Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вера ў магію – асаблівасьць чалавечага мозгу


Тацяна Поклад, Прага Новыя дасьледаваньні псыхолягаў і антраполягаў сьведчаць, што звычка да гэтак званага магічнага мысьленьня –вера, да прыкладу, у тое, што чалавека можна сурочыць, што вядзьмак можа наслаць хваробу, насамрэч значна шырэй распаўсюджаная, чым у гэтым прынята прызнавацца. Гэтаксама як і вера ў прыкметы ды іншыя забабоны. І зьвязана гэта ня столькі з рэлігійнасьцю, колькі з асаблівасьцямі чалавечага мозгу.

Навукоўцы адзначаюць, што вера ў магію ня мае дачыненьня да пабожнасьці. Рэлігійныя вераваньні значна шэрэйшыя і глыбейшыя за забабоны, таму што утрымліваюць цэлы спэктар пытаньняў маралі, правілаў грамадзкага жыцьця, гісторыю. Але магічнае мысьленьне – альбо вера ў забабоны, стварае цэлы нябачны сусьвет рытуалаў і звычаяў, якія суправаджаюць чалавека штодня на кожным кроку.

Пра апошнія дасьледаваньні ў гэтай сфэры напісала амэрыканская газэта “Нью-Ёрк Таймз” (“Ці верыце вы ў чарадзейства?”, Бэнэдыкт Кэры).

Прычына забабонаў, веры ў чарадзейства – ў асаблівасьцях мозгу чалавека. Існуе адмысловая сыстэма, якая дапамагае чалавеку зьмяншаць стрэсы ад страху і напружаньня, змагацца з дэпрэсіяй. Калі апаноўвае няўпэўненасьць, страх, стома, чалавек пачынае шукаць вакол сябе прыкметы, зьявы, якія б яму дапамглі пераадолець няўпэўненасьць, альбо пачынае сам рабіць нешта такое, што яго магло б супакоіць. Адсюль – вера ў добрыя і дрэнныя прыкметы, вера ў моц нейкіх дзеяньняў, якія на першы пагляд могуць здавацца дзіўнымі і бессэнсоўнымі.

Прафэсар псыхалёгіі і антрапалёгіі Вашынгтонскага ўнівэрсытэту Паскаль Бойер кажа, што мозг чалавека мае такую сыстэму, як бы сеціва, якое спэцыялізуецца на тым, што стварае магічныя, нязвычайныя тлумачэньні падзеяў у пэўных сытуацыях.

Такім чынам, дарослым вера ў забабоны часам дапамагае падтрымліваць сябе “ў форме”.

Дзеці дэманструюць магічнае мысьленьне ад 18 месяцаў, калі яны пачынаюць ствараць уяўны сьвет у часе гульняў. У тры гады яны ведаюць розьніцу паміж казкай і рэчаіснасьцю, але вераць у Дзеда Мароза, - пры падтрымцы дарослых, дарэчы. Гэта той самы час, калі дзяцей вучаць маліцца, адзначае прафэсар псыхалёгіі Ўнівэрсытэту ў Тэхасе Жаклін Улі. Яна кажа: “Мэханізм ўжо закладзены – дзеці ўжо ведаюць, што вера дапаможа выканаць жаданьні і мары”. Недзе гадоў у восемь, часам раней, веру ў Дзеда Мароза дзеці ўжо адкідаюць, і мяжа паміж магічным і рэальным ў іх прыкладна ўжо такая самая, як і ў дарослых.

Звычайна лічыцца, што чым больш адукаваны чалавек, тым меней ён схільны верыць ў забабоны. Аднак апошнія навуковыя экспэрымэнты даказваюць іншае.

Мінулым летам былі апублікаваныя вынікі цэлай сэрыі экспэрымэнтаў, якія праводзілі псыхолягі ў Прынстане і Гарвардзе. Яны паказалі, як лёгка утвараецца магічнае мысьленьне – вера ў чарадзейства, прыкметы, у высокаадукаваных маладых дарослых людзей.

Чаму людзі ствараюць ілюзію магічнай сілы? Прафэсар псыхалёгіі Эмілі Пронін адзначае, што мозг чалавека разьвівае меркаваньне пра падзеі і робіць высновы звычайна яшчэ да таго, як пачынае дзейнічаць лагічнае мысьленьне. Таму усе назапашаныя ў часе адукацыі веды не пасьпяваюць уплываць на тыя высновы, якія робіць мозг, назіраючы за незвычайным.

Напрыклад, навукоўцы назіралі за групай людзей, якія глядзелі звычайны фокус: штукар клаў манэтку на далонь, сьцьскаў кулак, а калі разгінаў пальцы – манэтка зьнікала. У людзей, якія назіралі за гэтым, імпульсы актыўнасьці фіксаваліся у левым паўшар’і мозгу, якое звычайна дзейнічае, калі людзі фарміруюць гіпотэзы ў незразумелых сытуацыях, фантазуюць, абапіраючыся на інтуіцыю, а не на лёгіку.

Магічнае мысьленьне найбольш заўважнае, калі людзі адчуваюць сябе бездапаможнымі перад вайной, стыхіяй, абставінамі, якія ад іх не залежаць. Ў такіх выпадках вера ў незвычайнае дапамагае людзям захаваць раўнавагу і псыхічнае здароўе. Таму, навукоўцы адзначаюць, магічнае мысьленьне, забабоны – гэта лад жыцьця ў, да прыкладу, спартовых камандах, за сталамі азартных гульцоў альбо на караблях ў адкрытым акіяне.
XS
SM
MD
LG