Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзіслаў Галубок


Уладзімер Арлоў, Менск 15.5.1882, станцыя Лясная (цяпер Баранавіцкі раён) — 28.9.1937, Менск.

Быў час, калі я працаваў ня толькі за пісьмовым сталом, але яшчэ і хадзіў на службу. Тады, калі даймала начальства, калі душа ўзбунтоўвалася й прагла волі, мяне наведвала адно і тое ж нязбытнае жаданьне. О, як мне хацелася кінуць гэтую працу і стаць акторам ці проста рабочым сцэны тэатру. Але не якога-небудзь, а — вандроўнага.

Калісьці ў юнацтве я недзе прачытаў, што ў 1920-я Беларусь мела такі тэатар, які езьдзіў з гораду ў горад, зь мястэчка ў мястэчка і нават афіцыйна называўся Вандроўным. Памятаю, як мая беларуская, зьмяшаная з цыганскаю кроў захвалявалася і ў твар дыхнуў сьвежы й салодкі вецер бясконцай дарогі. Пагатоў, тым тэатрам кіраваў чалавек з вольным, нябесным прозьвішчам Галубок, што быў і драматургам, які напісаў ажно сорак п’есаў, і рэжысэрам, і мастаком, і паэтам, аўтарам Беларускай Марсэльезы( “Адвеку мы спалі,і нас разбудзілі...”) і акторам, першым народным артыстам Беларусі...

Потым я даведаўся, што ўсё было, вядома, зусім ня так ідылічна. Уладзе не спадабаліся гэтыя вандраваньні, якія цяжка трымаць пад пільным вокам, асабліва ўва ўмовах абвастрэньня клясавай барацьбы. Тым больш, перад кожным спэктаклем Галубок выступаў з бліскучай лекцыяй пра беларускую гісторыю й культуру.

Тэатар зрабілі “аселым” і загадалі ўвесьці ў рэпэртуар п’есы пра гэтае самае клясавае змаганьне. Самога ж Галубка ўрэшце забралі і як грамадзяніна Голуба ( гэта яго афіцыйнае прозьвішча) асудзілі на расстрэл. Пры арышце загінуў і вялікі куфар з рукапісамі.

Жонка народнага артыста, якая спрабавала пасьля мужавага арышту скончыць жыцьцё самагубствам, здаецца, дачакалася ягонай рэабілітацыі, але ўжо не дажыла да адкрыцьця ў 1982-м у менскім Траецкім прадмесьці грамадзкай гасьцёўні імя Ўладзіслава Галубка.

Цяпер я ўсё гэта ведаю, але запаветная мара — хоць на месяц зрабіцца акторам вандроўнага тэатру — у маёй душы яшчэ жывая.
XS
SM
MD
LG