Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Патупа: "Адкрытая мяжа – большая пагроза Беларусі, чым Расеі"


Ганна Соўсь, Менск Заява кіраўніка памежнай службы ФСБ Расеі Ўладзімера Пронічава пра мяжу зь Беларусьсю як "чорную дзірку", якую могуць выкарыстоўваць тэрарысты, наркагандляры і незаконныя мігранты, выклікала шырокі розгалас у Беларусі і Расеі. Тым часам у памежнай службе ФСБ Расеі кажуць, што канкрэтных фактаў, пра магчымасьць якіх казаў спадар Пронічаў, пакуль не зафіксавана. А паводле палітоляга Аляксандра Патупы, адсутнасьць паўнавартаснай мяжы ўяўляе большую пагрозу для Беларусі, чым для Расеі. Намесьнік жа старшыні расейскай партыі "Яблоко" Сяргей Мітрохін лічыць, што беларуска-расейская мяжа стала закладніцай палітычнай няпэўнасьці між краінамі.

Прадстаўнік Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі падпалкоўнік Юры Казачэнка заявіў Радыё Свабода, што не было ніводнага факту, калі б расейскі бок паінфармаваў іх камітэт пра выяўленьне асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, якія прыбылі транзытам празь Беларусь у Расею. Ёсьць сумесная база дадзеных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, ладзяцца сумесныя памежныя апэрацыі.

Казачэнка: "Ува ўзаемадзеяньні з памежнымі службамі ФСБ Расеі беларускія памежнікі затрымалі двух грамадзянаў Расеі, якія бралі актыўны ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Паўночнага Каўказу, якія спрабавалі парушыць мяжу па падробленых дакумэнтах Расейскай Фэдэрацыі. Ужо сёлета беларускія памежнікі перадалі расейскім калегам інфармацыю адносна 200 асобаў, якія мелі намер незаконнага ўезду на тэрыторыю Расеі".

Я запыталася ў кіраўніка аддзелу Цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі Вадзіма Шыбаева, ці былі зафіксаваны факты пераходу празь беларускую мяжу тэрарыстаў, наркагандляроў і незаконных мігрантаў.

Шыбаеў: "Пакуль не было. Я, шчыра кажучы, не памятаю".

Спадар Шыбаеў гэтаксама ня мае дадзеных што да магчымых захадаў расейскага боку дзеля аднаўленьня паўнавартаснага памежнага кантролю.

А намесьнік старшыні расейскай Дэмакратычнай партыі "Яблоко", дэпутат Маскоўскай гарадзкой думы Сяргей Мітрохін назваў беларуска-расейскую мяжу закладніцай палітычнай няпэўнасьці паміж краінамі.

Мітрохін: "Увогуле стасункі Расеі зь Беларусьсю нельга назваць нармальнымі, бо яны зьяўляюцца закладнікамі двух прэзыдэнтаў. Стабільнасьць у іх адсутнічае, што паказалі ўсе газавыя скандалы. Назіраецца неўрэгуляванасьць цэлага шэрагу пытаньняў. З аднаго боку, існуе Саюзная дамова, да якой заўсёды выгодна апэляваць аднаму з бакоў. З іншага боку, ёсьць рэальная практыка, якая ёй супярэчыць. Гэтая сытуацыя непазьбежна будзе спараджаць рознага кшталту неўрэгуляванасьці. Цяперашняя мяжа паміж Расеяй і Беларусьсю стала закладніцай палітычнай няпэўнасьці. Аднак расейскім чыноўнікам абвінавачваць беларускі бок таксама недарэчна, бо ня вырашана галоўнае палітычнае пытаньне – што зь сябе ўяўляе гэтая прастора Расеі і Беларусі".

А беларускі палітоляг Аляксандар Патупа лічыць, што адкрытая мяжа паміж краінамі ёсьць большай пагрозай для Беларусі, чым для Расеі.

Патупа: "Дзірка" ёсьць "дзіркай", адкрытая мяжа ёсьць адкрытай мяжой. Аднак яна адкрыта ў абодва абакі. Калі гаварыць пра наркатрафік, то па лініі "Таджыкістан-Расея" ён ідзе ў бок Беларусі, а не наадварот. Я ня думаю, што з гэтага пункту гледжаньня Беларусь уяўляе пагрозу для Расеі. Хутчэй, наадварот. Што тычыцца тэрарыстаў, то яны ізноў жа на расейскай тэрыторыі, паводле вызначэньня саміх расейскіх спэцслужбаў".

Аляксандар Патупа разглядае заявы кіраўніка памежнай службы ФСБ Расеі ў рэчышчы энэргетычнага канфлікту паміж краінамі. "Цяпер камяні будуць лятаць, як бумэрангі, у абодва бакі. Гэта агульная нэрвовая рэакцыя", —лічыць палітоляг.
XS
SM
MD
LG