Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Дзярждумы РФ абмяркоўвае беларуска-расейскія стасункі


Алесь Дашчынскі, Менск Савет расейскай Дзярждумы сабраўся сёньня на спэцыяльнае паседжаньне, каб абмеркаваць адносінаў Расеі і Беларусі. Сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў сказаў, што на сустрэчы будуць абмеркаваны пытаньні гандлёва-эканамічных стасункаў Беларусі і Расеі і пэрспэктывы пабудовы саюзнай дзяржавы. Гаворка пойдзе і пра нядаўні крызыс, які стаў вынікам "няўзгодненасьці энэргапаставак".

Паводле прэсавай службы фракцыі "Адзіная Расея", пасяджэньне Савета пройдзе ў пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў ураду і міністэрстваў. У выніку будуць прынятыя адмысловыя рэкамэндацыі на адрас дэпутатаў, ураду і саюзных структур.

У прэсавай службе Дзяржаўнай думы нагадалі, што на ранейшым экстраным паседжаньні Савета разглядалася сытуацыя ў Бэсьляне і была прынятая заява з асуджэньнем дзейнасьці тэрарыстаў, якія захапілі школу.

На сёньняшнім паседжаньні чакаюцца выступы сьпікера Барыса Грызлова, а таксама Уладзімера Жырыноўскага, Генадзя Зюганава ды іншых. Уладзімер Жырыноўскі і старшыня Камітэту ў справах СНД Андрэй Какошын адмовіліся камэнтаваць вынікі паседжаньня Савету.

Чым жа выклікана паседжаньне, калі ўжо падпісаны беларуска-расейскія пагадненьні па нафце і газу? Адказвае дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін:

Затулін: "Ідэя спэцыяльнага паседжаньня зьвязана з нашым уяўленьнем, што нафтавыя і газавыя праблемы ва ўзаемаадносінах з Беларусьсю – гэта далёка не адзіныя праблемы. Нават хутчэй вынік таго, што не рэалізуюцца дамоўленасьці пра стварэньне саюзнай дзяржавы. Многія рашэньні, якія мелі авансуючы характар, былі асновай для будучай рэалізацыі праекта саюзнай дзяржавы. У выніку саюзная дзяржава ня створана. І гэтыя рашэньні замест таго каб стаць уступам для стварэньня саюзнай дзяржавы, сталі канструкцыямі, якія павісьлі ў паветры. А канструкцыі, якія абвальваюцца на галовы людзей нічога добрага не прыносяць. Таму трэба абмеркаваць праблему комплексна. Нягледзячы на тое, што ўладжаны пытаньні ў нафтавым і газавым транзіце, па цэнах і мыце, гэта не ўся праблема".
XS
SM
MD
LG