. Навукоўцы Салфардзкага ўнівэрсытэту вызначылі 101 самы брыдкі гук. На першым радку ў гэтым сьпісе – гук, што сыходзіць ад чалавека, які ванітуе. Далей ідуць гук мікрафону, які фаніць, плач немаўляці, скрып цягніка, завываньні ката й гукі мабільнага тэлефону.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG