Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз каву – да Беларусі (аўдыё)


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Эфір 25 студзеня 2007 году.

Слухаць:



"Раніцай, а сёмай гадзіне, я пад’яжджаў да роднага Менску. Гараджане спалі. Прамінуўшы прыгожыя, чыстыя вуліцы Захар’еўскую й Францішканскую, я прыпыніўся ў знаёмым гатэлі Пурэвіча, што на рагу Зборавай вуліцы й Бульварнай плошчы.

Менск належыць да ліку самых буйных і прыгожых гарадоў Заходняй Расеі й пры цяперашнім сваім добраўпарадкаваньні й абноўленым выглядзе... можа быць названы сталіцай Беларусі; ён больш разложысты й франтаваты за Магілёў і Віцебск.

...Па пагорках прыгажэюць будынкі то высокія й шырокія, то вузкія й прадаўгаватыя, з стрэхамі, накрытымі дахоўкай у гусьце сярэдніх вякоў, то, урэшце, чысьцюткія, ахайныя, зялёныя ці жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі аканіцамі й кратаванымі агароджамі. Гасьціны двор напоўнены найлепшымі крамамі, яткамі й паграбамі хрысьціянскіх і габрэйскіх купцоў. У сутарэньнях разьмешчаныя галянтарэйныя й садавінавыя крамкі; перад садавінавымі расстаўленыя квадратныя зялёныя сталы, на якіх у кожную пару году знойдзеце цытрыны й памаранчы, сьлівы й розных гатункаў яблыкі ды грушы... На другім паверсе месьцяцца заможныя крамы, у якіх прадаюць гарбату, шоўк, сукно й наогул гожы тавар; на трэцім паверсе -- жылыя пакоі. Насупраць гасьцінага двара, перад саборам цягнецца даўжэзная лінія разнастайных дробных крамак – з тытунём, сітцам ды іншай драбязой.

Маскоўскія гандляры прывозяць расейскія кнігі, і тым кампэнсуюць іх брак менскіх кнігарнях, напоўненых больш польскімі, францускімі й часткова нямецкімі кнігамі, у якіх няма новых сачыненьняў на расейскай мове... Ладзяцца на Высокім рынку ў доме Гайдукевіча касіны, то бок танцавальныя сходы, зімою – каравалы, распарадчыкам іх Дэльпеш, былы гарадзкі галава. Кавярні, тракціры й кандытарскія даволі прыстойныя; з тракціраў больш вядомы за іншыя рэстарацыя Фогеля, і асабліва – Цыбульскага, на Высокім рынку, у адным будынку з тэатрам".

Павал Шпілеўскі, Часопіс "Современнік", № 11. 1853 год.

Ракіцкі: “Сёньня ля бар’еру ў менскай студыі Радыё Свабода гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Скажы Сяргею, з чаго вынікала занатаванае славутым беларускім краязнаўцам і публіцыстам Паўлам Шпілеўскім памкненьне менчукоў да франтаватасьці?”

Харэўскі: “У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Менску дый у іншых гарадах Беларусі квітнела спажывецкае грамадзтва. Пасьля напалеонаўскае вайны, паміж паўстаньнямі, спрадвечнае шляхецкае памкненьне да шыкаваньня мусіла знаходзіць сабе месца. Балазе, таму садзейнічаў неблагі эканамічны стан. І выявіць сваю апазацыйнасьць да расейшчыны, яе модаў і ладу жыцьця можна было лёгка — імкнучыся пасьпець не за Ўсходам, а за Захадам. Менавіта тады быў распаўсюджаны дасьціпны лацінскі калямбур: Ex Oriental lux, ex Ossidental — luxus! То бок: з Усходу сьвятло, а з Захаду — люкс! Навесьці хоць бы вонкавы шык было справаю гонару! Адпаведна, попыт на прадметы раскошы, на самыя розныя каляніяльныя тавары трывала існаваў ужо тады. Высокай, выглядае, была і сама культура спажываньня. Тады ж у Менску чыталі часьцей па-француску, па-нямецку, чым па-расейску.”

Ракіцкі: “Аднак жа, у гэты час Менск і ўвогуле беларускія землі зьяўляліся часткай Расейскай імпэрыі. Прычым, яшчэ непрацяглы час, крыху болей за паўстагодзьдзе. Здавалася б, у рэчышчы русыфікацыі павінна было быць і запалоньваньне расейскімі таварамі, расейскімі звычкамі. А вы раптам падкрэсьліваеце інтарэс да заходніх тавараў і нават да заходняй культуры іх спажываньня? У чым тут парадокс?”

Харэўскі: “Расейцы імкнуліся што моцы пашырыць рынак сваіх тавараў, рынак сваёй культуры і на Беларусь. Але, як на гэтую ўсходнюю навалу мусілі рэагаваць патрыёты паміж паўстаньнямі 1831 і 1863 гадоў? Натуральна, грэбліва. Звычкі дзядоў і прадзедаў выглядалі анахранізмам і дзіўнавата было б адрошчваць сабе вусы да плячэй. А вось жа найноўшая індустрыяльная, лібэральная, дэмакратычная Эўропа бачылася неаспрэчным ідэалам! Ідэалам для Беларусі. Насуперак неабдымнай кансэрватыўнай фэадальнай царскай Расеі.

Яшчэ напачатку 1820-х будучы дзекабрыст Мураўёў пісаў, што вось, маўляў, не сыходзіліся расейцы зь менскай моладзьдзю, як вада з алеем. Напрыклад, прыходзіш у мясцовы клюб “Казіно”, а там шляхцюкі ў наймаднейшых лёнданскіх туалетах, з ордэнамі Ганаровага легіёну ў пятліцах! “Тычут их нам, мол, Наполеон их им дал за то, что они супротиву нас воевали”, -- пісаў той Мураўёў. Натуральна, кавалеры Ганаровага легіёну, аматары кавы й тытуню, мелі свой погляд на лёс свайго краю й на ролю Расеі ў яго лёсе. Гэтае “апазыцыйнае” грамадзтва спажываньня патрабавала ўсяго самага лепшага, эўрапейскага, не расейскага. І ў выніку Менск набыў той “франтаваты”, як піша Шпілеўскі, выгляд”.

Ракіцкі: “Ці гэта не перабольшваньне? Вы лічыце, што харчаваньне або вопратка могуць так моцна ўплываць на псыхалёгію грамадзтва, аж да ўзьнікненьня новых палітычных рухаў?”

Харэўскі: “Безумоўна! Дэндзі ў віктарыянскай Ангельшчыне ці гіпі ў фордавай Амэрыцы моцна паўплывалі і на культуру, і на гісторыю. Нонканфармізм у вопратцы і манерах — працяг унутраных перакананьняў Ну вось узяць, напрыклад, звычку піць каву, што й да сёньня ў Расі не распаўсюдзілася. Пасьля сечы войска Рэчы Паспалітай і турак 1683 году пад Венай ад турак мы перанялі ня толькі звычку піць каву, але і назву самога прадукту. І ўжо ў першай палове XVIII стагодзьдзя нават у далёкіх шляхецкіх маёнтках кава пачала выцясьняць звычайную за сьняданкам поліўку зь піва. Тады ж у гарадох завялося багата самых розных кавярняў, што сталі месцам таварыскіх спатканьняў. Калі ў 1794 годзе паўстала ідэя адкрыцьця ў Варшаве “Дому кавы, альбо Казіно”, адным зь ініцыятараў чаго быў Тадэвуш Касьцюшка, кароль Панятоўскі выказаў занепакоенасьць, што “з той кавы захочуць патроху стварыць аднаўленьне клюбу якабінцаў, а ў ім аднавіць найшкаднейшыя намеры”. То бок, ад ужытку кавы да цьвярозых інтэлігенцкіх сходак быў адзін крок. А вось жа такое Казіно існавала ў Менску, у доме Гайдукевіча, пра што і пісалі ўсе падарожнікі. Падобна, што вось жа ў такіх кавярнях і высьпявалі ідэі паўстаньняў”.

Ракіцкі: “Такім чынам, у Менску кавярні былі папулярнымі, гараджанам, найперш, інтэлігенцыі, студэнтам, смакавала кава. За кубачкам кавы яны і вялі размовы. Дзе і пра што? Зрабіце, калі ласка, невялікую экскурсію па менскіх кавярнях 19 стагодзьдзя”.

Харэўскі: “Зраблю гэта з дапамогай Уладзіслава Сыракомлі. Ён, таксама мянчук паводле выхаваньня й сваіх густаў, ствараючы сапраўдную апалягетыку беларускай сталіцы, пісаў пра менскі кавярні наступнае: “Гаворачы пра ўстановы такога кшталту, немагчыма не сказаць пра вельмі добрую рэстарацыю пана Цыбульскага на Верхнім рынку, а таксама пра цукерню пана Эйсьнэра, на вуліцы Саборнай, у якой апроч більярда, ёсьць два цудоўныя салёны і ў адным зь іх – багатая бібліятэка мясцовых і замежных газэтаў.” На той час пачытаць падшыўкі эўрапейскіх газэтаў было ці ня тое самае, што сёньня пабыць у інтэрнэт-кавярні! Гэтая цукерня Эйсьнэра, будынак якой нядаўна быў адноўлены каля Ратушы, зь цягам часу пераўтварылася ў сапраўдную літаратурную кавярню, куды хадзілі Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Адам Плуг. Такім чынам, менскія кавярні, дзе спажывалі болей кавы, чым гарэлкі, пыхцелі тытунём ды пад музыку чыталі найноўшыя газэты ды кнігі, былі ня проста апірышчам грамадзтва спажываньня, а насамрэч выспамі цывілізацыі ў забраным краі!”

Ракіцкі: “А што было б, каб не было тых “каляніяльных” крамаў, францускай літаратуры, нямецкіх газэтаў, кавы па-венску?”

Харэўскі: “Падобна, што ўсё было б па старому – малаадукаваная шляхта насіла б жупаны, сядзела б па сваіх хатах ды піла б гарэлку, часам запрашаючы на госьці суседа, каб пагуляць у карты. А з раніцы пілі б піўную поліўку. Таму кліч Багушэвіча “прэч гарэлку, карты, люлькі!” можна прачытаць і ў такім кантэксьце. Менавіта дзякуючы культуры кавярняў па ўсёй Беларусі стварылася сыстэма адметных клюбаў, дзе на цьвярозую галаву магла зьбірацца патрыятычная моладзь. Так, фанабэрыстая. Так, снабісцкая. Але перадусім яна была носьбітам новых ідэяў, эўрапейскага мысьленьня. Ня мысьлячы сябе ўскраінай Расеі, яны ўрэшце прыдумалі Беларусь!”

Ракіцкі: “Ці была ў тагачаснай расейскай улады магчымасьць запабегчы такому пашырэньню заходняй культуры, усьлед за якой, як вы кажаце, паўставалі вольналюбівыя, прабеларускія думкі?”

Харэўскі: “Была! І яны гэта рабілі ў самы розны спосаб. Пачынаючы ад вялікіх горадабудаўнічых праектаў, гэткіх як сьціраньне з твару зямлі цэлых гарадоў, як Берасьце ці Бабруйск, каб паставіць свае крэпасьці, да звычайных цэнзурных забаронаў. Бо ж ведама, што існавалі вялікія сьпісы кніг, забароненых да ўвозу ў Расею. Беларусам і нават літоўцам забаранялася карыстацца ў друку лацінкаю. І несупынна разбудоўвалася расейскае школьніцтва. Магутным інструмэнтам у руках расейскага царызму стала і гарэлка. Праз дзяржаўную сетку манаполек сьвядома спайваўся цэлы край. Гэта была новая культура спажываньня – кабак”.

Ракіцкі: "А зараз да сучаснай Беларусі. Параўнаем, так бы мовіць, інфраструктуру кавярняў і рэстарацыяў у Менску ХІХ-га стагодзьдзя і сёньня. І паводле іх колькасьці, і мэню, і традыцыя бавіць час у гэтых установах”.

Харэўскі: “На жаль, масавай, як колісь, культуры недарагіх кавярняў, у выглядзе клюбаў у нас няма. Па-ранейшаму прэвалюе форма таннага кабака, дзе ў сівых аблоках цыгарэтнага дыму можна кульнуць гарэлкі без прыстойнай закусі. Уявіць сабе, што ў якіх цяперашніх забягалавак кшталту “Тройкі”, “Разгуляя”, можна было бы пачытаць кнігу, пагартаць сьвежыя газэты, паслухаць спакойна добрай музыкі пакуль немагчыма. Хоць запатрабаванасьць у такога кшталту кавярнях-клюбах відавочная. Пра што й сьведчыць посьпех кавярняў, кшталтам “Лёндан”, “Мая ангельская бабуля” ці “Стары Менск”. Адны назвы чаго варотыя!.. Тут можна прызначаць спатканьні й перадусім мець магчымасьць пагаварыць пра нашы, эўрапейскія каштоўнасьці. Мяркую, гэта правобраз таго, нашага, эўрапейскага ладу, што нараджаецца пакуль гэтак пакутліва”.

Менск ня быў выключэньнем. Слынны літаратар Юзаф Крашэўскі так апісаў атмасфэру віленскіх кавярняў: “Кавярні, улюбёныя моладзьдзю, былі таксама рознага роду. Гаспадыні кавярняў, заўжды ласкавыя да моладзі, прымалі яе з усьмешкаю. Ніхто ня піў столькі кавы, як студэнты, бо ж шматкроць кава замяняла абед. Кавярні лепей уладкаваныя былі месцамі сустрэчаў вайскоўцаў, канцылярыстаў, музыкаў ды разнастайнага цывільнага тлуму.У адных гулялі ў шахматы, у другіх чыталі часопісы ды разважалі пра літаратуру, а ў трэціх фартэпіяніст дратаваў часам Рэнэра. Паэт Крышталевіч дэклямаваў свае паэмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG