Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці мае сёньня беларуская мова роўныя правы з расейскай?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ці забясьпечаны ў Беларусі роўны статус дзьвюх дзяржаўных моў, як таго патрабуе Канстытуцыя? Гэтае пытаньне ў 17-ю гадавіну прыняцьця Вярхоўным Саветам Беларусі Закону аб мовах людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Яны ня маюць роўнага статусу: пануе расейская мова. А трэба імкнуцца да таго, каб яны мелі сапраўды роўны статус. Я лічу, што мусяць быць дзьве раўнапраўныя мовы. Як у Фінляндыі – фінская і швэдзкая мовы. Так павінна быць і ў нас. Бо так ужо склаліся гістарычныя акалічнасьці”.

Спадарыня: “На жаль, не. Тэлебачаньне і радыё ў нас пераважна на расейскай мове. Бальшыню блянкаў у дзяржаўных установах мы таксама запаўняем па-расейску. Вельмі мала газэт па-беларуску. Асабліва шкада, што няма беларускамоўных дзіцячых праграм. І да ўсяго, у школах навучаньне вядзецца па-расейску”.

Спадар: “Так, мы размаўляем і па-расейску, і па-беларуску. У мяне ўнук вучыць і расейскую, і беларускую мовы. Аднак больш ён гаворыць па-расейску. Але ёсьць беларуская літаратура і беларуская мова”.

Спадар: “Ня мае. Бо беларуская мова гэтак не ўжываецца”.

Карэспандэнт: “Ці мае сёньня беларуская мова роўныя правы з расейскай?”

Спадар: “Ня мае. Такая сытуацыя склалася: у школе выкладаньне на расейскай мове, на прадпрыемствах. І гэтак далей”.

Спадар: “Правы, можа, яна й мае, але ў побыце не ўжываецца. Напрыклад, я дрэнна валодаю. І асноўная маса насельніцтва ў гарадах кепска валодае. Літаратуры няшмат. Трэба матываваць вывучэньне мовы – і тады будзе імкненьне людзей ёю авалодаць. А калі гэтага няма, дык нічога й ня будзе”.

Студэнт: “Не. Па-расейску цяпер гавораць усе, а беларуская мова – папросту нідзе. І дзяржава не спрыяе яе прапагандаваньню”.

Студэнтка: “Не, бо ўсё выкладаньне вядзецца па-расейску”.

Дзяўчына: “Я лічу, што ня мае роўнага статусу. На тэлебачаньні вельмі шмат расейскамоўных праграм. І мне гэта не падабаецца”.

Спадар: “Беларуская ўлада, можа, занадта мала заахвочвае валоданьне беларускай мовай. Але я не лічу, што ў нас існуе сур’ёзны ўціск”.

Спадарыня: “Няроўныя правы, бо гэта залежыць ад прэзыдэнта. Мае дзеці навучаліся па-беларуску з 1 клясы. Потым дачка пайшла вучыцца ва ўнівэрсытэт. І таксама навучалася на беларускай мове. Цяпер яна выйшла на працу, дзе ўсё вядзецца па-расейску. Я лічу, што беларускай мове трэба надаць статус найважнейшай перад расейскай”.
XS
SM
MD
LG