Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выстаўляе Расеі ўмовы наконт “калінінградзкага транзыту”


Ганна Соўсь, Менск Беларусь не адменіць узмоцненага мытнага кантролю калінінградзкіх грузаў, калі Расея не кампэнсуе стратаў за грузы, якія не дайшлі да пункту прызначэньня і “згубіліся” ў Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі. Расейскія перавозчыкі зьвязваюць увядзеньне Беларусьсю ўзмоцненага мытнага кантролю калінінградзкіх грузаў з энэргетычным канфліктам між дзяржавамі.

Беларускі бок сьцьвярджае, што ўзмоцнены мытны кантроль быў уведзены пасьля таго, як падчас праверак выявілася, што працэдура “калінінградзкі транзыт” актыўна выкарыстоўвалася для арганізацыі незаконнага ўвозу тавараў на тэрыторыю Беларусі.

Як паведаміў старшыня Мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі, з 2003 году беларускія мытныя органы прымалі расейскія гарантыйныя сэртыфікаты на перамяшчэньне транзытных транспартных сродкаў. І была дамоўленасьць, што ў выпадку, калі транспартны сродак не даходзіць да пункту прызначэньня, расейскі бок кампэнсуе страты беларускага бюджэту. Спадар Шпілеўскі даводзіць, што ў 2005-2006 гадах 47 партый грузаў коштам каля 10 мільёнаў даляраў, што накіроўваліся з Калінінградзкай вобласьці, не былі вывезены за межы Беларусі.

Паводле старшыні Мытнага камітэту, падставай для скасаваньня ранейшых дамоўленасьцяў зрабілася адмова Расеі кампэнсаваць страты беларускаму бюджэту ад таго, што два транспартныя сродкі не даехалі да Расейскай Фэдэрацыі і засталіся дзесьці ў Беларусі. Запатрабаванай сумы кампэнсацыі спадар Шпілеўскі не назваў. Не паведамілі яе Радыё Свабода і ў прэсавай службе Мытнага камітэту.

Супрацоўніца: “Аляксандар Францавіч не агучыў гэтае лічбы. Там прынцыпова было тое, што яны не дайшлі, а ня колькі гэты груз каштаваў”.

Прыгаданую суму для Радыё Свабода агучыў першы віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Расеі Аляксей Васількоў.

Васількоў: “Размова пра капеечныя лічбы. Ім сорамна гэтую суму назваць. Яна складае менш за тысячу даляраў”.

Са слоў Аляксея Васількова, расейскія перавозчыкі, якія ідуць “калінінградзкім транзытам”, штодня нясуць страты ад увядзеньня канвою.

Васількоў: “250 даляраў -- з машыны. Лічыце: колькі рэйсаў зроблена, памнажаем на 250. Гэта наўпроставыя страты”.

Якой будзе рэакцыя расейскага боку на патрабаваньні Беларусі кампэнсаваць страты? Прадстаўнік Фэдэральнай мытнай службы Расеі Андрэй Савінкаў паведаміў “Свабодзе”, што рашэньне пакуль не прынята -- вядуцца кансультацыі. А віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Расеі Аляксей Васількоў чакае, што да 1 сакавіка між мытнымі службамі Расеі і Беларусі будзе падпісана транзытнае пагадненьне, у якім усе спрэчныя пытаньні маюць быць урэгуляваны.

Аляксей Васількоў зьвязвае ўзмацненьне Беларусьсю мытнага кантролю калінінградзкіх грузаў з энэргетычным канфліктам краінаў.

Васількоў: “Думаю, што ўвесь пакет быў выстаўлены, каб весьці гандаль. І па часе супадае. Хаця ўказ беларускага прэзыдэнта наконт увядзеньня канвою расейскіх машын, якія вязуць рэчывы, што ўтрымліваюць сьпірт, выйшаў восеньню. А дадатковыя захады што да калінінградзкага транзыту былі прыняты ў студзені”.

Доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба гэтаксама разглядае крокі Беларусі ў пытаньні калінінградзкага транзыту ў рэчышчы беларуска-расейскага энэргетычнага канфлікту.

Жаліба: “Беларускае кіраўніцтва агрызаецца. Лукашэнка ж заявіў: калі Расея балюча стукне нам па адчувальных для нас пазыцыях, то мы будзем у адказ рабіць тое ж самае па адчувальных пазыцыях для Расеі”.

Пасьля ўвядзеньня ўзмоцненага мытнага кантролю жыхары Калінінграду былі фактычна прыроўненыя да замежных грамадзянаў. У сярэдзіне студзеня на смаленскай мытні ўтварыліся вялікія чэргі, бо аўтамабілі з Калінінграду мусілі папярэдне арганізавацца ў калёну 90-140 аўтамабіляў. Расейскія дальнабойшчыкі наладжвалі акцыі пратэсту і блякавалі мытны пост “Красная горка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG