Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вельмі турбуе музычны густ маёй краіны"


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за сераду, 24 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: "Хачу падзяліцца ўражаньнямі наконт "Эўрабачаньня". Я прыхільнік гэтага конкурсу, назіраю за адборачнымі турамі некалькі гадоў. У мяне ёсьць такое меркаваньне з маіх назіраньняў, што ўсе гэтыя тэлефанаваньні – гэта "ліпа" ў нас. Я ня ведаю, як я ўкладуся ў дзьве хвіліны, каб нешта расказаць такое. Вось 4 тысячы за Калдуна прагаласавала, а за астатніх немагчыма дазваніцца. Я ня ведаю, як такое можа быць, калі праходная здольнасьць у кожнай лініі аднолькавая. Усё, карацей, "ліпавае". Дзіма Калдун мне не падабаецца, гэта ня Элвіс Прэсьлі і не Мусьлім Магамаеў. Мяне вельмі турбуе музычны густ маёй краіны. Можа, тут прычына крызысу ў "75 %", напэўна, каб мець добры густ, трэба слухаць добрую музыку. І вось маё меркаваньне наконт мовы выкананьня. Я б парэкамэндаваў не зьдзекавацца зь іншаземных моваў, не сьмяшыць сьвет сваімі дурнымі "пранонсамі", сьпяваць па-беларуску".

Ларыса, Менск: "Нашаму прэзыдэнту і ўраду прыйдзецца добра папрацаваць, каб падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты ня вельмі моцна ўдарылі па тых слаях насельніцтва, якія атрымліваюць невялікія пэнсіі ды заробкі. Ужо ўсё падвышана: і камунальныя паслугі, ды з кожным днём растуць кошты на прадукты. З адказаў людзей на вуліцах беларускіх гарадоў можна пачуць ад пэнсіянэраў, што будзем есьці бульбу, усё будзе добра. На двары 21 стагодзьдзе, вайна даўно прайшла, тады елі бульбу, а зараз трэба і з бульбай нешта есьці. Такое спрадвечнае сіроцкае жыцьцё ўжо прайшло. І думаю, мы, пэнсіянэры, заслужылі вартага жыцьця, як жывуць у іншых краінах. І ня трэба нам пагаджацца на ня вартае жыцьцё. Пэнсіянэры, давайце будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб з намі лічыліся!"

Слухач: "Як Вы ня просіце тэлефанаваць Вам наконт таго, як адаб’ецца падвышэньне на ўзроўні жыцьця. Вы самі ведаеце, што гэта правакацыя. Было выразна сказана, што ніякага падвышэньня ня будзе. Яшчэ летась было абвешчана, што на працягу году на 5 даляраў. Усё, людзі паверылі, і ніводнага званка Вам ня будзе. Усё будзе, як было".

Спадар: "Хопіць падманваць народ. Беларускі народ заслужвае лепшага жыцьця. Ужо 12 год Лукашэнка вешае народу локшыну. Колькі можна трываць гэтага хама?! Беларусь заслужвае лепшай долі. Быў я ў Баранавічах у адной сям’і…У якой галечы жывуць людзі! Бацька п’е ад безвыходнасьці, у маці цярпеньне заканчваецца, людзі стаміліся ад гэтага падману. У Беларусі крызыс эканамічны, палітычны. Усё, слава Богу, што ёсьць апазыцыя. Калі б не апазыцыя, што было б?"

Спадарыня: "Як у газавым, так і ў нафтавым канфліктах перамогу, безумоўна, атрымала Расея, хоць і панесла страты. А Лукашэнка быў вымушаны праз два дні па тэлефону Пуціну здаць свае пазыцыі. Бо Расея – гэта ж не беларуская бездапаможная апазыцыя. Толькі неяк дзіўна выглядае перамога Расеі са стратамі і праплочаная датацый ў 6 мільярдаў у год параза Лукашэнкі. У выніку гэтай дзіўнай эканамічнай вайны пацярпела насельніцтва Беларусі і асабліва малазабясьпечаныя грамадзяне".

Іван Нелукашоў: "Адказваючы на пытаньне тыдня. Заўважу, што мне не хапае грошай ужо цяпер, каб аплаціць камунальныя паслугі. Працягваючы тэму, дадам, што з самага пачатку ўлада паставіла мэту трымаць грамадзтва ў пэўных межах жабрацтва, а каб не здавалася зусім дрэнна, была ўзятая дактрына "чаркі і шкваркі". Ніжэйшая мяжа жабрацтва вызначалася тым, каб не вышлі на вуліцу. А вышэйшая тым, каб не зьявіліся думкі пра тое, навошта такая ўлада, якая не дае заможна жыць, што ёсьць іншыя каштоўнасьці, акрамя чаркі і шкваркі. Мяркую, што калісьці гэта дойдзе, калі не праз розум, дык можа праз страўнік. Гэта самы надзейны шлях для лукашэнкаўскага электарату".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG