Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Мельяновіч 28.8.1934, в. Азярніца (цяпер Лунінецкі раён) — 6.10.2004, г. Брансўік, штат Агаё, ЗША. Пахаваны ў в. Азярніца.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Пры канцы 1980-х у менскім Палацы спорту дэманстравалася выстава амэрыканскай тэхнікі. Больш за экспанаты многіх наведнікаў уражваў амэрыканец, які выдатна гаварыў па-беларуску. Як я пазьней даведаўся, магчыма, менавіта з гэтае прычыны яму, Васілю Мельяновічу, так і не дазволілі тады наведаць родную палескую вёску.

Па-сапраўднаму мы пазнаёміліся ўжо ў Амэрыцы, праехаўшы з Васілём зь дзясятак штатаў — ад сталіцы да Кліўлэнду. Пра чалавека вельмі шмат могуць сказаць драбніцы: у майго спадарожніка на гадзіньніку былі два цыфэрбляты, стрэлкі якіх паказвалі час з разьбежкаю на сем гадзінаў, што існуе паміж Менскам і Нью-Ёркам.

Едучы па спадзістых, як дзе-небудзь пад Наваградкам, пэнсыльванскіх пагорках пад музыку нашых фальклёрных гуртоў, я лавіў сябе на адчуваньні, што знаходжуся ў нейкай ідэальнай Беларусі. У доме ў Мельяновіча ілюзія адно мацнела: беларуская бібліятэка, калекцыя ручнікоў, прывезеная з пошты пульхная капэрта беларускай пэрыёдыкі...

Васіль любіў жыцьцё ўва ўсіх ягоных праявах. Ён быў нястомным падарожнікам, цаніў жаночую прыгажосьць, азартна ўдзельнічаў у аўкцыёнах. Але найбольш любіў Беларусь. Ён проста мроіў сваю вёску, моцны й вялікі бацькоўскі дом, дзе цяпер месьціцца школа. Ён — адзіны зь вядомых мне амэрыканскіх беларусаў — паважна зьбіраўся вярнуцца на Радзіму: прыцэньваўся да менскіх кватэраў, месяцамі жыў у Беларусі, доўга наймаў двухпакаёўку насупроць колішняга “Патсдаму”.

Пасьля выхаду на пэнсію Васіль цалкам аддаўся беларускай справе. Дзеля спрыяньня кантактам ЗША зь Беларусьсю ён заснаваў Беларуска-амэрыканскую інфармацыйную службу. Асабіста знаёмы з Рональдам Рэйганам і Джорджам Бушам-старэйшым, узброены шматгадовым досьведам удзелу ў прэзыдэнцкіх ды іншых выбарчых кампаніях, ён прапаноўваў беларускай апазыцыі свае паслугі, і бываў глыбока абражаны, калі заставаўся незапатрабаваным.

Яго вяртаньне дадому ўсё ж зьдзейсьнілася, няхай сабе й пасьля сыходу з гэтага сьвету. Жонка Тацяна, вядомая ў Беларусі журналістка й мастачка, пахавала урну з Васілёвым прахам у Азярніцы, побач з магілаю яго дзеда.
XS
SM
MD
LG