Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі тэнар Гарадзецкі атрымаў дыплём на прэстыжным конкурсе


Юлія Шарова, Менск Беларускі тэнар Юры Гарадзецкі, студэнт Беларускай акадэміі музыкі атрымаў дыплём на прэстыжным міжнародным конкурсе вакалістаў імя Франсыска Віньяса. Конкурс, які праходзіў з 9 да 21 студзеня ў Барсэлёне ўжо 44-ты раз, сабраў каля трохсот удзельнікаў з розных краінаў сьвету.

Апроч дыплёму, малады беларускі сьпявак выйграў таксама вандроўку на стажыроўку ў Францыю, дзе ён здолее удасканаліць сваё вакальнае майстэрства.

Юрыю Гарадзецкаму 23 гады, ён вучыцца на пятым курсе Беларускай акадэміі музыкі ў клясе прафэсара Леаніда Івашкова. Нягледзячы на сваю маладосьць, Юры ўжо саліст опэрнага тэатру, які пасьпеў прасьпяваць у гэтым сэзоне тры спэктаклі – у яго рэпэртуары партыі Ленскага (“Яўгені Анегін”) і Моцарта (“Моцарт і Сальеры”). Раней у опэрнай студыі пры Акадэміі музыкі ён прасьпяваў Нэмарыно ў “Элексыры каханьня”

Юры выступаў на конкурсе ў намінацыі “Араторыя-песьні”. Сьпявак лічыць, што гэтакі ўдалы для яго вынік – гэта найперш заслуга ягонага пэдагога па клясе канцэртна-камэрных сьпевах прафэсара Віктара Скарабагатава. Гэты пэдагог здольны даць вучню тое, за што цяпер сьпевакам плацяць грошы, жартуе Юры Гарадзецкі. А потым сур’ёзна тлумачыць

Гарадзецкі: “Людзі хочуць пачуць музыку. Музыка – гэта ня ноты і гэта ня моц гуку. Музыка – гэта тая думка кампазытара, які нешта хацеў сказаць. Дык вось калі гэтая думка разгаданая й пераданая голасам разам з унутраным пачуцьцём, з укладаньнем душы – тады атрымліваецца гэта музыка. Менавіта над гэтым я пачаў працаваць”.

Віктар Скорабагатаў, якому й выпала рыхтаваць тэнара менавіта да гэтага конкурсу, ніякіх славалюбівых мэтаў ня ставіў. Ён лічыў больш каштоўным, каб Юры папросту трапіў у Эўропу й паглядзеў на ўзровень тамтэйшых вакалістаў. Дарэчы, калі Юры на другім курсе толькі прыйшоў да яго на ўрок камэрных сьпеваў, спадар Скорабагатаў ня мог падумаць, як хутка малады тэнар будзе разьвівацца.

Раней беларусы таксама ўдала выступалі на конкурсе Віньяса. Так, у 1993 годзе, трэцюю прэмію там дастала й выпускніца менскай кансэрваторыі Ірына Гардзей, але яна тады ўжо сьпявала ў маскоўскім тэатры імя Станіслаўскага й Неміровіча-Данчанкі. Сёлетні дыплямант Юры Гарадзецкі рэпрэзэнтаваў Беларусь.

Пра свае далейшыя пляны сьпявак кажа наступнае:

Гарадзецкі: “Мне трэба нейкую рэпутацыю сабе заваёўваць у тэатры, трэба працаваць, нягледзячы ні на што. Папросту рабіць, рабіць і рабіць. Цяпер у мяне ўрокі па “Чарадзйнай флейце” Моцарта.
XS
SM
MD
LG