Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгажыхарка з Барысаўшчыны памятае ўладу Леніна і растрэл цара (фота)


Віталь Сямашка, Лошніца У пасёлку Лошніца на Барысаўшчыне жыве, паводле апошняга перапісу, галоўная раённая доўгажыхарка. Надзеі Голуб неўзабаве споўніцца 100 гадоў. Днямі пра гэта ўзгадалі ў Барысаўскім райвыканкаме, у сувязі з чым запрасілі яе, каб урачыста ўручыць адмысловы “вэртыкальны” падарунак.

Падарунак перада мной. Гэта звычайная баваўняная коўдра. Перада мной і цётка Надзея, якая дагэтуль ня можа ўцяміць яго сэнс. Але ўспрыняла ўсё з гумарам.

Голуб: (сьмяецца ) “Сказалі, на ўвесь раён няма такіх. Будзе 100 гадоў 11 чэрвеня. А ці дажыву я?”

Карэспандэнт: “Дажывяце, добра выглядаеце! А які сакрэт ёсьць, каб да ста гадоў дажыць?”

Голуб: “А… Каб сказаць, што я дужа здаровая, дык не. У маёй радзіне столькі гадоў пражыла толькі я. Жыву адна 27 гадоў, як памёр гаспадар. Працавала гаспадыняй усё жыцьцё, дзяцей гадавала. А муж забясьпечваў мяне ўсім. 20 гадоў мы гандлявалі ў краме, але я там не была аформлена, бо муж казаў: калі якая патрата, дык адзін буду адказваць...”

Хата ў спадарыні Голуб вялікая, але печку здольная яшчэ тапіць сама. Выходзіць і ў бліжэйшую краму. Ейная пэнсія 180 тысяч – кажа, на хлеб хапае. Пахавала трох дачок з пяці. Захавала добрую памяць і добры голас. Гэтага дастаткова, каб сьпяваць у вольную часіну любімыя прыпеўкі, якіх назапасіла за доўгае жыцьцё процьму.

Голуб: “Песьню? Усе песьні ведаю зь дзяцінства, усе па-беларуску. (сьпявае ) Перастаньце вы, граждане, самагонку ўчыняць І здагадайцеся вы самі, што прыдзецца галадаць Атрымаў заробак я 92 рубля, 90 на прапой, 2 рублі паслаў дамоў.”



Карэспандэнт: “А калі найбольш цяжка жыць было?”

Голуб: “Зусім дрэнна было, калі Ленін заступіў, цара расстралялі – 20 гадоў была галадоўка. Ён жа зрабіў калгасы гэтыя. Кажа, бабы ня будуць кросны ткаць і лапці насіць. А як жа мы будзем абувацца ўсе?! Прыяжджалі аратары на сходы, і мы хадзілі слухаць. А мы ж толькі жылі з кросен. Ледзь перажылі голад у 33-ім. Дзёрлі лісьце з дрэва, мох дралі. Суседка прыйшла да мяне: выручай, шэсьць дзяцей, усе папухлі-паляглі. Кажу, нічога няма, толькі боб. Я ёй зачэрпала, і яна мне гэты боб успамінала 15 гадоў. Казала: два кубачкі зварыць – вада смачненькая, жоўценькая. І ўратавала дзяцей…”

На разьвітаньне гаспадыня запрасіла на юбілей і дзеля заахвочваньня напела яшчэ адну прыпеўку.

Голуб: “Не хадзіце, дзеўкі, замуж – замужам нявесела. Адна дзеўка выйшла замуж – калыбель павесіла. Не хадзіце, дзеўкі, замуж, не любіце баб’ю жысьць Муж на вуліцу ня пусьця, скажа, спаць са мной кладзісь. (сьмяецца )
XS
SM
MD
LG