Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня маю магчымасьці спытаць Лукашэнку, дзе ягоны чалавечы гонар?"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за чацьвер, 25 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: "Ня маю магчымасьці спытаць Лукашэнку, дзе яго чалавечы гонар. Таму пытаньне рытарычнае. "Мухі – катлеты", "хвост мядзьведзя," а цяпер "паразыт" на целе Расеі. Чаму ж Лукашэнка, яго пракуратура, яго суды, Міністэрства замежных спраў праглынаюць абразу на ўвесь сьвет, а судзяць за дробязі: мульцікі ды іншае".

Ларыса, Менск: "Прадстаўнікі апазыцыі, кіраўнікі заходніх краінаў, прадстаўнікі Эўразьвязу на працягу многіх месяцаў патрабуюць вызваліць палітвязьняў. Навумаў у сваім выступе адзначыў, што ў нас няма палітвязьняў, а ёсьць людзі, якія сядзяць за дробнае хуліганства. Тады прабачце, я не разумею. Чаму за дробнае хуліганства садзяць на такі вялікі тэрмін, як Казуліна – на пяць з паловай гадоў. Ды і іншых адпраўляюць на "хімію" на два-тры гады. Гэта ж тыя самыя палітвязьні. Іх садзяць за тое, што яны маюць свае меркаваньні на тую ці іншую падзею. Ці ня лепей было б прыслухацца да іх меркаваньняў? Было б меней памылак і не прыйшлося б цяпер выкручвацца з энэрганосьбітамі. Вызваліце палітвязьняў і пасадзіце іх за стол перамоваў, і будуць вынікі".

Спадарыня: "Навумаў, міністар унутраных спраў Беларусі заявіў, што няма ніякіх палітвязьняў. Такое можа казаць або бесьсьвядомы чалавек, месца якога ў адпаведнай клініцы, або сьвядома нахабна хлусіць, адчуваючы неабмежаваную ўладу. Няма ніводнага абласнога цэнтру Беларусі, дзе ў турмах, на "хіміі" не адбывалі б пакараньне людзі, арыштаваныя падчас палітычных акцыяў. Колькі затрыманых і асуджаных падчас перадвыбарчай агітацыі! Пры чым ніводнага затрыманага прыхільніка Лукашэнкі. Для Навумава гэта не "палітыка". У такім выпадку ён не адпавядае пасадзе, якую займае, і зьяўляецца прафнепрыгодным".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG