Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 год таму быў прыняты Закон “Аб мовах”


Ігар Карней, Менск 26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР ухваліў Закон “Аб мовах”, у адпаведнасьці зь якім беларуская мова была афіцыйна абвешчана дзяржаўнай. Але ўжо празь пяць гадоў пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму беларусізацыя грамадзкага жыцьця была згорнута. Пра падзеі 17-гадовай даўніны згадваюць палітыкі, якія ў той час былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету.

Ініцыятыва ў справе наданьня беларускай мове статусу дзяржаўнай сыходзіла найперш з боку творчай інтэлігенцыі. Аднак жа, як прыгадвае сябра камісіі ў выпрацоўцы прапаноў да законапраекту Генадзь Бураўкін, неабходнасьць адраджэньня роднай мовы разумелі й многія тагачасныя чыноўнікі.

Бураўкін: “Прыкладам, камісію, якая выпрацоўвала гэты закон, узначальвала Ніна Мазай, намесьніца старшыні Савету міністраў. Я таксама быў сябрам гэтай камісіі – як дэпутат і як дзяржаўны чыноўнік. І ўвогуле ў складзе камісіі было шмат дзяржаўных чыноўнікаў, якія займалі досыць сур’ёзныя пасады і якія таксама думалі над тым, што трэба штосьці мяняць. Бясспрэчна, у нас (я маю на ўвазе такіх людзей, як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка) -- пісьменьнікаў, што ўваходзілі ў склад камісіі, быў настрой, які не супадаў зь некаторымі іншымі. Ледзьве не загрудкі мне аднойчы на паседжаньні давялося схапіцца (ня памятаю ўжо таго прозьвішча) з прадстаўніком рабочага клясу з Барысава. І такое было! Былі вельмі рэзкія спрэчкі. Але ўрэшце рэшт прыйшлі да высновы: закон у тым выглядзе, як прапанавана на сэсіі Вярхоўнага Савету, трэба прымаць”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 11 скліканьня, тагачасны старшыня Беларускага рэспубліканскага савету прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык пацьвярджае: адзінства падчас абмеркаваньня моўнага пытаньня не было. Да таго ж, шмат хто з рэальных супраціўнікаў наданьню беларускай мове статусу дзяржаўнай стараўся перастрахавацца і “пагуляць у дэмакратыю”.

Ганчарык: “Ведаеце, тады ўвогуле была цікавая сытуацыя. Шмат рашэньняў прымалася, скажам так, імпульсіўна, сыходзячы з пэўнай падстрахоўкі. Ну, і потым ужо адчуваўся пэўны дух свабоды, подых дэмакратыі. І многія, хто потым, нібыта, “адумаўся”, галасавалі менавіта з гэтага гледзішча. То бок, хацелі падстрахавацца, каб не падацца нейкімі кансэрватарамі, старамоднымі і г.д. Гэта было так. Бо тады вельмі напорыста ішоў Зянон Пазьняк са сваёй камандай, і шмат хто пад тыя рэаліі падладжваўся. У пэўным сэнсе гулялі ў дэмакратыю. І гэта таксама факт”.

Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, былы старшыня калгасу “Рассвет” і экс-дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Васіль Старавойтаў якраз сярод тых, каго моўная палітыка цікавіла меней за праблемы вытворчасьці. Сёньня ён гаворыць тое ж, што і 17 год таму:

Старавойтаў: “Усіх нашых нацыяналістаў я асуджаю. Усё крычаць за гэтую беларускую мову: маўляў, толькі мова выратуе Беларусь. Усё гэта дробязі, як на маё разуменьне. Няўжо Аўстрыя зь нямецкай мовай дрэнна жыве? Альбо Швэйцарыя – ці яна не жыве зь нямецкай мовай? Жыве! А Канада з ангельскай? Таксама жыве. Гэта папросту чухня нейкая, прыдуманая і неабгрунтаваная. Ці я, можа быць, памыляюся? Ня ведаю. Тады прабачце, калі ласка”.

Пазыцыю спадара Старавойтава падзяліў і новаабраны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Першы, ініцыяваны асабіста Лукашэнкам, рэфэрэндум тычыўся ў тым ліку й перагляду статусу беларускай мовы. У траўні 1995 году другой дзяржаўнай была афіцыйна абвешчана расейская мова. Праграма адраджэньня беларускай мовы, распачатая ў 90-м годзе, стала згортвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG