Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа за 25-га студзеня


Зьміцер Падбярэзскі, Менск У цэнтры ўвагі беларускага Сеціва сёньня — інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі нямецкай газэце “Die Welt”.

На форуме “Палітыка” партал tut.by нехта Beefheart піша: “У цэлым інтэрвію нармальнае. Лукашэнка спрабуе растлумачыць свой погляд на рэчы і пры гэтым застаецца цалкам адэкватным чалавекам. Відаць, іміджмэйкеры парупіліся». White заўважае: “Де жа вю? Толькі ў мінулы раз "Беларусь дапамагала Расеі абараняць заходнія межы". Кшталт піша: «Максымум на што можа разьлічваць Лукашэнка — гэта саюзная дзяржава з Аляксандрам Рарам". У іншым форуме, дзе абмяркоўваюць зьмешчаныя на партале артыкулы, быстрый и мёртвый зьдзіўляеца: «У прамовах гэтага дзіўнага вусатага чалавека вельмі часта прасьлізгваюць настолькі непрыемныя выказваньні літаральна аб усіх суседзях-лідэрах, што мне не зразумела, як яны дагэтуль паціскаюць яму руку...»

У інтэрнэт-суполцы minsk_by Яўген Ліпковіч са спасылкай на «Інтэрфакс» напісаў: «Старшыня праўленьня ТАА «Приорбанк» Сяргей Касьцючэнка ў чацьвер у Менску на паседжаньні калегіі Міністэрства прамысловасьці заявіў аб тым, што ТАА "Приорбанк" прыпыніў крэдытаваньне беларускіх прадпрыемстваў». У камэнтарах да гэтага паведамленьня lukevader выказвае здагадку: «Магу толькі меркаваць, што ў «Приорбанке» палічылі, што ва ўмовах падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты крэдытаваньне прадпрыемстваў будзе мець стратны характар». Куды больш катэгарычны l_u_f_t: “Калі банк пайшоў нават на такое, гэта значыць толькі адно: канец блізкі. «Бабло» амаль скончылася, амаль».

У той самай суполцы minsk_by anysyst праводзіць апытаньне: «Ці давяраеце вы партыйнай апазыцыі?» Вось якія вынікі можна было пабачыць сёньня: «Так — 2.9%; хутчэй так — 12.3%; ня маю пэўнага меркаваньня — 8.7%; хутчэй не — 25.4%; не — 40.6%; мне ўсё адно — 10.1%».

УніВера на інфармацыйным партале studenty.by піша: “Апублікаваны ўчора раман «Апошнія паведамленьні» Ханну Лунціалы (Hannu Luntiala, "The Last Messages") распавядае аб фіне, які звольніўся з пасады кіраўніка IT-кампаніі. Галоўны герой вандруе па Эўропе і Індыі і мае стасункі са сваімі сябрамі ды роднымі толькі праз SMS. Фіны — фінамі, а Глеб Лабадзенка яшчэ год таму выдаў складанку pager-вершаў, якія раней праз SMS-кі ды пэйджар скідаў сябрам». Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG