Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто такая таварыш Ярмошына і якая прававая вартасьць падпісаных ёю “лёсавызначальных” дакумэнтаў?” (1997)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Агляд беларускай прэсы розных гадоў

“Советская Белоруссия”, 1947 год. Напярэдадні выбараў нагадваецца:

“Участковыя выбарчыя камісіі ў пасажырскіх цягніках далёкага сьледаваньня ўтвараюцца ў складзе старшыні, сакратара і трох сябраў і зацьвярджаюцца выканкамамі раённых ці гарадзкіх саветаў у месцы знаходжаньня цэнтру выбарчай акругі, да якога прыпісаны выбарчыя ўчасткі пасажырскіх цягнікоў. Галасаваньне ў пасажырскіх цягніках далёкага сьледаваньня будзе адбывацца ў адмыслова абсталяваным купэ аднаго з вагонаў. Пасажыры, якія з тых ці іншых прычын ня змогуць прайсьці ў вагон для галасаваньня… запаўняюць выбарчыя бюлетэні ў службовым аддзяленьні правадніка вагону і будуць апускаць бюлетэні ў выбарчую скрыню паменшанага памеру”.

“Вечерний Минск”, 1987 год. Падаецца паведамленьне пра новае ў фотатэхніцы:

“У новай канструкцыі адлюстраваньне праходзіць праз паўправадніковы крышталь (чып) і фіксуецца па спэцыяльным дыску дыямэтра пяць см. Дыск дазваляе праглядаць адлюстраваньне на экране тэлевізару і перадаваць яго па тэлефоне з дапамогай прызначанага для гэтага пераўтваральніка. Кошт новага апарату высокі — 2.595 даляраў. Яшчэ даражэйшыя прыстасаваньне для друку — 6.950 даляраў і пераўтваральнік для перадачы адлюстраваньня — 19.900 даляраў. Таму спэцыялісты лічаць, што попыт на традыцыйныя стужкавыя апараты захаваецца да 2000 году”. “Свободные новости”, 1997 год. Аляксандар Тамковіч прыгадвае дзень звальненьня Віктара Ганчара з пасады старшыні Цэнтравыбаркаму — 10.01.97:

“Менавіта з гэтага дня, калі верыць прапрэзыдэнцкім справаводцам, Ганчар можа лічыць сябе звольненым. А калі так, дык цалкам лягічна дапусьціць, што да 10.01.97 г. крэсла старшыні ЦВК належала чалавеку, які афіцыйна назваў вынікі рэфэрэндуму фарсам і катэгарычна адмовіўся іх прызнаць. У гэтай сувязі цалкам слушна паўстае пытаньне: хто такая таварыш Ярмошына і якая прававая вартасьць падпісаных ёю “лёсавызначальных” дакумэнтаў?”
XS
SM
MD
LG