Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка пра эўра ў Беларусі: “Ўсё магчыма”


Радыё Свабода У навязваньні Масквой расейскага рубля ў якасьці агульнай валюты мы бачым задуму адабраць нашу незалежнасьць ускосным шляхам – сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію палітолягу Аляксандру Рару для нямецкай газэты Die Welt. Лукашэнка заявіў, што “ніколі не пагодзіцца на паглынаньне Расеяй Беларусі.

“Ня дзеля таго я ў свой час быў абраны першым прэзыдэнтам, каб праз дзясятак гадоў сьцерці сваю краіну з геаграфічнай мапы Эўропы”. Адначасна, Лукашэнка выказаўся за “саюзную дзяржаву з Расеяй, дзе абедзьве дзяржавы былі б раўнапраўнымі”.

“Я самы адкрыты прэзыдэнт у сьвеце, я не люблю піяр і не дазваляю, каб мяне “раскручвалі”, фатаграфуючы у форме для спартовых спаборніцтваў – сказаў Лукашэнка на пачатку інтэрвію і дадаў: - На Захадзе пра мяне склалася неадэкватнае меркаваньне.

Магчыма, у нейкіх выказваньнях мне варта было б быць больш стрыманым. Прэзыдэнт краіны, у якой няма ядзернай зброі і якая знаходзіцца ў эканамічнай залежнасьці ад іншых дзяржаваў, ня можа быць дыктатарам... Я сам нічога не скраў, у мяне няма ніякіх рахункаў у замежных банках”.

Лукашэнка сказаў, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і прымае эўрапейскія каштоўнасьці, але мае “спэцыфічныя нацыянальныя інтарэсы. Напрыклад, падставай нашай сацыялістычнай эканомікі зьяўляецца моцная дзяржава”.

Камэнтуючы паліўную беларуска-расейскую спрэчку, Лукашэнка сказаў, што “Захад зразумеў: заўтра Расея можа перакрыць кран і яму... Расея выкарыстоўвае ... рэсурсы як рычаг ціску ва ўсясьветнай палітыцы”.

Ацэньваючы заяву Ўладзімера Пуціна, што Расея субсыдуе 41 адсотак бюджэту Беларусі, Лукашэнка заявіў, што “ў Расеі разыгрываецца камэдыя”. Ён сказаў, што Беларусь можа набываць нафту і ў іншых месцах, прычым больш танна... Мы прымем контрмеры і будзем патрабаваць зямельны падатак за транзыт расейскіх энэрганосьбітаў па нашай тэрыторыі. У гэтай сувязі мы паглядзелі, як у прававых адносінах рэгулюецца транзыт энэрганосьбітаў у Амэрыцы” .

На пытаньне пра варыянт аб’яднаньня Беларусі і Расеі як спосабу працягнуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Пуціна на трэці тэрмін, Лукашэнка сказаў, што ён чуў пра такое ад іншых, але не ад Пуціна. “Калі ён такім спосабам хоча застацца ля ўлады, яму варта было б сказаць мне пра гэта адкрыта, як мужчына мужчыну. Я сам абраў больш чэсны шлях і запытаўся на рэфэрэндуме ў свайго народа, ці маю я права кіраваць краінай надалей, хаця па старой канстытуцыі час майго кіраваньня сышоў. 90 адсоткаў людзей мяне падтрымалі, і я стаў прэзыдэнтам у трэці раз. Але я ніколі не пагаджуся на паглынаньне Расеяй Беларусі”.

Кранаючы ўнутраныя праблемы, Лукашэнка выказаў меркаваньне, што “апазыцыя ў Беларусі зусім не забароненая. Нашая інфармацыйная прастора адкрытая Эўраньюс, RTVi, Радыё Свабода, CNN вяшчаюць на нашых частотах на заходнія грошы. Яны і расейскія СМІ прастрэльваюць нашую краіну з захаду на ўсход і з ўсходу на захад. Наша апазыцыя не вылазіць з гэтых СМІ”.

Лукашэнка заявіў, што народ адрынае апазыцыю, паколькі, на ягоную думку, шмат хто з апазыцыянэраў карумпаваныя. “Як беспрацоўны старшыня партыі, які заяўляе, што ягоны месячны даход складае 100 даляраў, можа пабудаваць уласную вілу? У Нямеччыне да яго даўно прыйшла б падатковая паліцыя”.

Лукашэнка сказаў, што “Эўропа павінна лепш разумець нас”, што ён хоча, каб “Беларусь калі-небудзь выглядала гэтак жа, як і Нямеччына альбо Швэцыя”.

На пытаньне, ці можа Лукашэнка ўявіць, што калі – небудзь замест беларускага рубля ў краіна будзе эўра, ён адказаў – “У гэтым жыцьці ўсё магчыма”.

Пераклад інтэрвію Лукашэнкі па-расейску на сайце Inopressa

Тэкст онлайн-канфэрэнцыі з Аляксандрам Рарам на нашым сайце
XS
SM
MD
LG