Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэмы эканамічнага форуму ў Давосе – экалёгія, энэргетыка і Блізкі Ўсход


Кастусь Бандарук, Прага Як звычайна ў канцы студзеня ў швайцарскім курорце Давос праходзіць штогадовы Ўсясьветны эканамічны форум. Сёлета ўдзельнікі форуму засяроджваюць сваю ўвагу на праблемах Блізкага Ўсходу і Іраку, а таксама на эканамічных праблемах сьвету, у прыватнасьці – на пастаўках энэрганосьбітаў і навакольным асяродзьдзі.

У гэтыя дні ў Давосе вітаюць ня толькі звычайных турыстаў, але і самых уплывовых людзей сьвету. У форуме ўдзельнічаць 24 кіраўнікі ўрадаў, у тым ліку прэм’ер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас. Прыбылі 800 прадстаўнікоў найбуйнейшых кампаніяў у сьвеце, такіх як “Кока-Кола”, “Брытыш Пэтролеўм”, “Газпром” і “Майкрасофт”.

Акрамя таго ў Давосе знаходзяцца вядомыя вучоныя і экспэрты, агулам 2300 чалавек. Яны правядуць 200 сэсіяў на тэму “Перанос цэнтраў улады”. Выканаўчы дырэктар форуму Кляўс Шваб заявіў:

Шваб: “Гляньце на ўрады. Сёньня ўлада пераходзіць ад урадаў да грамадзянаў. Што тычыцца прадпрыемстваў, дык улада пераходзіць з цэнтру да пакупнікоў і акцыянэраў. На геапалітычным узроўні мы маем дачыненьне з адыходам ад сыстэмы аднапалярнага да больш шматпалярнага сьвету”.

Удзельнікі сёлетняга форуму шмат увагі прысьвячаюць ізраільска-палестынскаму канфлікту, сытуацыі ў Іраку і наагул – на Блізкім Усходзе. Кіраўнік атамнага ведамства ААН перасьцярог, што Іран хавае ад сьвету свае ядзерныя праграмы, і што Тэгэран ужо валодае магчымасьцю сканструяваць ядзерную зброю.

Уладальнік “Майкрасофту” Біл Гэйтс гаварыў пра значэньне інтэрнэту, у прыватнасьці, пра тое, што новыя тэхналёгіі даюць новыя магчымасьці вялікай колькасьці карыстальнікаў, а ня толькі буйным установам. У цэнтры ўвагі апынуліся пытаньні эканамічнага разьвіцьця і росту значэньня ў сьвеце новых краін: Кітаю, Індыі і Бразыліі.

Сямнаццаць сэсіяў будуць прысьвечаныя пацяпленьню клімату і яго наступствам для ўсяго сьвету. У часе першага дня форуму канцлер ФРГ Ангела Мэркель зьвярнула ўвагу на неабходнасьць зьмяншэньня выкідаў парніковых газаў у атмасфэру, што зьяўляецца прычынай пацяпленьня клімату.

Усясьветны эканамічны форум завершыць сваю працу ў нядзелю 28 студзеня.
XS
SM
MD
LG