Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міколу Статкевічу забараняюць пакідаць вёску Блонь


Любоў Лунёва, Менск Адміністрацыя спэцкамэндатуры ў вёсцы Блонь, дзе Мікола Статкевіч адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту, паведаміла палітвязьню, што ён пазбаўляецца магчымасьці зьяжджаць на выходныя. Між тым, на іншых асоб, якія адбываюць пакараньне ў гэтай спэцкамэндатуры, забарона не распаўсюджваецца.

Мікола Статкевіч адзначыў: менавіта сёньня, калі споўнілася чатыры месяцы, як яго не адпускаюць на выходныя, кіраўнік спэцкамэндатуры паведаміў, што тэрмін забароны падоўжаны. Палітвязень абураецца: раней яму абяцалі, што дадуць магчымасьць наведаць анкалягічна хворага 80-гадовага бацьку ў Баранавічах пасьля выбараў. Пра паездкі ж у Менск размова наагул не вялася.

Статкевіч: “Кіраўніцтва камэндатуры паведамляе, што яны ня могуць мяне адпусьціць. Бо забараняе ім гэта зрабіць менскае кіраўніцтва, а дакладней -- КДБ. Я ведаю: калі сытуацыя ў краіне зьменіцца, то прозьвішчы людзей, якія так зьдзекаваліся з маёй сям’і, будуць вядомыя. Прыгадваю ГКЧП: як тады прадстаўнікі сілавых структур (а гэта канкурэнтны асяродак) пабеглі “закладаць” сваіх калег, каб зрабіць кар’еру на зьняволеных. Расказвалі, хто дзе працаваў супраць дэмакратыі. Дык, вось! Прозьвішчы гэтых людзей будуць вядомыя”.

Кіраўнік спэцкамэндатуры Аляксандар Ганчарык у камэнтары Радыё Свабода аспрэчвае інфармацыю Міколы Статкевіча:

Ганчарык: “Няхай кажа. Я яму гэта казаў? А я кажу, што – не. Я начальнік. Зьвяртайцеся… Ёсьць у мяне вышэйшае кіраўніцтва. Скажыце яму, што я такі-сякі, “нехарошы” чалавек”.

Спадар Статкевіч паўтара гады адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004. Спачатку палітвязень адбываў пакараньне ў Баранавічах, дзе жыве ягоны самотны бацька. У верасьні Міколу Статкевіча перавялі ў вёску Блонь Пухавіцкага раёну. За ўвесь час вязьню далі два тыдні адпачынку, дазволіўшы правесьці іх дома ў Менску. На выходныя апазыцыянэра ў Менск ніколі не адпускалі.
XS
SM
MD
LG