Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Літаратурная кавярня" ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Культурніцкі праект “Літаратурная кавярня” стартаваў у Менску 25 студзеня з прэзэнтацыі творчасьці празаіка Альгерда Бахарэвіча. Інстытут Гётэ ў Менску і Цэнтар міжнародных дасьледваньняў плянуюць рэгулярныя творчыя сустрэчы ў рамках прэзэнтацыі клясычнай і сучаснай нямецкамоўнай і беларускамоўнай літаратур.

Карэспандэнт: “Невялікая ўтульная заля, некалькі столікаў, на якіх стаіць печыва, тут прапануюць каву і гарбату, гараць сьвечкі…

Творчасьць Альгерда Бахарэвіча прэзэнтавала малады крытык і паэтка Віка Трэнас, якая спаслалася на апытаньне культурніцкага сайту “Новая Эўропа”, чые наведнікі прызналі Альгерда Бахарэвіча пісьменьнікам 2006 году ў Беларусі:

Трэнас: “Калі ж гаварыць увогуле пра становішча сучаснай літаратуры, побач з нават самымі новымі мастацкімі пошукамі ў нас яшчэ існуюць перажыткі савецкага часу. Такая сытуацыя ўзьнікла ў выніку перарванасьці культурных традыцыяў. Зрэшты, новае пакаленьне беларускіх пісьменьнікаў знайшла ў сабе сілы і досьвед, для таго, каб узнавіць прабелы ў беларускай літаратуры”.

Паводле Вікі Трэнас, інтэлектуальная літаратура Беларусі мае эўрапейскі ўзровень і чытаецца лёгка і займальна. Віка Трэнас кажа, што скразная тэма творчасьці Альгерда Бахарэвіча - становішча самотнага інтэлектуала ў калектывісцкім грамадзтве.

Сам Альгерд Бахарэвіч сытуацыю ў беларускай літаратуры бачыць наступным чынам:

Бахарэвіч: “Вельмі шматлікая групоўка яшчэ савецкага кшталту, якія ў нас яшчэ не перавяліся – з іх складаецца большасьць нашых сяброў абодвух саюзаў пісьменьнікаў. Для мяне наагул галоўнае – гэта талент. І калі не браць у разьлік маіх сяброў, мне падаюцца самымі таленавітымі і цікавымі пісьменьнікамі ў Беларусі Ўладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Адам Глёбус і Юры Станкевіч”.

Свайго чытача Альгер Бахарэвіч уяўляе наступным чынам:

Бахарэвіч: “Гэта чалавек вельмі адукаваны, вельмі чулы – ня толькі да мастацтва. Гэта чалавек вельмі нэрвовы, гэта чалавек раззлаваны на ўсё: на грамадзтва, на людзей вакол… Мяркую, гэта малады чалавек, па маіх назіраньнях – крыху маладзейшы за мяне”.

Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў Менску ў 1975 годзе, аўтар трох кніг прозы: “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, выданьне 2006 году – “Ніякай літасьці Валянціне Г”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG