Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Мітрохін: "Беларуска-расейская мяжа — закладніца палітычнай няпэўнасьці"


Ганна Соўсь, Менск Сяргей Мітрохін, намесьнік старшыні расейскай Дэмакратычнай партыі "Яблоко", дэпутат Маскоўскай гарадзкой думы і Дзяржаўнай Думы Расеі першага, другога і трэцяга скліканьняў, назваў беларуска-расейскую мяжу закладніцай палітычнай няпэўнасьці паміж краінамі. Гэтак ён пракамэнтаваў для Радыё Свабода выказваньні кіраўніка памежнай службы ФСБ Расеі Уладзімера Пронічава, які назваў мяжу з Беларусьсю "чорнай дзіркай", якую могуць выкарыстоўваць тэрарысты, наркагандляры і незаконныя мігранты, у першую чаргу з Грузіі.

Мітрохін: "Увогуле стасункі Расеі з Беларусьсю нельга назваць нармальнымі, паколькі яны з’яўляюцца закладнікамі двух прэзыдэнтаў. Стабільнасьць у іх адсутнічае, што паказалі ўсе газавыя скандалы. Існуе неўрэгуляванасьць цэлага шэрагу пытаньняў. З аднаго боку існуе Саюзная дамова, да якой заўсёды выгадна апэляваць аднаму з бакоў. Зь іншага боку ёсьць рэальная практыка, якая ёй супярэчыць. Гэтая сытуацыя непазьбежна будзе спараджаць рознага кшталту неўрэгуляванасьці. Такая нэўрэгуляванасьць ёсьць і ў мытным пытаньні.

Пазыцыя "Яблоко" заключаецца ў тым, што патрэбен трывалы мытны саюз, адзіная мытная прастора для Расеі і Беларусі, адзіная банкаўская, эмісійная прастора. Калі такія дамовы ня будуць падпісаныя, нічога ўрэгулявана ня будзе.

Цяперашняя мяжа паміж Расеяй і Беларусьсю стала закладніцай палітычнай няпэўнасьці. Зрабіць тут нічога немагчыма. Аднак расейскім чыноўнікам абвінавачваць беларускі бок таксама недарэчна, паколькі не вырашанае галоўнае палітычнае пытаньне – што сабой ўяўляе гэтая прастора Расеі і Беларусі. Ці гэта саюз, ці гэта дзьве сувэрэнныя дзяржавы, альбо гэта дзяржаўнае ўтварэньне накшталт Эўразьвязу. Спачатку трэба дакладна адказаць на гэта пытаньне. І толькі потым бакі могуць абвінавачваць адзін аднаго ў тым, што яны нешта не выконваюць альбо парушаюць".
XS
SM
MD
LG