Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: "Сёньня беларуская літаратура выглядае годна"


Гутарыў Сяргей Абламейка, Прага Мінулы месяц на запрашэньне Швэдзкага Інстытуту і швэдзкага ПЭН-цэнтру вядомы пісьменьнік правёў у Швэцыі, на востраве Готланд. Уладзімер Арлоў адказвае на пытаньні Свабоды.

Абламейка: "Ці ўбачаць чытачы Ваша чарговае падарожнае эсэ – на гэты раз пра Швэцыю? І наогул, ці плённаю аказалася паездка?"

Уладзімер Арлоў: "Ведаеце, Сяргей, Готланд - гэта такая фантастычная мясьціна! Готланд называюць выспаю ста цэркваў. Гэтыя цэрквы - сапраўдныя готыка. Уявіце: вы сядзіцё за сталом у доме, які збудаваны на скале. Унізе гатычны храм XIII стагодзьдзя, а нападалёк - мора. А каля дома, нягледзячы на канец сьнежня, цьвітуць ружы. А там яны цьвітуць круглы год, і ёсьць звычай на калядны стол ставіць букет ружаў з уласнага кветніка.

Гэты дом на скале, які афіцыйна называецца Балтыйскім цэнтрам пісьменьнікаў і перакладчыкаў, знаходзіцца ў старажытным гарадку Візьбі, які занесены ў сьпіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Ну а перад Готландам было некалькі насычаных дзён у Стакгольме. Гэта знаёмства з іншай культурай, калегамі, наведваньне музэяў, у тым ліку і літаратурнага музэю Аўгуста Стрынбэрга. Літаратурная вечарына ў Швэдзкім саюзе пісьменьнікаў. Думаю, што вынікам усіх гэтых уражаньняў сапраўды стане новае эсэ. А яшчэ адным плёнам стаў зроблены на Готландзе пераклад раману "Рівна Ровна" майго ўкраінскага сябра Аляксандра Ірванца. Дарэчы, гэты твор ужо выйшаў на некалькіх эўрапейскіх мовах. І, спадзяюся, у 2007 годзе ён пабачыць сьвет і па-беларуску".

Абламейка: "Мне запомнілася, як Васіль Быкаў падчас жыцьця ў Празе ня раз гаварыў, што стаміўся ад мастацкай літаратуры і больш яе не чытае. Мяне, казаў Васіль Уладзімеравіч, цікавіць жыцьцё ва ўсіх яго праявах. Таму ён чытаў пэрыёдыку, мэмуары, эсэістыку. А што цяпер з ахвотай чытае пісьменьнік Уладзімер Арлоў?"

Арлоў: "Мне знаёмае пачуцьцё, пра якое казаў Васіль Уладзіміравіч, але канчатковай стомы ад чытаньня мастацкай літаратуры яшчэ ў мяне не надышло. У Швэцыі я чытаў Стрынбэрга, там жа прачытаў "Бліндаж" - выдатную няскончаную аповесьць Быкава.

Дарэчы, у тым жа пісьменьніцкім доме на Готландзе Васіль Уладзіміравіч быў некалькі разоў і пакінуў па сабе ня толькі па сабе добрую памяць і запіс у кнізе гасьцей, але й вельмі цікавыя малюнкі, зь якімі там здарылася амаль дэтэктыўная гісторыя. Яны зьніклі з адным госьцем гэтага дома, але, на шчасьце, туды вярнуліся і я спадзяюся, што наш беларускі чытач з гэтымі малюнкамі неўзабаве пазнаёміцца.

Ну, а што да кола чытаньня... Апошнім часам я чытаў шмат гістарычнай, навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Гэты было зьвязана з працай над новым выданьнем маіх "Таямніцаў полацкай гісторыі", з працягам кнігі "Краіна-Беларусь", якім стане наша новая з мастаком Зьмітром Герасімовічам праца, прысьвечаная Вялікаму княству Літоўскаму. І кола чытаньня вызначалася таксама штодзённай праграмай "Імёны Свабоды", якую я вось ужо другі год вяду на радыё.

Абламейка: "Некалі мне, студэнту, вельмі радасна было прачытаць Вашу першую кніжку “Добры дзень мая шыпшына”. Тады адразу падумалася – ну вось, дзякуй Богу, на зьмену Караткевічу прыйшоў Арлоў, будзе каму далей пісаць гістарычную прозу. Ваш пісьменьніцкі лёс, аднак, пайшоў троху інакш – зь ня меншым посьпехам Вы сталі асэнсоўваць гісторыю больш публіцыстычна, чым па-мастацку. Ці маеце ў плянах вялікія гістарычныя мастацкія рэчы?"

Арлоў: "На маю думку, мы цяпер перажываем пэрыяд, калі беларускі чытач імкнецца пераканацца, што ўсё тое, аб чым распавялі ў сваіх гістарычных раманах, аповесьцях, навэлях Караткевіч, Кастусь Тарасаў, Вольга Іпатава, - што гэта сапраўды было.

Я маю на ўвазе не канкрэтныя сюжэты, а сам погляд на нашае мінулае як на гісторыю эўрапейскага народу. Дык вось чытач, як мне ўяўляецца, прагне цяпер атрымаць дакумэнтальныя сьведчаньні гэтай гісторыі. Таму такую ўстойлівую папулярнасьць маюць кнігі, створаныя на мяжы літаратуры і гістарычнай навукі.

Калі казаць пра свой уласны досьвед, дык самую вялікую колькасьць водгукаў - некалькі сотняў - я атрымаў не на зборнікі гістарычных апавяданьняў і аповесьцяў, а на згаданую ўжо кнігу гістарычных эсэ "Таямніцы полацкай гісторыі". Яна пасьля вытрымала тры выданьні, і цяпер рыхтуецца наступнае выданьне.

Чатырма выданьнямі выходзілі напісаныя мною разам зь Генадзем Сагановічам "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", мая кніжка для дзяцей "Адкуль наш род".

І, нягледзячы на немалы для Беларусі кошт, знайшоў свайго чытача фаліянт "Краіна Беларусь", над якой мы працавалі разам зь Зьмітром Герасімовічам. Я спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні ўрэчаісьніцца праекты выхаду гэтай кнігі ў перакладзе на іншыя мовы.

Такія праекты, напэўна, ва ўсіх іншых краінах, апрача Беларусі, падтрымлівае дзяржава. У нас жа гэтая дзяржава ў лепшым разе не перашкаджае.

Ну, у што да плянаў мастацкіх гістарычных рэчаў, дык хачу завяршыць пачатую аповесьць пра Міхала Валовіча - паўстанца 1831 году, які праз 2 гады кінуў спакойнае жыцьцё ў Парыжы, вярнуўся з эміграцыі ў Беларусь, каб працягваць змагацца. Стварыў партызанскі аддзел і загінуў на царскай шыбеніцы. Яго выдаў блізкі сваяк".

Абламейка: "Цяпер беларуская літаратура перажывае пару зьмены пакаленьняў. Ужо ня так шмат засталося людзей, каго можна назваць заплеччам беларускай літаратуры. Як Вы ацэньваеце сёньняшні стан беларускай літаратуры і яе пэрспэктывы? Ці вернецца некалі грамадзкі статус беларускай літаратуры, ці гэта была выключна савецкая зьява?"

Арлоў: " Зьмена пакаленьняў у любой літаратуры адбываецца пэрманэнтна. Я ня схільны таму драматызаваць сытуацыю. Сёньня беларуская літаратура годна выглядае ў эўрапейскім кантэксьце. Я б нават рызыкнуў сказаць, што да яе падвышаецца цікавасьць. Прынамсі, у нашых суседзяў. У Польшчы выходзіць цэлая перакладная сэрыя "Бібліятэка беларуская". У Чэхіі нядаўна выйшла анталёгія беларускага апавяданьня.

Мы зьяўляемся сьведкамі таго, як сучасны рэжым, бачачы ў беларускай нацыянальнай ідэі небясьпеку для свайго існаваньня, імкнецца пасьлядоўна вынішчаць. Ці заганяць у андэграўнд усе лепшыя праявы беларускай культуры.

Пісьменьнікі, як вядома, падзеленыя на "чэсных" і "нячэсных". Чэсныя правялі нядаўна свой зьезд, ад якога павеяла смуродам 30-х гадоў. Чаго толькі вартая заява кіраўніка таго саюзу пісьменьнікў ці пісацелей Чаргінца пра тое, што Натальля Арсеньнева нібыта выдавала фашыстоўцам беларускіх падпольшчыкаў, якіх аблівалі бэнзынам і жыўцом спальвалі.

Гучалі на тым зьезьдзе заклікі падвысіць згаданы Вамі грамадзкі статус беларускай літаратуры. Як гэта будзе выглядаць? Магчыма, расейскамоўным Чаргінцу і Скобелеву нададуць званьне Народных пісьменьнікаў Беларусі. Магчыма, перагледзяць школьныя праграмы, выкінуўшы адтуль творы "сталпоў апазыцыі", як гаварылася на тым зьезьдзе.

Напэўна, будуць візыты па краіне агітбрыгадаў правільных пісьменьнікаў. Адна мая знаёмая настаўніца з жахам распавядала пра адну з такіх сустрэчаў, дзе пэдагогаў папярэджвалі пра небясьпеку кантактаў маладога пакаленьня з Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным і яшчэ дзясяткам вядомых і папулярных у краіне літаратараў.

Наагул жа я мару пра тое час, калі літаратура і літаратары будуць займацца толькі сваімі літаратурнымі справамі, але гэта магчыма толькі ў свабодным грамадзтве. Ва ўмовах жа несвабоды пісьменьніка змушаюць быць ня толькі пісьменьнікам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG