Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя вэрсіі забойства Літвіненкі


Юры Дракахруст, Прага Забойства ў Лёндане былога афіцэра расейскіх спэцслужбаў Аляксандра Літвіненкі працягвае прыцягваць увагу грамадзкасьці і мэдыяў. Учора тэлекампанія ВВС паказала дакумэнтальную стужку-расьсьледаваньне “Як атруціць шпіёна”, у якім выкладзена новая вэрсія злачынства.

23 сьнежня летась Аляксандар Літвіненка памёр ад атручваньня рэдкім радыёактыўным рэчывам - палёніям. У эміграцыі ён стаў рэзкім крытыкам расейскай палітыкі, перад сьмерцю ў шпіталі ён абвінаваціў у замаху на ягонае жыцьцё расейскія спэцслужбы і прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Масква адхіляе гэтыя абвінавачваньні.

Да апошняга часу лічылася, што былы афіцэр расейскага ФСБ быў атручаны 1 лістапада, калі ён адчуў сябе кепска. У гэты дзень ён сустракаўся ў рэстарацыі з італьянцам Марыё Скарамэла, а таксама з двума расейскімі бізнэсоўцамі, былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў Андрэем Лугавым і Дзьмітрыем Коўтунам. У гатэлі, дзе адбылася апошняя сустрэча, сьляды палёнію былі знойдзеныя.

Стужка “Як забіць шпіёна”, паказаная ўчора ВВС, прапануе іншую вэрсію падзеяў. У ёй паведамляецца, што ў тых месцах у сушы-бары , дзе 1 лістапада сядзелі Літвіненка і Скарамэла, не было сьлядоў палёнія. Але гэтыя сьляды былі у іншых месцах бару, дзе Літвіненка сьнедаў з тымі ж Лугавым і Коўтунам 16 кастрычніка. Ці ня быў Літвіненка атручаны значна раней, чым лічылася дагэтуль? – задаюць пытаньне аўтары стужкі.

Алег Гардзіеўскі - былы рэзыдэнт савецкай разьведкі ў Лёндане, які перайшоў на бок Захаду, ня лічыць вэрсію, выкладзеную ў фільме, правільнай.

Гардзіеўскі: «Калі б яму падсунулі нейкую атруту, ён бы памёр да 1 лістапада. Так што гэта была генэральная рэпэтыцыя. Супрацоўнікі спэцслужбаў, ваенныя праводзяць генэральныя рэпэтыцыі сваіх апэрацыяў. І вось у гэты дзень была рэпэтыцыя, у іх была атрута з самой -- яны прыйшлі, яны яму зубы загаворвалі, але яны пабаяліся пакласьці ампулу».

Сам Гардзіеўскі прытрымліваецца іншай вэрсіі, якую ён выклаў у інтэрвію газэце Times. Паводле газэты і Гардзіеўскага, быў яшчэ адзін чалавек, якога завуць Уладзіслаў, які прысутнічаў 1 лістапада на сустрэчы Літвіненкі з Лугавым і Коўтунам і які і падклаў атруту. Паводле зьвестак газэты, гэты чалавек падарожнічаў з падробным пашпартам, нібыта ягоны фотаздымак, зроблены камэрамі бясьпекі ў лёнданскім аэрапорце, мае брытанская паліцыя.

Сьледчыя адмаўляюцца пацьвердзіць ці абвергнуць вэрсію выданьня. Яснасьці ў расьсьледаваньні гэтай справы няма, здаецца, з цягам часу, яно яшчэ больш заблытваецца.

Днямі прадстаўнікі амэрыканскага камітэту абароны журналістаў абнародавалі важную інфармацыю па іншым гучным забойстве – журналісткі “Новой газеты” Ганны Паліткоўскай. Кіраўнік камітэту Джоэль Сайман распавёў, што прадстаўнік расейскага МЗС падчас сустрэчы з сябрамі дэлегацыі журналісцкай праваабарончай арганізацыі сказаў, што пракуратура вядзе дасьледаваньне аб магчымай датычнасьці да забойства журналісткі супрацоўнікаў міліцыі. З заявы чыноўніка было незразумела, ідзецца пра прадстаўнікоў расейскай ці чачэнскай міліцыі.

І расейскі, і чачэнскі ўрады адразу ж абверглі паведамленьне прадстаўнікоў камітэту абароны журналістаў. Аднак Джоэль Сайман паведаміў, што заяву расейскага чыноўніка чулі некалькі сябраў дэлегацыі. Паводле спадара Саймана на іх гэтая інфармацыя якраз зрабіла добрае ўражаньне, бо сьведчыла пра тое, што расьсьледаваньне справы ідзе.
XS
SM
MD
LG