Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы падтрымалі Пуціна ў нафта-газавым канфлікце з Беларусьсю


Паводле БелаПАН 71% расейцаў лічаць, што жорсткая пазыцыя, занятая кіраўніцтвам Расеі падчас беларуска-расійскага нафтагазавага крызысу, адпавядае нацыянальным інтарэсам, 45% схільныя ўскласьці адказнасьць за тое, што адбылося, на Беларусь і 10% рэспандэнтаў лічаць, што расейскі бок нясе адказнасьць за крызыс. Такія вынікі сацапытаньня, праведзенага Усерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі.

Больш за палову расейцаў ня бачаць за канфліктам прыхаваных палітычных матываў, 57% лічаць, што кіраўніцтва Расеі дэманструе прынцыповы падыход, скіраваны на пераход да сумленных рыначных адносін, і толькі 17% тлумачаць тое, што адбываецца, спробай палітычнага ўціску на Беларусь. Інтарэсамі "Газпрома" прычыну канфлікту тлумачаць 23% апытаных, 61% лічаць, што нацыянальныя інтарэсы або пераважаюць, або супадаюць з інтарэсамі манаполіі.

Згодна з апытаньнем, 29% рэспандэнтаў працягваюць лічыць неабходным стварэньне раўнапраўнага саюзу, для 39% саюз здаецца наогул непатрэбным, а 22% гатовыя прыняць Беларусь у склад Расіі як адзін з рэгіёнаў. Што да стаўленьня да Аляксандра Лукашэнкі, то ў расейцаў да лідэра суседняй краіны стаўленьне наступнае: галоўным чынам ён выклікае абыякавасьць (35%), нэгатыўна яго ацэньваюць у цэлым 36% (расчараваньне - 8%, недавер - 12%, антыпатыя - 7%, асуджэньне - 5%, ськепсіс - 3%, нянавісьць - 1%); пазытыўна - таксама 36% (захапленьне - 1%, надзея - 7%, сымпатыя - 8%, павага - 15%, давер - 5%, любоў - 0%). Пад час апытаньня рэспандэнты маглі даць больш за адзін адказ, таму сума перавышае 100%.
XS
SM
MD
LG