Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як складаецца сытуацыя з пастаўкамі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканамісты Аляксандар Чубрык і Міхась Залескі.

Валер Карбалевіч: "Пасьля падпісаньня беларуска-расейскага нафтавага пагадненьня ў Маскве 12 студзеня ў Беларусі склаліся новыя ўмовы для перапрацоўкі і продажу нафты. Па гэтым пытаньні Лукашэнка правёў у аўторак адмысловую нараду ў Наваполацку. Як толькі ўмовы сталі не такімі спрыяльнымі для расейскіх кампаній, адразу ўзьніклі праблемы з пастаўкамі расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Выхад з сытуацыі Лукашэнка прапанаваў у сваім звычайным стылі. Ён заявіў: калі расейскія кампаніі ня хочуць везьці сюды нафту, то “мы мусім узяць зь іх вялікую цану за транспартыроўку іхнай нафты ў Эўропу”. То бок працягваецца тактыка шантажу. Адзін раз паспрабавалі — і нейкі эфэкт атрымалі. Як можна ацаніць такую тактыку?"

Аляксандар Чубрык: "Я назваў бы гэта не шантажом, а нейкім ходам у перамовах. Расейскія кампаніі плацяць мыта сумай 53 даляры за тону ў бюджэт РФ. Але потым яны на такую ж суму павышаюць цану на нафту, якую пастаўляюць у Беларусь. У выніку губляюць не расейскія кампаніі, а беларускія НПЗ.

Іншая справа, калі расейскія кампаніі ўвозілі давальніцкае сыр’ё. І вось такія схемы ў новых умовах атрымаліся невыгоднымі расейцам. А калі беларусы будуць самі ўсю нафту купляць у Расеі, перапрацоўваць і экспартаваць з улікам мыта, то гэта ніяк не паўплывае на даходы расейскіх кампаній.

Да гэтага году расейскія кампаніі мелі ў Беларусі дадатковы прыбытак з адсутнасьці нафтавага мыта. Таму яны ахвотна сюды везьлі нафту. А цяпер ім няма розьніцы, куды яе везьці".

Міхась Залескі: "Насамрэч Лукашэнка выказаў прэтэнзіі не да расейскіх кампаній, а да Пуціна. Гэта выключна палітычная спроба абвастрыць сытуацыю. Таму што гаспадарчыя суб’екты ў стане дамовіцца між сабою самі наконт цэнаў. У дадзеным выпадку Лукашэнка выступае як палітычны суб’ект".

Карбалевіч: "Справа ў тым, што па ўмовах пастаўкі расейскай давальніцкай нафты, каля траціны яе павінна прадавацца на беларускім унутраным рынку. А ва ўмовах існаваньня вялікіх акцызаў і падаткаў гэта расейцам невыгодна.

І вось, акрамя бізуна, беларускія ўлады прапанавалі й пернік: акцызы на продаж нафтапрадуктаў у Беларусі былі зьніжаны на 60%, адменены два падаткі. Ці дастаткова гэтых захадаў, каб зацікавіць расейскія нафтавыя кампаніі завозіць сюды нафту? І пытаньне іншае: ці моцна страціць беларускі бюджэт ад гэтых рашэньняў?"

Чубрык: "Сапраўды, мінулым годам з прычыны акцызаў прадаваць нафтапрадукты на ўнутраным беларускім рынку было нерэнтабэльна. Але гэта кампэнсавалася вялікім прыбыткам ад экспарту нафтапрадуктаў за мяжу.

А сродкі ад аплаты акцызаў ішлі ў беларускі дзяржаўны бюджэт. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Скарачэньне акцызных ставак бюджэт кампэнсуе даходамі ад экспартнага мыта, што складае каля 1,5 мільярдаў даляраў. Таму бюджэт моцна не пацерпіць. Гэта папросту пераразьмеркаваньне грошай.

Але пацерпяць НПЗ, якія страцяць прыбыткі ад экспарту нафтапрадуктаў за мяжу. Таму скарачэньне ставак акцызаў – гэта спроба падтрымаць, найперш нашы НПЗ. А з расейскімі кампаніямі гэта ніяк не зьвязана".

Залескі: "Дзяржаўная і эканамічная сыстэма, што існуе ў Беларусі, – гэта сыстэма аднаго вялікага сацыялістычнага прадпрыемства. А для яго абсалютна не істотнымі ёсьць нейкія фінансавыя ўмовы. Істотна, каб была сыравіна і працоўныя рукі. Усё астатняе можна зрабіць шляхам розных маніпуляцый і камбінацый. Калі прымаўся цяперашні дзяржаўны бюджэт, то не ўлічваліся рэальныя кошты нафты і газу. Таму цяпер усё робіцца дзеля захаваньня ўнутранага балянсу".

Карбалевіч: "Віце-прэм’ер Сямашка прапануе рэалізаваць праект мадэрнізацыі нафтаправоду Вэнсьпілс-Наваполацак, каб атрымліваць нафту з балтыйскага порту. Зь ягоных разьлікаў, гэта будзе каштаваць 15-30 мільёнаў даляраў і праект можа быць рэалізаваны за 2,5 гады. Як можна ацаніць рэалістычнасьць гэтага праекту?"

Чубрык: "З эканамічнага гледзішча, праект ня надта патрэбны. Цяпер мы купляем нафту ў Расеі па цэнах, ніжэйшых за ўсясьветныя. А нафту з Балтыйскага мора мы будзем атрымліваць па ўсясьветным кошце.

Адзіны сэнс гэтага праекту – палітычны. Гэта сродак ціску на Расею, шлях да дывэрсыфікацыі паставак.

І вось яшчэ якая акалічнасьць. Калі Беларусь будзе купляць нафту па ўсясьветных цэнах, то экспартаваць яе будзе не рэнтабэльна. Зазвычай у сьвеце нафтаперапрацоўкай займаюцца толькі дзеля продажу на ўнутраным рынку. Бо транспартыроўка нафты –рэч дарагая. Да прыкладу, таму Расея практычна не займаецца экспартам нафтапрадуктаў. Экспартуюць нафтапрадукты толькі тыя краіны, у якіх танная нафта. Але калі Беларусь спыніць экспарт нафты, то ёй непатрэбна будзе яе купляць так шмат, як цяпер.

Карбалевіч: “Вось якраз, мусіць, таму НПЗ балтыйскіх краінаў не загружаны на поўную магутнасьць".

Чубрык: "Сапраўды, калі б ім выгодна было купляць нафту, перапрацоўваць яе і экспартаваць нафтапрадукты, то яны былі б загружаны на поўную магутнасьць".

Залескі: "Дзесьці на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя актывіст БНФ Станіслаў Гусак прапаноўваў нешта падобнае. І вось нарэшце гэта дайшло й да ўладаў. А палітыкі павінны быць дальнабачнымі. Хто лёсу слухаецца, таго лёс вядзе, а хто ўпіраецца, — таго лёс цягне. Так і цяпер: жыцьцё змушае. Як топісься, то й за лязо ўхопісься.

Расеі трэба асьцерагацца. Эўропе гэта зразумела. Варта й нам зразумець. Іншая рэч, што з эканамічнага гледзішча гэты праект пачынаецца зь вялікім спазьненьнем. Бо праз 2-3 гады і расейскую нафту давядзецца купляць па ўсясьветных коштах".

Карбалевіч: "І гэтак, беларускі нафтавы афшор зьнікае. Улады ліхаманкава шукаюць выйсьце з гэтых новых умоў для перапрацоўкі і продажу нафты. Льготы і шантаж расейскіх кампаній, распрацоўка праектаў альтэрнатыўных паставак нафты сьведчаць, што гатовых рашэньняў у кіраўніцтва краіны няма".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG