Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін ня верыць у шчырасьць уладаў у дыялёгу з Эўропай


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін вітаў прапанову старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна правесьці міжнародную экспэртызу спраў беларускіх палітвязьняў, але палітык мае сумнеў наконт шчырасьці беларускіх уладаў. Пра гэта паведаміў адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч, які сустрэўся з палітыкам у калёніі.

25 студзеня адвакат Ігар Рынкевіч сустрэўся з Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі, дзе ўтрымліваюць былога кандыдата на прэзыдэнта. Адвакат перадаў камэнтар палітыка на прапанову старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна да беларускіх уладаў адносна спраў палітвязьняў. Эўрапейскі палітык прапанаваў правесьці міжнародную экспэртызу спраў, якія беларускія ўлады ня лічаць палітычнымі. Што думае пра гэта Аляксандар Казулін?

Рынкевіч: “Казулін сказаў, што ён сам і адвакаты гатовы да правядзеньня міжнароднай экспэртызы па ягонай крымінальнай справе. Ён перакананы, што такая экспэртыза пакажа: справа палітычна матываваная. Пры гэтым Казулін упэўнены, што ўлада адмовіць у правядзеньні такіх экспэртыз. Ён падкрэсьліў: Аляксандар Лукашэнка 12 гадоў толькі бярэ, нічога не даючы ўзамен, гэтаксама і ў пытаньнях дэмакратызацыі краіны ён ніводнага разу не саступіў”.

Адвакат таксама паведаміў, што Аляксандар Казулін тры тыдні адчуваў сябе вельмі дрэнна, ляжаў у ложку, і толькі тры дні таму пачаў хадзіць. Што да пытаньня зносін з адміністрацыяй калёніі, Ігар Рынкевіч адзначыў: “Цяпер пра гэтыя праблемы Казулін мне нічога не сказаў”.

Нагадаем: спадар Казулін асуджаны да 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Вінаватым сябе ён не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі. Напрыканцы мінулага году палітык цягам 53 дзён трымаў галадоўку пратэсту.
XS
SM
MD
LG