Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі й блякаду вытрымліваюць…”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якое падвышэньне камунальных плацяжоў можа вытрымаць ваш сямейны бюджэт? На гэтую тэму наш карэспандэнт размаўляў з гарадзенцамі.

Малады спадар: “Самае большае, што я здолеў бы заплаціць за сваю кватэру, -- каля двухсот тысяч: сто даляраў. Гэта з умовай, каб яшчэ не пайсьці па белым сьвеце. Гэта толькі тэарэтычна, зважаючы на мае прыбыткі. Але, натуральна, тады давялося б скарачаць іншыя выдаткі: перш за ўсё, на харчаваньне, а таксама на дзяцей”.

Пэнсіянэр: “Канечне, калі падаражаньне будзе (а сьвятло, газ, цяпло вельмі вялікія сумы складаюць), дык атрымліваецца да 140-150-ці тысяч. Гэта ж палова пэнсіі. І тым больш, трэба ўлічыць, што даражэюць прадукты ўвесь час. Нібыта, незаўважна, а ў суме выходзіць за месяц дзесьці на пяць працэнтаў даражэюць асноўныя прадукты харчаваньня”.

Спадарыня: “Я ведаю, што на дваццаць працэнтаў даражэюць газ і, здаецца, электрычнасьць. Ну, гэта, канечне, шмат. Хацелася б, каб пры гэтым улічвалі і даходы народу. Дапусьцім, калі камунальныя плацяжы павялічваюцца на дваццаць працэнтаў, хай і заробкі на столькі ўзрастаюць. А так стаўка бюджэтная ўзрасла з 62-х да 65-ці тысяч. Гэта ж -- мізэр. Камунальныя ж адразу на такі працэнт вялікі даражэюць. Хіба гэта рэальна?”

Пэнсіянэр: “Прымальная для мяне сума 60 тысяч, а плачу я за кватэру 80 тысяч рублёў. Дык якое падвышэньне камунальных плацяжоў я змагу вытрымаць? Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Неяк жа будзем існаваць…”

Сталы спадар: “Для мяне прымальнае падвышэньне на 15 тысяч, ня больш. А плачу я цяпер 120 тысяч. Я думаю, што цяпер увогуле падвысяць камунальныя плацяжы працэнтаў на 10. Але яны будуць падвышацца й надалей. Як кажуць: што бог дасьць, тое й будзе”.

Спадарыня: “Прэзыдэнт абяцаў нам, што, здаецца, на дзесяць даляраў падвысіцца аплата за двухпакаёвую кватэру. А я так мяркую, што калі нас чацьвёра жыве ў трохпакаёвай, дык будзем плаціць болей даляраў на дваццаць”.

Дачка: “Ці вытрымае гэта наш сямейны бюджэт? Думаю, што так, бо ў нас усе дарослыя, усе працуюць, пэнсіянэраў няма”.

Маці: “Цяжка сказаць, што мы максымальна маглі б выцерпець. Людзі й блякаду вытрымліваюць…”

Пэнсіянэрка: “У мяне муж інвалід першай групы, у нас аднапакаёвая кватэра. Ну, выцягнем гэтае падвышэньне: што ж рабіць... Тым больш, у майго мужа пэнсія нядрэнная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG